У Варшаве адбыўся паказ фільму пра абарону Берасцейскай крэпасці ў 1939 г.

Дакументальны фільм “Берасцейская крэпасць. Невядомая абарона” быў прэзэнтаваны ў Музеі Незалежнасці. Імпрэзу вёў аўтар сцэнару, беларускі гісторык Ігар Мельнікаў.

Фільм распавядае пра жаўнераў Войска Польскага, якія абаранялі фартэцыю ад нацыстаў у верасні 1939 года.

Асаблівы акцэнт у фільме робіцца на ўдзел 70 тысяч беларусаў у шэрагах Войска Польскага ў першых баях Другой Сусветнай Вайны.

Гісторык заўважыў, што багата беларусаў у польскай форме і далей, на працягу вайны ваявалі з нацыстамі, у тым ліку славутая бітва пад Монта-Касіна таксама з’яўляецца беларускай кропкай і музей Вялікай Айчыннай Вайны ў Менску нават мае адмысловыя экспанаты, аднак гэтая тэма надалей замоўчваецца ў Беларусі.

Фільм выклікаў вялікае зацікаўленне ў гледачоў. Пасля паказу адбылася дыскусія, сярод гасцей знайшліся жывыя сведкі гісторыі 75-гадовай даўніны.