Літаратурная сустрэча на Дзяды ў Рызе

На восеньскія Дзяды, 2 лістапада, сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”  запрасілі да сябе гасцей з Беларусі - Сяргея Панізніка і Алену Масла, якія падчас літаратурнай сустрэчы з латвійскімі беларусамі прадставілі дзве кнігі. Першая - гэта энцыклапедычны даведнік “Сузор'е беларускага памежжа”, выдадзены сёлета ў Мінску. У ёй - больш за 1650 прозвішчаў беларусаў, сярод якіх ёсць і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, і Аб'яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, і іншых беларускіх дзеячаў Латвіі. Нямала каго з гэтых асоб ужо няма сярод нас, як, напрыклад, Пятра Масальскага, чыё імя таксама ўвайшло ў даведнік. Кніга латышскіх народных казак у яго перакладах, якая атрымала назву “Добрыя лекі”, выйшла летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, і яе таксама прадставілі “сьвітанкаўцам” і вучням беларускай школы ў Рызе.

Алена Масла і Сяргей Панізнік

Пачалася сустрэча з малітвы за беларускі народ “Магутны божа”.  Затым у памяць аб продках запалілі свечкі.

Сяргей Панізнік разам з мастаком Вячкам Целешам апавялі пра кнігу “Сузор'е беларускага памежжа”. Абодва зрабілі немалы ўнёсак у працу над ёй, падрыхтаваўшы звесткі пра некаторых латвійскіх беларусаў. Рэдактар гэтага даведніка - вядомы беларускі публіцыст, прафесар Адам Мальдзіс.

Сяргей Панізнік і Вячка Целеш

Некаторыя з асоб, згаданых у гэтай кнізе, таксама завіталі на сустрэчу - напрыклад, 88-гадовая Наталля Цімаховіч, доктар фізіка-матэматычных навук, перакладчыца. Яна ніколі на гістарычнай радзіме не была, але выдатна гаворыць па-беларуску.

Гучалі падчас сустрэчы імёны многіх выбітных беларускіх дзеячаў Латвіі, якіх ужо няма сярод жывых. Напрыклад, імя паэта Эдварда Вайвадзіша з-пад Індры, якога ва ўзросце 100 гадоў прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Або імя Веры Вайцюлевіч, якая пісала пад псеўданімам Вера Гаротная. Для яе творчага шляху вырашальнай была сустрэча з Янам Райнісам, дзякуючы якой здзейснілася выданне яе першага паэтычнага зборнічка, што ўключаў пяць яе вершаў у двух версіях - па-беларуску і ў перакладзе на латышскую. Згадваўся і Кастусь Езавітаў, які, апынуўшыся ў Латвіі, распачаў там сярод этнічных беларусаў грандыёзную культурна-асветніцкую дзейнасць. Казалася пра Надзею Нікалаеву-Комісар, Леаніда Коваля, Барыса Кастаненку ды многіх іншых выдатных беларускіх дзеячаў у Латвіі.

А Пятру Масальскаму, які як паэт вядомы таксама пад псеўданімам Пятро Сакол, і ўвогуле была прысвечаная ўся другая частка праграмы. У наступным годзе споўніцца 110 гадоў з дня яго нараджэння. А летась у серыі “Казачны свет” выйшла кніга латышскіх народных казак у яго перакладзе з арыгіналу, аздобленая выдатнымі ілюстрацыямі Марыі Каратаевай. Укладальнік Сяргей Панізнік нагадаў, што ў 1994 годзе ўжо выходзіў зборнік латышскіх народных казак, але яны ў асноўным былі перакладзеныя з рускай мовы. У перакладах Масальскага ж, якія рабіліся з арыгіналу, у тую кнігу ўвайшлі толькі пяць казак.

Пятро Масальскі. Здымак Сяргей Панізніка

Дарэчы будзе згадаць, што казкі - не адзіныя фальклорныя творы, якія пераствараў па-беларуску Пятро Масальскі. Ён вядомы і сваімі перакладамі дайнаў - караценькіх латышскіх народных песень. Упершыню некалькі гэтых дайнаў па-беларуску былі апублікаваныя ў часопісе “Далягляды” ў 1979 годзе (праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля таго, як самі пераклады былі зробленыя). А “першаадкрывальнікам” перакладчыка Пятра Масальскага быў Арсень Ліс - менавіта дзякуючы яму з’явілася тая публікацыя. Але хацелася і больш грунтоўнага выдання ў выглядзе кнігі. Гэтаю справаю заапекавалася Мірдза Абала - літаратуразнавец, перакладчыца і беларусіст. Яна звярнула ўвагу, што ў беларускім варыянце Масальскага, у адрозненне ад арыгіналу, дайны былі рыфмаваныя. Пятро Масальскі перапрацаваў пераклады, і ў выніку ў 1987 годзе (ужо пасля яго смерці) выйшаў зборнік “Дайны”.

На вечарыне выступіла і нявестка Пятра Масальскага, спадарыня Галіна Масальская. Яна расказала, як шмат, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, працаваў яе свёкр - нярэдка да позняй начы. Галіна Інакенцьеўна атрымала ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» некалькі асобнікаў кнігі “Добрыя лекі” і падаравала гэтыя кнігі Рыжскай Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы.

У гэтай школе госці з Беларусі таксама выступілі перад дзецьмі. Рэдактар гэтай кнігі, пісьменніца Алена Масла, нагадала, што гэта першая дзіцячая латышская кніга, якая была выдадзена ў Беларусі за апошнія 20 гадоў. Цяпер і беларускія дзеткі ў Рызе змогуць пачытаць народныя казкі краіны, дзе жывуць, на матчынай мове.

Сустрэча з Аленай Масла, якая прыехала ў Рыгу ўпершыню, атрымалася захапляльнай  і для дзяцей, і для дарослых. Гэта нядзіўна: Алена Масла - адна з самых яркіх беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей ды падлеткаў. Яе кнігі перакладаліся на розныя мовы і атрымлівалі шмат прэміяў.

Таксама спадарыня Алена перадала кніжныя падарункі для Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, для бібліятэкі таварыства “Сьвітанак”, а таксама для Цэнтра дзіцячай літаратуры пры Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы.

Сустрэча з беларускімі пісьменнікамі на Дзяды ў Рызе стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Латвіі і візавай падтрымцы Беларускага інфармацыйнага цэнтра. Таварыства “Сьвітанак” выказвае таксама падзяку за удзел у сустрэчы прадстаўнікам Амбасады РБ у Латвіі Саветніку-пасланніку Амбасады Яраславу Міцкевічу і Першаму сакратару Аляксандру Сушкевічу.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Здымкі - svitanak.lv і з архіва Сяргея Панізніка