Беларуская выстава прайшла ў Новасібірску

Ну вось! Сёння - 23 кастрычніка - мы вярнуліся з Новасібірска.

Мерапрыемства, куды нас запрасілі, называлася "Нацыянальная выстава Рэспублікі Беларусь у Новасібірску". У прэстыжным месцы "Экспоцентр" размясціліся прадстаўніцтвы розных прадпрыемстваў Беларусі. Былі нават з майго роднага горада Полацка - Полацкі малочны завод! Мяне пачаставалі смачнымі тваражком і сыркамі.

На адкрыццё выставы прыйшлі шматлікія важныя персоны з ураду Беларусі і Сібірскай федэральнай акругі. Былі губернатары Краснаярскага краю, Кемераўскай вобласці, Новасібірскай вобласці. Сустрэліся мы і з Людмілай Міхайлаўнай Берлінай - спікерам Заканадаўчага сходу Іркуцкай вобласці.

Карацей, “тусовачка” атрымалася годная...

Прыемнай нечаканасцю была сустрэча каля стэнда Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь з маім старым сябрам, гісторыкам Валянцінам Голубевым.

Наш ансамбль "Крывiчы" туды запрасіла ЗАТ "Сібір-МАЗ-Сервіс", і мы два дні спявалі і танцавалі! У гэты раз кінуць усе свае справы змаглі я, Воля і Каця Тукач. Беларуская традыцыйная культура была прадстаўленая годна - мы стараліся!

Самі сябе мы не фатаграфавалі, хоць журналістаў, якія нас "шчоўкалі", было дастаткова. А сімпатычная беларуская журналістка Аксана Манчук нават даслала два здымкі, якія я і публікую!