У Мінску прайшоў круглы стол на тэму абароны цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі

18 верасня ў Мінску адбыўся пашыраны круглы стол “Грамадзянская супольнасць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі: ад “Зробім лепш!” да “Барані сваё!”.

Мерапрыемства ладзілася Асамблеяй НДА з мэтай сфармуляваць пазіцыю арганізацыі,акрэсліць місію незалежнай грамадскасці Беларусі ў небяспечную для самой будучыні краіны пару.

На круглым стале выступілі мовазнаўцы і грамадскія дзеячы Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі і Алена Анісім, праваабаронца Алесь Бяляцкі. На тэму адукацыі і фармавання каштоўнасцяў пакалення прамаўляла Тамара Мацкевіч. Валер Булгакаў прааналізаваў вынікі дзейнасці культурніцкіх НДА. Ірына Лаўроўская зачытала даклад пра беларускую ідэнтычнасць і ўрбаністычны ландшафт. Алег Хаменка засяродзіўся на каштоўнасным падыходзе да праблемаў абароны нацыянальнай бяспекі.

Апрача дакладаў, на круглым стале адбыліся прэзентацыі найярчэйшых акцыяў сёлетняй кампаніі “Зробім лепш!”.

Як адзначылі арганізатары, у дзейнасці беларускіх НДА выразна ўмацаваўся кірунак абароны беларускай ідэі, ідэнтычнасці, чаго нельга сказаць пра дзейнасць афіцыйных уладаў.

Прысутныя прадстаўнікі Рабочай групы Асамблеі НДА, грамадскія дзеячы адзначылі, што спадзявацца на дапамогу дзяржавы ў абароне беларускай незалежнасці – не выпадае. Толькі заснаваныя на дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцях валанцёрскія ініцыятывы ў крызісны момант здольныя ўзяць на сябе адказнасць і ўратаваць сітуацыю.

Таму прысутныя заклікалі ўсе грамадскія арганізацыі ды ініцыятывы (як згуртаваныя ў Асамблеі НДА, так і іншыя), вызначыць на найбліжэйшыя гады супольную місію: БАРАНІ СВАЁ!

У заяве, прынятай удзельнікамі пасяджэння, гаворыцца, што гэтая місія мусіць раскрывацца “ў неабходнасці абараняць нацыянальна-культурную ідэнтычнасць (мову, культуру, гістарычную памяць) беларускага народу і пачуццё гістарычнай прыналежнасці”. Акрамя таго, беларускі грамадскі сектар мусіць “узяць на сябе адказнасць за самаарганізацыю грамадства на ўзроўні мясцовых супольнасцяў, прафесійных групаў, групаў інтарэсаў”.

Падсумоўваючы вынікі пашыранага круглага стала, Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч заявіў: “Асамблея НДА заклікае ўсіх актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці засведчыць супольную місію “Барані сваё!”, пашырыць сваю працу ў адпаведнасці зь ёю, каб зберагчы незалежнасць і аднавіць свабоду краіны”.

Зварот удзельнікаў пашыранага круглага стала.