Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Сяргей Макарэвіч. «Народ наш на зямлі не лішні…».

16 лістапада, споўнілася б 89 гадоў Кастусю Акулу. Каб успомніць пра яго, не абавязкова чакаць круглых дат — раз на пяць-дзесяць гадоў.

Фота bielarus.org.

Восем гадоў я адкладаў паездку ў гэтую вёску. Штогод, калі прыходзіла лета, узгадваў пра намер, але адкладаў. А як не з’ездзіў першы раз, другі, тады ўжо цяжка здзейсніць. Спачатку хацеў наведацца ў тыя Верацеі, каб зрабіць фотаздымкі родных мясцінаў для пісьменніка. Ён не быў на радзіме дваццаць гадоў. А да таго за паўвека толькі двойчы здолеў сюды наведацца. Яму было б прыемна. Але пакуль быў студэнтам, то не было сваёй машыны. Калі скончыў універсітэт, а машына з’явілася, пісьменніка ўжо не было сярод жывых.

…Мне было шаснаццаць гадоў, калі я пачуў, што ў сябра ёсць нейкі сваяк у Канадзе. Больш за тое, ён — пісьменнік. Для дзесяцікласніка, які толькі пачаў свядома захапляцца беларускай літаратурай, гэта было нешта незвычайнае. У сябра была мянушка — Акула. І я не разумеў, за што яго так называлі. Аказалася, што прозвішча ягонага сваяка з Канады — Акула. Кастусь Акула.

Ірына Варабей і Кастусь Акула. Фота bielarus.org.

Я папрасіў у сябра адрас пісьменніка і напісаў яму вялікі ліст. І прыйшоў адказ. А з кароткім лістом — і кніга «Усякая ўсячына». Гэта не наймацнейшая кніга аўтара. Але пра гэта я змог для сябе сказаць праз гады, калі прачытаў ужо ягоныя «Змагарныя дарогі», «Дзярлівую птушку», «Заўтра ёсць учора»… А тады тая кніжачка з аўтографам для мяне стала вялікім скарбам.

Я напісаў другі ліст пісьменніку, трэці… І адказы прыходзілі. Задаваў банальныя пытанні. Больш пытаўся пра біяграфію. Нават тады, у пачатку 2000-х, не было дзе прачытаць які грунтоўны артыкул пра Акулу. І ён пісаў. Не шмат, але адказваў.

Лістоў ад Акулы было пяць. Здаецца, я пісаў яму больш, але не на ўсе допісы атрымаў адказы. Цяпер, калі я ведаю пра Акулава жыццё значна больш, прыкра, што часам быў надта настойлівым, нетактоўным. Але ў лістах Акула паўставаў чалавекам валявым, а менавіта са старонак аўтабіяграфічнай кнігі «Усякая ўсячына» — прынцыповым, нават жорсткім у пэўных сітуацыях.

А школьнік пытаўся ў яго пра жыццё, пра сям’ю… Вось пра сям’ю ён нічога не адказваў: «навошта вам гэта ведаць?» Думаў, што гэта ўсё праз яго закрытасць. Сапраўды, праз закрытнасць, прычына якой хавалася ў сямейнай трагедыі.

***

Калі я нарэшце сабраўся ехаць у Верацеі, пісьменнік ужо памёр. Яго не стала 29 студзеня 2008 у Таронта. Нарадзіўся ж Кастусь Акула (Аляксандр Качан) 16 лістапада 1925 года. Ужо і не прыспешвала нічога.

Верацеі знаходзяцца ў Докшыцкім раёне. І хаця сам пісьменнік у сваіх творах, публіцыстыцы дае канкрэтнае ўказанне на месцазнаходжанне вёскі — «на паўночным чубку Докшыцкага раёна, каля бальшака на Глыбокае», — але ў ягоных біяграфіях (напісаных нават краязнаўцамі-землякамі) зроблена прыкрая памылка. Верацеі знаходзяцца не ў Бягомальскім пасялковым савеце, як пра гэта часта сцвярджаюць, а ў іншым баку, каля самай Крулеўшчыны. Вёсак з такой назвай дзве ў раёне. Але дастаткова нават ведаць крыху гісторыі, каб тое-сёе з біяграфіі пісьменніка супаставіць: Бягомль быў у савецкай Беларусі, Крулеўшчына — на польскім баку.

…Май 2013. Я праехаў з канца ў канец невялікай вёскі: шукаў людзей на падворках. Нікога не было акрамя дзяцей, што гулялі ў мяч на вуліцы.

