У Астраўцы адкрылі памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча

Двухсотгадовы юбілей слаўнага сына Беларусі Іосіфа Гашкевіча святкаваў увесь свет. Генеральная Асамблея ЮНЕСКА ўключыла яго ў Спіс памятных дат на 2014 год.

На мінулым тыдні ў Астраўцы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 200-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка, – на вуліцы, названай у яго гонар, быў адкрыты памятны знак.

Выпускнік Мінскай і Санкт-Пецярбургскай духоўных семінарый, Гашкевіч стаў першым расійскім консулам у Краіне ўзыходзячага сонца. Менавіта дзякуючы выхадцу з Беларусі было падпісана першае пагадненне аб міры паміж Расіяй і Японіяй, быў заключаны першы дагавор аб гандлі і ўзаемаадносінах, адкрыты школы і бальніцы.

Як далёка ні закідвала Іосіфа Антонавіча лёс, родная зямля клікала да сябе, таму пасля выхаду ў адстаўку ён пасяліўся ў сваім маёнтку паблізу Астраўца, у вёсцы Малі, дзе заняўся працай над кнігай «Аб каранях японскай мовы», апублікаванай пасмяротна ў 1899 годзе.

Імя Іосіфа Антонавіча Гашкевіча ўвекавечана на геаграфічнай карце свету: у яго гонар названы заліў у Паўночнай Карэі. У Беларусі дзейнічае Таварыства «Памяць пра І.А. Гашкевіча», створаны япона-беларуска-рускі фонд. Адна з вуліц Астраўца названая яго імем.

Прыгожым завяршэннем Года Гашкевіча з’явілася адкрыццё на гэтай вуліцы памятнага знака. Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалько і сталічны скульптар Аляксандр Сяргеевіч Шомаў, які стварыў гэты знак, урачыста перарэзалі стужку, і перад вачыма тых, хто сабраўся, паўстала цікавая скульптурная кампазіцыя – вытанчаная даніна павагі нашаму вялікаму земляку.

- Нам пашчасціла быць землякамі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, і мы будзем старацца, каб памяць аб ім захавалася для нашых нашчадкаў, – адзначыў у сваім выступе Адам Дзмітрыевіч. – Нам трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць у гэтым кірунку. Я спадзяюся, што пройдзе нейкі час, і ў Астраўцы адкрыецца музей памяці Іосіфа Гашкевіча, з’явіцца магчымасць праводзіць міжнародныя сустрэчы, канферэнцыі ягоных прыхільнікаў і паслядоўнікаў.

- За мастака звычайна гавораць яго творы, – сказаў на ўрачыстым адкрыцці аўтар памятнага знака, скульптар Аляксандр Сяргеевіч Шомаў. – І мне прадставілася ўнікальная магчымасць стварыць вобраз у адпаведнасці са сваім стаўленнем да Усходу, да яго культуры. Думаецца, я змог адлюстраваць Іосіфа Антонавіча Гашкевіча такім, якім яго памятае астравецкая зямля.

У верасні гэтага года ў Хакадаце ў пабудаваным Гашкевічам храме Уваскрэсення Хрыстова была адслужана памінальная літургія. Памінальная служба па Іосіфу Антонавічу, прайшла і ў Астраўцы, у храме святых апосталаў Пятра і Паўла.

Настаяцель храма протаіярэй Георгій Савіцкі асвяціў памятную дошку са словамі малітвы аб тым, каб Гасподзь прыняў душу Іосіфа Гашкевіча ў вечную абіцель і яго праца не засталася марнай.