Лонданскія беларусы святкавалі 100-годдзе свайго біскупа

У нядзелю 7 снежня беларуская грамада ў Лондане святкавала 100-годдзе з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. Да гэтай даты было прымеркаванае ўрачыстае багаслужэнне і прэзентацыя кнігі выбраных твораў а. Аляксандра Надсана, які ў 2012 г. напісаў біяграфію біскупа.

Біскуп Сіповіч стаяў у вытокаў беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі, якім яно было на працягу ўсіх пасляваенных гадоў і якім застаецца дагэтуль. Ён быў выдатным арганізатарам і лідарам — сузаснаваў Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), Англа-беларускае таварыства, Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане, Беларускую каталіцкую місію і «беларускую вёску» (як часта называюць некалькі дамоў ў раёне Фінчлі ў паўночным Лондане) вакол яе. Усе гэтыя арганізацыі і ўстановы існуюць дагэтуль і гуртуюць нашых суайчыннікаў на Імглістым Альбіёне.

Біскуп Сіповіч,як ніхто іншы папулярызаваў веды пра Беларусь у брытанскім грамадстве. У Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане захоўваюцца здымкі сустрэчаў біскупа з многімі выбітнымі фігурамі, у т.л. Маргарэт Тэтчэр.

Біскуп Сіповіч быў адзіным беларускім удзельнікам Другога Ватыканскага сабору (1964—1968) – паваротнага кангрэсу, які вызначыў сучасны характар Каталіцкай Царквы.

Кранальным і нечаканым момантам святкавання стала праслухоўванне запісу аднаго з апошніх казанняў біскупа. Гэты запіс захаваўся ў беларускай Скарынаўскай бібліятэцы на магнітафоннай касеце, якой ужо 33 гады.

Пасля багаслужэння прысутным была прадстаўлена кніга а. Аляксандра Надсана, якая выйшла зусім нядаўна ў Мінску ў зялёнай серыі «Беларускага кнігазбору». Сам аўтар не змог прэзентаваць сваю кнігу праз хваробу, таму пра яе гаварыў а. Сяргей Стасевіч, які разам з укладальніцай Ірынай Багдановіч з Акадэміі навук прэзентаваў том выбраных тэкстаў у Беларусі. Ён казаў пра тое, што а. Надсан – выдатны перакладчык біблійных і літургічных тэкстаў, скарыназнаўца і царкоўны гісторык. Ён таксама заўважыў, што англамоўная спадчына а. Надсана яшчэ чакае больш поўнай публікацыі і інтарэс да яе будзе значны, бо, сярод іншага, а. Аляксандр зрабіў грунтоўны ўнёсак у ісламазнаўства, бо адкрыў англамоўнаму свету спадчыну беларускіх татараў.

Брытанскія беларусы запланавалі яшчэ некалькі падзей на найбліжэйшыя тыдні — Дзень вышыванкі (14 снежня), паказ фільма «Жыве Беларусь» у цэнтральным Лондане (15 снежня) і калядную батлейку для дзяцей і дарослых (20 снежня). Падрабязней пра іх можна даведацца на сайце брытанскіх беларусаў belarusians.co.uk.

Прысутны