— Дзе тут жывуць Качаны?

— Мы — Качаны, — адказаў большы з іх, хлапчук гадоў дванаццаці.

– А дзе ваш дом?

Той жа хлапчук махнуў рукой.

«І дзе ж тут тая вялікая хата, якую пабудаваў Ігнат Качан?» — падумалася. Бо па ўспамінах Акулы, палову хаты бацька здаваў польскай гміне пад школу, у іншай жыла вялікая Качанова сям’я. У той школе, між іншым, пачаў спасцігаць навуку і Аляксандр.
 

Дом Качаноў у Верацеях, нашы дні.

Кастусь Акула каля бацькоўскай хаты, пачатак 1990-х.

Але доўга не раздумваў, зайшоў у двор. Паднялася жанчына: адразу і не заўважыў, што нехта сядзіць у гародчыку.

— Добры дзень, ці Ваш гэта сваяк Аляксандр Качан… Пісьменнік Кастусь Акула?

— Гэта дзядзька майго мужа. А што такое?

Патлумачыў, што ліставаўся з Акулам. І вось заехаў паглядзець на яго дом.

У хаце жыве ўдава аднаго з Акулавых братоў. Крэўных пісьменніка нікога не засталося ўжо. Хаця сям’я была вялікая — васьмёра дзяцей. Маці Паўліна (1892-1939), праўда, памерла за некалькі тыдняў да прыходу другіх Саветаў у Заходнюю Беларусь. Яе пахавалі на віленскіх Росах (відаць, яна была ў бальніцы ў Вільні). Аляксандр, калі падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адшукаў яе магілу. Але пасля яна згінула назаўжды.

Не ўсе браты і сёстры выжылі, відаць, як тое часта здаралася ў вялікіх сем’ях — нехта памёр у дзяцінстве. Але сёння ўжо ніхто не ведае дакладна, як там было.

На могілках у Верацеях можна адшукаць яшчэ магілы кагосьці з Качаноў: Канстанцін Качан (1930-1990) — брат, Лізавета Бурэнь (у дзявоцтве Качан) (1934-2003) — сястра… На помніку сястры, з адваротнага боку, надпіс: «Святая Еўфрасіння Полацкая, Наша Нябесная Заступніца, Маліся Богу за нас. Кастусь Акула». І побач стаіць помнік бацькам. Сімвалічны. Бо магіла бацькі, як і маці, невядомая. Ігнат (1885-1951) згінуў у турме ў Барысаве.


Акула, здаецца, нідзе ў сваіх успамінах не пісаў, за што арыштавалі бацьку. Выглядала, што падставай магла стаць калі не вучоба сына ў Школе афіцэраў Беларускай краёвай абароны, то тая польская школка. Не, сваякі кажуць пра іншае. Працаваў Ігнат у краме, і падчас адной з рэвізій выявілі недастачу. Арыштавалі. І ў турме памёр. Ці так было сапраўды, адказу трэба шукаць у архівах спецслужбаў. Але ў спісах рэпрэсаваных, што друкаваліся ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Докшыцкі раён», Ігната Качана няма…

Ігнат Качан

«Першай зімой, як вызваліла нас ад усялякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмі і гаспадаркай. Акупант вычысціў у свіране аруды. Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацвёртай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кіламетры мястэчка. Ад другое гадзіны па абедзе да восьмае вечарам наведваў я ў тым жа мястэчку савецкую школу, а раніцай бегаў за хлебам», — прыгадваў пераломны час сам Акула.

…А дом Ігната Качана сыны падзялілі на два — другая палова стаіць праз дарогу. Сёння ў ім жыве ўдава другога брата пісьменніка.

***

«Неяк выходжу раніцай на двор, а дзядзька ляжыць на зямлі з фотаапаратам. «Дзядзька, што вы робіце?» — пытаюся. – «Здымаю ганак, з якога я ў людзі пайшоў», — прыгадаў адзін з Акулавых прыездаў у Верацеі пляменнік Алег. І ў гэтым ці не ўся сутнасць Акулы. Любіў Беларусь. І зацята аддаваў сілы ёй.

