Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Сімвалы Беларусі

З'едзьце з краіны на 30 гадоў, а потым вазьміце свае старыя паштоўкі і паглядзіце, што вам нагадвае пра вашу Радзіму. Для сібірскіх беларусаў усё вельмі проста. Для нас Беларусь - гэта тое, чаго няма тут, у Прыбайкаллі, гэта тое, што робіць наш край шчымліва пазнавальным. Я нарадзіўся ў Беларусі. Але ў 17 гадоў з'ехаў, яшчэ за савецкім часам. Я ведаю, чым мне дарагая Беларусь. Але самае галоўнае, што моладзь, якая нарадзілася ў Сібіры і мае беларускія карані, таксама па расповедах сваіх бацькоў і дзядоў ведае, што такое Беларусь! Вам распавесці, што сімвалізуе для нас наша гістарычная радзіма?

Калі ласка!

З птушак –  гэта бусел! Яго ў Сібіры няма, а ў Беларусі амаль у кожнай вёсцы ёсць буслянка. І я памятаю, як мы ў дзяцінстве перажывалі, ці прыляціць бусел у гэтым годзе ў сваё гняздоўе. Калі прыляціць, то ўсё будзе добра ў нашым паселішчы. Ён як абярэг для сялян. Нават загадвалі: калі ўвесну першы раз убачыш бусла, калі ён ляціць, то пашчасціць, а калі ён будзе стаяць у полі, то засцерагайся… А як гучна крычалі ўдзельніцы гурта "Крывічы", калі першы раз прыехалі ў Беларусь на гастролі! Яны ўсе нарадзіліся ў Сібіры, і калі убачылі жывога бусла з акна аўтобуса, дык закрычалі ад шчасця! Я аж напужаўся. Але для іх гэта паказальна, бо значыць, яны прыехалі ў Беларусь!

Са звяроў – гэта зубр і вожык. Зубр – волат, магутснасць. Вожык – мудрасць. З дзяцінства мяне вучылі не шкодзіць вожыку. У Сібіры гэтых жывёл няма. Таму нашы дзяўчаты так марылі пабачыць гэтых жывёл. Камусьці пашчасціла.

Далей скарачона, без эмоцый:

З гадаў – вужака.

З рыб – вугар.

З дрэў – дуб, каштан, ляшчына (памятаю, як я Волі паказваў, як расце арэх ляшчыны, то бок фундук, на дрэве…) Гэтых дрэў у Сібіры няма. Але ёсць самае галоўнае і дарагое для беларусаў Сібіры дрэва – гэта чырвоная рабіна. Вы ведаеце, калі я ездзіў па беларускіх вёсках Прыбайкалля, выпадкова звярнуў увагу, што толькі ў беларускіх вёсках ёсць “палісаднікі” – адгароджаная прастора між хатай і вуліцай, у якіх пасаджаны кветкі і… чырвоная рабіна. Сібір у гэтым плане паказальная, бо тут, калі вандруеш, бачыш розныя паселішчы, і таму можна лёгка параўноўваць. Дык вось пачаў я распытваць старажылаў: а чаму рабіна? І вось што пачуў: “Нашы продкі сто гадоў таму падчас Сталыпінскай рэформы, з’язджаючы з Беларусі, бралі з сабой не толькі асабісты скарб, але і насенне, і сажанцы дрэў. Але не ўсё прыжылося. А чырвоная рабіна прыжылася”. Болей за тое, старажылы лічаць, што рабіна аберагае хату. Яна распаўсюджвае добрую сілу, дае станоўчую энергію. Таму яе беларусы і саджаюць. І гэтым нашы вёскі адрозніваюцца ад іншых.

З пасяўных культур на першым месцы лён. О, гэтая культура такая важная для беларусаў! Толькі яны яе прывезлі ў Сібір. На жаль, цяпер у Прыбайкаллі ўжо ніхто не сее лён, нават у беларускіх вёсках, але і дагэтуль шмат хто захоўвае семя лёну і з гонарам паказвае, як яно выглядае. А колькі цікавых гісторый мне распавядалі пра гэтую культуру, пра яе значэнне і сілу!

Таксама шануюць беларусы Прыбайкалля і жыта. Яго цяпер мала хто сее ў Сібіры, бо яно не вытрымлівае зіму. Цяпер вывелі добрыя сарты сібірскай пшаніцы. Але ёсць яшчэ гаспадары, фермеры, якія традыцыйна сеюць жыта.

Са страваў я б адзначыў клёцкі (калдуны), бабку і поліўку. Амаль у кожнай сібірскай беларускай вёсцы вам распавядуць, што гэта нашы адметныя стравы. Ну, дранікі, безумоўна, але без мукі. Толькі бульба, яйка і цыбуля – вось гэта беларускія дранікі.

І ўсё ж на першым месцы для нас – галоўная адметнасць беларусаў, нашая нацыянальная вышыўка. Старыя строі, старажытныя ручнікі! Вох, колькі я іх пабачыў у сваіх вандроўках па беларускіх сібірскіх вёсках! З якой пяшчотай захоўваюць у сем’ях гэтыя сімвалы.

Цяпер у кожнага актывіста беларускага руху ў Прыбайкаллі ёсць свой строй! І калі якое свята альбо нас запрашаюць кудысьці, мы апранаем свае строі. Іркуцк нас ужо ведае. Адразу кажуць – вунь беларусы пайшлі!

Ну а для тых, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны, безумоўна святымі сімваламі ёсць Пагоня і бела-чырвона-белы сцяг. Бо гэта нашымі продкамі абрана і крывёю адзначана ў шматлікіх бітвах за наш край.

Алег Рудакоў

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.