Беларусы з Мельбурна салідарызуюцца з украінскім народам

Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага цэнтральнага камітэту ў Мельбурне (Аўстралія) Янка Барысевіч. У лісце, дасланым ў “Бацькаўшчыну”, ён ад імя беларусаў Мельбурна выказвае занепакоенасць сітуацыяй ва Украіне. Адзначае, што стойкасць украінцаў у абароне сваёй радзімы дае беларусам добрае натхненне. І таму, як паведамляе Янка Барысевіч, беларусы з Мельбурна салідарызуюцца з украінскім народам у іх змаганні за незалежнасць і суверэннасць свайго краю.

“Мы з вамі! - піша спадар Янка ў лісце. - Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. Вольная Украіна дае нам натхненне і надзею на лепшую будычыню нашых народаў”.

Таксама Янка Барысевіч уздымае іншае пытанне: “Беларусь жыве, - піша ён, - хоць і паабрываная па кавалку. Хоць мы не ў стане прылучыць назад адарваныя кавалкі нашай тэрыторыі, але маем права змагацца на міжнароднай арэне, каб гэтыя адарваныя ад нашай тэрыторыі часткі мелі права на ўласную аўтаномію. Аўтаномія дае права выкладаць сваю беларускую мову ў школах, абараняць нацыянальныя правы. Акрамя таго, у парламенце адпаведнага краю мусяць быць выбраныя прадстаўнікі ад гэтых аўтаноміяў. Гэтае міжнароднае права прызнанае найвышэйшымі органамі ААН”.

Спадар Барысевіч адзначае, што да адарваных ад Беларусі тэрыторый беларусы з Мельбурна залічваюць Смаленскую і Бранскую вобласці.