Акула ў 1947 годзе адправіўся ў Канаду. Краіна ахвотна прымала маладых людзей, якія маглі б працаваць. Яму было няпоўных 22 гады. Але за плячыма была вайна. Непрацяглая вучоба ў Школе афіцэраў Беларускай краёвай абароны, адступленне са Школай на Захад, пераход на бок французскіх партызанаў, амерыканскі палон, баі супраць фашыстаў на Апенінах — у складзе арміі генерала Андэрса, вучоба ў Вялікабрытаніі, дэмабілізацыя.

2-гі Польскі корпус, 1945.

А як вайсковую форму змяніў на цывільную, далучыўся да гуртавання беларусаў за мяжой. Ён — сярод першых сяброў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Як выехаў у Амерыку — адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Канады.

У выгнанні землякі не толькі жылі ў згодзе, але было і шмат звадаў паміж імі. Акула ж стараўся не ўлазіць у іх. Ён вызначаў, што будзе рабіць, і біў у адну кропу да таго часу, пакуль не атрымае вынік.

Падчас адной з антысавецкіх дэманстрацый у Таронта, 1974. Фота ў канадскай газеты The Toronto Sun

Напрыклад, калі падаваў дакументы для прыняцця канадскага грамадзянства, патрэбна было ў спецыяльнай форме пазначыць нацыянальнасць. Але супрацоўніца гарадской адміністрацыі Таронта запярэчыла. Маўляў, такой нацыянальнасці — беларус — не існуе. Счакаўшы паўгода, Акула зноў звярнуўся па грамадзянства. І зноў пачуў, што беларусаў няма. Тады ён сустрэўся з загадчыкам адпаведнага аддзела і спытаў, ці ведае той пра сяброўства Беларусі ў ААН. Адказ быў станоўчым. Было вырашана і пытанне з нацыянальнасцю і грамадзянствам.

 

А ў 1967 годзе ён вырашыў арганізаваць антысавецкую акцыю падчас міжнароднай выставы Экспо ў Манрэалі. Фактычна адзін ён зрабіў улёткі, якія пераклалі на некалькі моў. І раскідаў іх пад крыкі: «Death to Moscow murderers!» («Смерць маскоўскім забойцам!»), «Freedom for Byelorussia!» («Свабоду Беларусі!»). Быў затрыманы і атрымаў штраф. А паліцыянт, з якім ехаў у пастарунак, дзякаваў яму за тую акцыю. Акула ж, пачуўшы прозвішча паліцыянта — Козел, давёў, што ён — Казёл, а продкі ў яго — беларусы. І ў той акцыі Акулу ніхто не падтрымаў, хаця ён ставіў пытанне перад іншымі беларусамі.

Такімі ўлёткамі Акула закідваў прысутных.

 

Але мала хто ведае, што такі сыход з галавой у беларускія справы для Акулы стаў магчымасцю не засяроджвацца толькі на сямейных трагедыях. У яго моцна хварэла жонка Надзея, з якой ажаніўся ў 1950-м. У сям’і было чацвёра дзяцей: сыны Алесь, Юрка, Альгерд і дачка Ганна. Алесь загінуў зусім маладым — яму не было і 30. Ужо пазней давялося пахаваць і дачку. А паміж гэтымі смерцямі не стала жонкі. Узгадаем, што ён рана застаўся без маці. Пра смерць бацькі, відаць, даведаўся не адразу. І ён застаўся з двума сынамі. А яшчэ ж туга па радзіме, якую пакінуў у 1944-м, а наведаць здолеў толькі ў 1992. Пасля, праз два гады, яшчэ раз прыязджаў у Беларусь. І тая паездка сталася апошняй.

Юрка Акула, фота з сацыяльных сетак.

І ён у такой атмасферы працаваў. Прыходзіў з працы — пісаў. Па выхадных сыходзіў у парк, дзе на друкарскай машынцы выстукваў свае кнігі. «Змагарныя дарогі» (двойчы перавыдавалася ў Беларусі), трылогію «Гараватка» («Дзярлівая птушка», «Закрываўленае сонца», «Беларусы, вас чакае зямля»), зборнік «Усякая ўсячына», раман «За Волю!». А быў яшчэ англамоўны раман «Tomorrow is yesterday», які ў наш час выйшаў і ў беларускім перакладзе Ірыны Варабей. І ўсё гэта сёння даступна ў Беларусі. А не як трыцацць-сорак гадоў таму, калі імя пісьменніка ганьбілася на радзіме. Дастаткова толькі праявіць цікаўнасць і некалькі разоў клікнуць камп’ютарнай мышкай.

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"

16 лістапада 2014

 

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.