Конкурс чытальнікаў завершаны

Год беларускай культуры ў Ізяславе, які першапачаткова планаваўся ва ўстановах культуры Украіны як Год беларускай культуры ва Украіне, набліжаецца да свайго завяршэння. 25 кастрычніка адбыўся другі (заключны) этап конкурсу чытальнікаў беларускага прыгожага пісьменства, які цалкам складаўся з беларускай байкі. Заўважу, што першы тур конкурсу быў пабудаваны на вершах беларускіх паэтаў, якія яны прысвяцілі Украіне і яе народу, таму дэвізам конкурсу быў цудоўны радок Янкі Купалы "Украіна, цвеце любы, сонцам гадаваны...", і перамогу ў ім здабыла тады яшчэ вучаніца 11 “Б” класу гімназіі №5 Анастасія Даніленка, якая цяпер ужо ад 1 кастрычніка навучаецца ў Польшчы - яна стала студэнткай эканамічнага факультэту Універсітэту Лазарскага ў Варшаве. Пахвалюся, што польскай мове цягам 3-х гадоў прыватна па 2 гадзіны на тыдзень навучаў Анастассю я... Другі тур чытальнікаў пачаўся з майго выступу. Прысутным - канкурсантам і слухачам, якія цалкам запоўнілі чытацкую залу раённай бібліятэкі, - я апавёў пра беларускую байку, якая з’явілася ў беларускай літаратуры ў канцы ХІХ стагоддзя, а аўтарамі першых беларускіх баек былі Альгерд Абуховіч і Францішак Багушэвіч, байку якога"Воўк і Авечка", напісаную паэтам у далёкім 1891 годзе прачытаў я (па-за конкурсам!)...

Беларускай байцы пашанцавала ў нейкім сэнсе, бо ёй прысвяцілі працу і таленавітыя Якуб Колас і Янка Купала. У байках гэтых таленавітых майстроў слова мы бачым выразную традыцыйную форму байкі з усімі  яе атрыбутамі. Менавіта з чытання  байкі "Конь і Сабака" Якуба Коласа, чарговыя ўгодкі з дня народзінаў якога будуць адзначацца ўжо вельмі хутка - 3 лістапада, і пачалося, так бы мовіць, змаганне чытальнікаў. Віталія Цыганкова вельмі дасціпна аднеслася да тэксту байкі, таму апошняя фраза "А Рудзька дужшы за каня!" выклікала станоўчыя выгукі слухачоў і моцныя воплескі прысутных. Байку Коласа змяніла байка Янкі Купалы "Асёл і Навука", якую чытаў Юрась Дзямчэўскі, таксама ўжо студэнт Ровенскага гуманітарнага універсітэту, першакурснік, які на выходныя дні прыязджае дахаты ў Ізяслаў. Мне было прыемна чуць з яго вуснаў амаль бездакорную беларускую мову! Наш гурт беларускай культуры носіць імя "Зорка Венера", таму абысці аўтара "Зоркі..." Максіма Багдановіча канкурсанты сабе не дазволілі: Агнешка Літвінчук па-майстэрску прачытала байку Максіма Багдановіча, якую ён напісаў у 1915 годзе, "Варона і Чыж"... А потым адна за другой чыталіся байкі карыфея гэтага жанру ў беларускай літаратуры Кандрата Крапівы: "Вол і Авадзень", "Сука ў Збане", "Дзед і Баба", "Дыпламаваны Баран", "Калі пара крычаць "Ура!"... Пашанцавала байкам  "Асёл на імянінах" Міхася Скрыпкі, "Курашчуп" Уладзіміра Корбана, "Божая Кароўка" Эдуарда Валасевіча, "Зязюля" Хведара Жычкі, "Парсюк" Ніла Гілевіча, "Дойны Конь" Рыгора Барадуліна. "Сарока" Хведара Чэрні... Заканчваць "парад-але" чытальнікаў баек давялося мне, кіраўніку журы конкурсу. Я прадставіў на суд прысутных свае мікрабайкі "Хай сьпявае", "Лежабока", "Прадбачлівая жонка", "Фокус", "Субардынацыя"...   Пераможцам конкурсу чытальнікаў беларускай байкі аднагалосна сябрамі журы прызнаная Агнешка Літвінчук, якой быў уручаны галоўны прыз конкурсу - па-мастацку аформлены альбом Анатоля Кляшчука "Беларусь, зямля песняроў", прысвечаны Янку  Купалу і Якубу Коласу, у якім выкарыстаныя архіўныя фатаздымкі з літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць дырэктару Рэспубліканскага Цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі спадару Міхасю Рыбакову, які перадаў мне падчас наведвання  цэнтру гэты альбом. Спадзяюся, што ва Украіне пакрысе ўсталюецца мір і адбудзецца Год беларускай культуры ва ўсёй Украіне, як і планавалася да падзей Майдану 2013 года... Мы ж у сябе яго завершым  у снежні каля навагодняй ялінкі!

Пятрусь Капчык,

кіраўнік гурта беларускай культуры "Зорка Венера", г. Ізяслаў, Украіна