Шэраг прадстаўніц беларускіх дыяспар ушанаваны за актыўную грамадскую дзейнасць

Уявіце сабе: на першай старонцы тальяцінскай гарадской газеты “Площадь свободы” за 14 лістапада — беларускія словы: “Гаспадыня беларусачка”. На яркай падкладцы, вялікім шрыфтам. Там жа і здымак вядомай нашым чытачам суайчынніцы ў прыгожым беларускім строі з сынам Сяргеем Шылкіным і, здаецца, унучкай. І яшчэ словы па-руску: “Людміла Дзёміна па праве ўдастоена звання “Жанчына Аўтаграда 2014 года”.

Людміла Дзёміна з сынам Сяргеем і яго сям’ёй святкуюць Дзень Перамогі ў Тальяці

Цёплы, насычаны фактамі тэкст журналісткі Ларысы Агішавай “Гаспадыня беларусачка” далей — амаль на ўсю 13-ю паласу, ілюстраваны прыгожымі здымкамі беларусаў Тальяці. Мы даведваемся, што “кіраўніцу беларускай суполкі Тальяці Людмілу Дзёміну даўно ведаюць у горадзе як творчага чалавека і нястомнага грамадскага дзеяча”. Яна ж стваральніца і кіраўніца гурта “Купалінка”, член грамадскага савета пры гарадской думе. Расказваецца, што Дзёміна — удзельніца мноства гарадскіх і міжнародных сацыяльных праектаў, мае ганаровае званне “Гаспадыня-беларусачка” ад Бацькаўшчыны, а сёлета ўшанавана ў Тальяці як “Жанчына Аўтаграда 2014 года”. “Энергічная, прыветлівая жанчына піша вершы, сцэнары, артыкулы для газет, арганізуе шматлікія мерапрыемсты, прадумваючы пры тым усе дэталі”, — і гэта пра нашу зямлячку з Бабруйска. Якая, прадаўжае журналістка, сваю любоў да беларускай зямлі і народнай творчасці перадае дзецям і ўнукам. Як вядома, сын спадарыні Людмілы Сяргей Шылкін — арганізатар дзіцячага ансамбля беларускай песні “Зорачкі”, у якім, дарэчы, спяваюць 15-гадовы Віталь і 6-гадовая Марыя Шылкіны. Вось дзе моцны сплаў і роднага, і народнага!

Невялічкае адступленне. Неяк у рэдакцыю даносілася незадаволенае вуркатанне: маўляў, як ні разгорнеш газету — то ўсё Дзёміна ды Шылкін… А цяпер скажыце, шаноўныя актывісты з беларускіх суполак замежжа: хто з вас гэтаксама, як Дзёміна, сваіх дзяцей і ўнукаў далучыў да беларускіх справаў? Дарэчы, на пытанне тальяцінскай журналісткі, як у яе на ўсё хапае часу, Дзёміна адказвае: “Калі любіш справу, якой займаешся, то заўсёды знойдзеш час. Мой рабочы дзень пачынаецца ў 7 раніцы і заканчваецца за апоўнач. І так увесь рабочы тыдзень”. Мы ж будзем і надалей падтрымліваць тых, хто гэтак самааддана ў замежжы працуе на карысць Бацькаўшчыны, на яе станоўчы імідж. Рэалізуйце цікавыя праекты, актыўней “будзіце” суродзічаў, якія забыліся пра свае карані, заваёўвайце ўзнагароды і ганаровыя званні — і слава вас таксама знойдзе!

Далучаемся да вінша­ванняў. Шчасця Вам і надзейных сяброў, Гаспадыня-беларусачка і Жан­чы­на Аўтаграда! І паменш зайздрос­нікаў...

Ніна Кабанава: падзяка ад Пасольства

Вялікую дзейнасць разгарнулі нашы суайчыннікі і ў Новасібірску. Там, як вядома, ёсць Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у імя святой Еўфрасінні Полацкай і Новасібірскі цэнтр беларускай культуры. Наколькі нам вядома, дзейнічаюць яны паралельна. Што ж, іх выбар: абы на карысць Айчыны. Пра справы абодвух цэнтраў шмат інфармацыі ў інтэрнэце. Заслугоўвае павагі і карпатлівая праца Людмілы Шчаслівенкі ды Аляксандра Лагуценкі, якія аператыўна, з добрым гумарам падаюць на сваім сайце фотасправаздачы з тэкстамі пра сустрэчы, фестывалі, ушанаванні суайчыннікаў, якія ладзяць у Святаеўфрасіннеўскім цэнтры. Цікава з новасібірскай глыбінкі пісала, пабываўшы там у суродзічаў-беларусаў, журналістка газеты “Звязда” Надзея Дрыла. Яна ж данесла чытачам хвалюючую гісторыю пра тое, як пры пасрэдніцтве Людмілы Шчаслівенкі ўнучка з Сібіры знайшла родзічаў у Пастаўскім раёне — праз амаль паўстагоддзя! Тэксты ёсць у інтэрнэце: шукайце, чытайце. Мы ж хочам тут павіншаваць руплівую дырэктарку Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніну Кабанаву. Пра справы Ніны Васілеўны і яе аднадумцаў, у тым ліку таленавітай спявачкі Анастасіі Трубянковай, часта паведамляем. Піша ў газету адтуль пераважна журналістка-беларуска Людміла Бяляўская. З яе тэкста, што змешчаны ў гэтым нумары, мы і даведаліся: Ніна Кабанава атрымала нядаўна падзяку Пасольства Беларусі ў Расіі, якую ўручыў ёй Пасол Ігар Петрышэнка. Гэта вялікі гонар. Віншуем, Ніна Васілеўна!

