Невядомы аўтограф Коласа і апавяданне Маўра пра Беларусь

У Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэту ў Рызе адкрылася выстава “Янка Маўр і Якуб Колас: Разам па жыцці”. Падрыхтавала яе ўнучка пісьменнікаў Марыя Міцкевіч. Разам са сваім бацькам Міхасём Міцкевічам - малодшым сынам Якуба Коласа і зяцем Янкі Маўра - яна адкрыла выставу 14 кастрычніка. Экспазицыя атрымалася ўнікальнай: напрыклад, у яе ўвайшла кніга са знойдзеным толькі нядаўна аўтографам Якуба Коласа, накіды малавядомага апавядання Янкі Маўра, прысвечанага Беларусі, а таксама маркі з самых розных краінаў свету - сведчанне актыўнага ліставання Маўра з калегамі-эсперантыстамі. А кнігі, перададзеныя спадарыняй Марыяй ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, знайшлі пачэснае месца на стэндах Беларускага інфармацыйнага цэнтру, што месціцца ў бібліятэцы. Па вяртанні Марыя Міцкевіч распавяла пра працу над выставай, яе адкрыццё і цікавыя неспадзяванкі.

Гэтую выставу хацелася зрабіць даўно, а таксама хацелася пазнаёміцца бліжэй з беларусамі Латвіі, таму што мой дзед, Янка Маўр, нарадзіўся ў Латвіі, у горадзе Лібава, які цяпер называецца Ліепая.  

Першы раз у Латвіі я была сёлета ў траўні, прывезла выставу ў беларускую школу ў Рызе. На адкрыцці быў паказаны фільм пра Янку Маўра, яго жыццё і творчасць. Усё прайшло вельмі добра, і тады дамовіліся зрабіць выставу, прысвечаную 131-й гадавіне з дня нараджэння пісьменніка пасля летніх адпачынкаў ужо на больш высокім узроўні - у Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэту, запрасіць прадстаўнікоў беларускіх суполак Латвіі, студэнтаў універсітэту. Тут дапамагала і пасольства Беларусі ў Латвіі, і Беларускі інфармацыйны цэнтр - новая арганізацыя, якая якраз месціцца ў гэтай бібліятэцы, і літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Адкрыццё выставы было прызначана на 14 кастрычніка.

У Рыгу на адкрыццё выставы я паехала разам са сваім бацькам, Міхасём Канстанцінавічам. Безумоўна, ён быў там самай галоўнай асобай, таму што столькі ведае і пра Якуба Коласа, і пра Янку Маўра. На жаль, цяпер ужо вельмі мала тых людзей, якія б помнілі нашых тагачасных пісьменнікаў і маглі б пра іх расказаць. Да дзяцей у беларускую школу мы паехалі ў першую чаргу, бо лічым, што дзецям такія сустрэчы вельмі патрэбны, яны застануцца ў памяці. Атрымалася цудоўная імпрэза: гучалі вершы Якуба Коласа, Міхась Канстанцінавіч вельмі многа расказваў пра свае асабістыя ўспаміны пра бацьку і пра Купалу (школа носіць імя Янкі Купалы) - гэта вельмі ўсіх узрушыла.

Уступнае слова на адкрыцці выставы ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэту казала дырэктар бібліятэкі спадарыня Вента Коцэрэ. Прысутнічалі супрацоўнікі амбасады, была і сама пасол Беларусі – Марына Далгаполава, прыйшлі беларусы Латвіі. Для гэтай імпрэзы мы выставілі на стэнды кнігі, якія перадало Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” для інфармацыйнага цэнтру і бібліятэкі. Міхась Канстанцінавіч дзяліўся ўспамінамі, чытаў вершы з “Новай зямлі”, “Сымона-музыкі”, гумарыстычныя вершы Якуба Коласа. Успрымалі іх вельмі добра. Я коратка расказала пра выставу. Потым слова ўзялі прадстаўнік Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Вячка Целеш і дырэктар Рыжскай беларускай школы Ганна Іванэ, якія падзякавалі нам і ўручылі падарункі і кветкі.

Сама выстава атрымалася вельмі цікавая. Больш яна прысвечана Янку Маўру - усё ж такі нарадзіўся ў Латвіі ён, але паколькі яны былі з Якубам Коласам сваты, то ўключаны і матэрыялы, прысвечаныя Якубу Коласу, узаемасувязям двух пісьменнікаў.

Пачынаецца экспазіцыя з першага з’езду настаўнікаў ў Мікалаеўшчыне, на якім яны і сустрэліся. Другі стэнд прысвечаны літаратурнай творчасці Янкі Маўра: аўтографы пісьменніка, кнігі розных гадоў выдання, у тым ліку кгігі на латышскай, літоўскай і румынскай мовах.

Асаблівую цікавасць выставе надаюць рукапісы лістоў Янкі Маўра да Якуба Коласа ваеннага часу, кнігі Якуба Коласа з дароўнымі надпісамі Янку Маўру. Абодва пісьменнікі спазналі цяжкія гады эвакуацыі, Якуб Колас – у Ташкенце, Янка Маўр – у Алма-Аце. У лістах пісьменнікі дзяліліся сваімі перажываннямі, творчымі планамі, марамі, радасцямі і горам, падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкія моманты прабывання на чужыне, іх перапіска – пацвярджэнне сапраўднага сяброўства, якое яны пранеслі праз усё жыццё.

