Фестываль беларускай песні ў Калінінградзе

Фестывалем беларускай песні завяршылі год сябры Беларускага культурнага таварыства ў Калінінградзе. Імпрэза адбылася ў абласным цэнтры. 22 лістапада музыкі нашага горада: ансамбль цымбалістаў пад кіраўніцтвам Любы Кастраміной, ансамбль “Чырвоны касцёл”, аўтар і выканаўца Святаслаў Хоміч, а таксама актывісты таварыства прымалі гасцей у “Цэнтры сучаснага мастацтва” Калінінграда. Імпрэза была прысвечаная слаўнай падзеі нашай гісторыі - пятісотгоддзю аршанскай бітвы.

“Цвіком” праграмы стаўся выступ нашых гасцей - гурта “Крама”, каторы ўпершыню даваў канцэрт перад калінінградскай публікай. Разам са старымі хітамі адбылася прэм’ера новага альбома “Белая вада”. Майстэрста Ігара Варашкевіча і яго каманды здолела разагрэць публіку да патрэбнай тэмпературы. Такія хіты як “Хавайся ў бульбу”, “Бяжы, хлопец”, “Выпі са мной да дна” гурт спяваў разам з залай.

Перадаем падзяку кампаніі “Белавія”, якая зрабіла нам мінімальны таріф на пералёт гурта. Дзіўную пазіцыю займае аддзяленне пасольства РБ у Калінінградзе ў асобе кіраўніка спадара Гарбаценкі, якое ігнаруе беларускія імпрэзы, але бывае на ўкраінскіх. Тым не менш, Беларусь жыве і будзе жыць. З Калядамі і Новым Годам!

Ігар Шаховіч