Людміла Урванцава: Гран-пры фестывалю і дыплом ад абласной бібліятэкі

У ліку беларускіх суполак, пра дзейнасць якіх мы часта расказваем — і “Бацькаўшчына” з Кургана. Цяпер у рабоце цікавы тэкст пра палкоўніка дзяржбяспекі Паўла Уладзімірава, які пад час вайны пад псеўданімам “Вихрев” кіраваў разведвальна-дыверсійнай групай у тыле ворага, на Міншчыне. Пасля вайны працаваў ў Мінску, прадаўжаў службу у Кургане. Людміла Урванцава даслала кнігу пра яго з серыі “Зауральцы — “невядомыя” героі Вялікай Айчыннай”. А нядаўна суродзічка паведаміла, што ў Кургане прайшоў гала-канцэрт дзявятага гарадскога Фэсту нацыянальных культур “Вянок дружбы”. Дарэчы, у горадзе жывуць прадстаўнікі 108 нацыянальнасцяў. А Гран-пры фестывалю ў старэйшай узроставай групе ўдастоены Нацыянальны цэнтр беларусаў Зауралля “Бацькаўшчына”. Малайцы, суродзічы! Яшчэ спадарыню Людмілу і яе паплечнікаў ушанавалі дыпломам — за іншую добрую справу. На дыпломе чытаем: “Узнагароджваецца Людміла Рыгораўна Урванцава, старшыня Курганскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля “Бацькаўшчына” і Народны ансамбль беларускай песні “Журавачка” — за актыўны ўдзел у абласным фестывалі сельскіх бібліятэк “Жыві, расійская глыбінка!” Дыплом падпісала дырэктар абласной бібліятэкі імя А. Югава Вольга Філімонава.

Любоў Адаскевіч: медаль ад губернатара

Спадарыня Любоў Адаскевiч — не толькі старшыня грамадскай нацыянальна-культурнай аўтаномii беларусаў Томскай вобласцi. Яна і дырэктарка Муніцыпальнай бюджэтнай установы дадатковай адукацыі дзяцей Дом дзяцінства і юнацтва “Факел” з 2001 года. Нядаўна суайчынніца даслала тэкст пра Дзень беларускай лялькі ў Томску. Зямлячка згадала, што “атрымала нядаўна за добрую працу медаль у сувязi з 70-годдзем Томскай вобласцi з рук губернатара”. Даслала здымкі. “У 2015-м будзе 15 гадоў маёй дзейнасцi ў беларускай дыяспары вобласцi, — паведамляе зямлячка. — Гэтыя здымкi — маленькая частка майго жыцця”. На пытанне, чаму нашы чытачы мала інфармаваныя пра справы беларусаў Томска, прызналася: бясконцыя справы на асноўнай рабоце закружылi, таму i не пiша нiкому. “Але цiкавых спраў шмат, нешта ўсё робiм, і намi вельмi цiкавяцца ў Томску”. Паведамляе Л. Адаскевіч і цікавую інфармацыю пра міні-скульптуры — малую кераміку Ігара Лебедзева. Пра ўраджэнца Магілёва мы пісалі ў артыкуле “Творы нараджаюцца ў агні” (18.11.2010). Калі майстра не стала, каштоўную калекцыю часткова ўдалося ўратаваць. Мяркуем, творам земляка знойдзецца месца ў беларускіх музеях. Пакуль жа, па словах Любові Аляксандраўны, “частка твораў жыве ў мяне ў кабiнеце на рабоце”. ...Усіх актывістаў беларускіх суполак, гэтай восенню ўшанаваных, і не пералічыць. Хочацца ўсім нагадаць вядомы выраз: напісанае — застаецца. У кожнай суполцы ёсць людзі, здольныя ўзяць на сябе ролю летапісцаў. Пішыце! У рэдакцыі з увагай паставяцца да вашых паведамленняў. Такое супрацоўніцтва, мяркую, дасць добры плён.

Іван Ждановіч, "Голас Радзімы"