Цікавы стэнд “Маўр і эсперанта”: прадстаўленыя маркі з лістоў, што яму пісалі эсперантысты, выданні на мове эсперанта, у тым ліку кніга латышскага пісьменніка А.Упіта на мове эсперанта, падараваная Я.Маўру, і нават вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы ў перакладзе на мову эсперанта. Усе цікавіліся, чаму Маўр пісаў пра Вогненную Зямлю, паўстанне на Яве, дзе ніколі не быў. А ён атрымліваў усе гэтыя звесткі ад сваіх сяброў-эсперантыстаў і таму апісваў чужыя краіны з такой дакладнасцю, што нават людзі, якія там жылі, можа, не ўсё тое ведалі, што ведаў Янка Маўр.

На іншым стэндзе - фотаздымкі Янкі Маўра і яго сям’і з уласнага архіва Міхася Міцкевіча, кнігі з дароўнымі надпісамі аўтара ўнукам – Сяргею і мне, асабістыя рэчы пісьменніка. Мая маці напісала добрыя ўспаміны “Ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”, якія таксама ёсць на выставе.

Наступны стэнд прысвечаны латвійскім сувязям пісьменнікаў. Якуб Колас сустракаўся ў 1926 годзе з Янам Райнісам і падараваў яму дзве кнігі з дароўнымі надпісамі - яны і цяпер захоўваюцца ў Рызе ў музеі Райніса. А ў мой мінулы візіт мы разам з Вячкам Целешам наведалі музей Андрэя Упіта і знайшлі там сямітомнік Якуба Коласа, дзе на першым томе ўбачылі дароўны надпіс Упіту, які быў невядомы і не ўвайшоў у збор твораў Коласа, у адрозненне ад вядомых дароўных надпісаў Райнісу. Такая вось новая знаходка, якую мы таксама ўключылі ў экспазіцыю. Ёсць там і перакладныя кнігі пісьменнікаў на латышскую мову - аповесць “ТВТ” Янкі Маўра і аповесць Якуба Коласа “Дрыгва”. Таксама вельмі цікава, што Колас перапісваўся з адным з вядомых беларускіх дзеячаў Латвіі Сяргеем Пятровічам Сахаравым, стваральнікам беларускай арганізацыі “Бацькаўшчына” ў Латвіі. У фондзе музея Якуба Коласа захоўваюцца лісты Сахарава да Якуба Коласа, а ў бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі, у фондзе рэдкай кнігі ёсць ліст Я.Коласа да С.Сахарава, копію якога я таксама зрабіла для выставы. І што самае цікавае, пасля выставы да мяне падышла жанчына і сказала: “А я ўнучка Сахарава!” Так дзве ўнучкі сустрэліся - такая вось незвычайная сустрэча адбылася!

Мяне заўсёды турбавала пытанне: чаму Маўр піша пра розныя далёкія краіны і вельмі мала пра гісторыю Беларусі і суседніх краін? Аказваецца - пісаў. Ёсць малавядомы твор “Першая партыя псоў”, прысвечаны гісторыі Тэўтонскага і Лівонскага рыцарскіх ордэнаў. Ён быў знойдзены ў архіве пісьменніка і надрукаваны ў часопісе “Маладосць”. Мне здаецца, што гэта пачатак гісторыка-прыгодніцкай аповесці, якую ён не скончыў: можа, разумеў, што ў тыя гады пра беларускую гісторыю было цяжка пісаць. Але там ёсць і пра Конрада Мазавецкага, і пра Давіда Гарадзенскага - то бок, усе тыя звесткі, якія, як мне здаецца, у той час былі не надта даступныя, яны толькі цяпер прыйшлі да нас. Дзе ён браў гэта, якімі крыніцамі карыстаўся?.. Але ўсё ж такі ён гэта ведаў, і нават у адной нататцы ў яго згадваецца Грунвальдская бітва - да нас яна прыйшла намнога пазней, бо калі мы вучыліся, мы гэтага нічога не ведалі. А Янка Маўр ведаў. У яго паперах захаваўся план апавядання, дзе былі тэмы беларусаў і немцаў, беларусаў і рускіх, Грунвальдскай бітвы, крыжацкіх паходаў… Вельмі цікава, што ён ведаў гэта.

Я вельмі радая, што ўрэшце адкрылася такая выстава. Матэрыялы для яе я шукала і ў музейных, і ў іншых фондах, штосьці было ў мяне з ранейшых выставаў, штосьці ўзятае з сямейных архіваў, напрыклад, фотаздымкі або асабістыя рэчы Янкі Маўра. Выстава атрымалася цікавай і будзе працаваць яшчэ нейкі час. Я спадзяюся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць паказаць яе і ў Ліепаі, дзе нарадзіўся Янка Маўр.

Гутарыла з Марыяй Міцкевіч Алеся Башарымава, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”