Новая кніга Анастасіі Сазанковай - паэма "Рагнеда" на беларускай мове

Ідэя напісаць гэтую паэму ў Анастасіі Сазанковай паўстала яшчэ ў 2002 годзе. Некалькі ўрыўкаў былі надрукаваныя спачатку ў рыжскай беларускай газеце "Прамень", пазней - у зборніку вершаў беларускіх паэтаў Латвіі, выдадзеным у Рызе ў 2006 годзе пры падтрымцы Саюза беларусаў Латвіі. Сёлета паэма выйшла асобнай кнігай.

Анастасія Сазанкова размяняла ўжо дзявяты дзясятак гадоў, аднак, яна больш актыўная ад многіх маладых. Яна працягвае натхнёна пісаць карціны, выдаваць свае кнігі. У мінулым годзе выйшаў зборнік вершаў "Бярозка на вятры", у гэтым - чарговая кніга - "​​Рагнеда", рыхтуецца да выдання кніга пра гаючыя травы пад назвай "Лекавыя расліны Латвіі". Творчыя натуры - яны таленавітыя ва ўсім.

Пра яе ўдзел у розных гарадскіх мерапрыемствах гавораць шматлікія фатаграфіі на старонках гарадскіх газет. Нядаўна ў будынку гарадской Думы святкавалася 10-годдзе Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, дзе былі прадстаўленыя таксама карціны Анастасіі Сазанковай. На сённяшні дзень Асацыяцыю прадстаўляюць 18 чалавек, сярод іх і нашая паважаная Анастасія Сазанкова. Першая сумесная выстава членаў Асацыяцыі мастакоў Латгаліі адбылася ў 2004 годзе. Пазней выставы карцін Асацыяцыі арганізоўваліся таксама ў бібліятэках Даўгаўпілскага краю. Напрыклад, у Калкунах (найбліжэйшы мікрараён ад горада) вельмі часта выстаўляюцца карціны Анастасіі Сазанковай. Анастасія Сазанкова заўсёды дорыць свае карціны і кнігі бібліятэкам.

Анастасія Аляксандраўна Сазанкова паводле першай адукацыі ўрач-тэрапеўт, паводле другой - мастак, а яшчэ яна піша вершы і актыўна прапагандуе гаючыя травы. Калісьці спявала ў ансамблі "Купалінка" беларускага таварыства "Уздым", а сёння актыўна выступае ў самадзейным тэатры сваёй цяперашняй Асацыяцыі мастакоў.

Вырашыцца напісаць паэму пра нявыдуманую, рэальную гістарычную асобу - дачку вялікага полацкага князя Рагвалода, падняць пласт старажытнай гісторыі, звязаны з магутным Кіеўскім князем Уладзімірам (жонкай якога была вымушана стаць Рагнеда), паглыбіцца ў гістарычную сітуацыю таго часу - гэта, на мой погляд, дарагога варта... Хацелася б, каб гэтая кніга была запатрабаваная ў нашай моладзі, каб гістарычная памяць дапамагала ім у пазнанні сваіх каранёў.

Таццяна Бучэль