Беларускі фестываль прайшоў у амерыканскім Саўт-Рыверы

Сёлетні адбыўся крышку пазней, чым папярэднія. Замест жніўня дамовіліся зрабіць яго ў верасні. Чаму? А бо ў верасні не так горача. Але з надвор’ем, брат, не жартуй і не камандуй. Фестывальны дзень у суботу 6-га верасня выпаў і душны, і дажджлівы. Добра, што будаўнікі рэлігійна-грамадскага цэнтру – мудрыя людзі! – пабудавалі разам з царквой св. Еўфрасінні Полацкай прасторную залу са сцэнай і барам.

Народу сабралася чалавек пад дзвесце. Прыгожа прыбраная зала, накрытыя круглыя сталы, мяккія крэслы.

З аднаго боку шэраг сталоў з ядой, з другога – такія ж сталы з акуратна абвязанымі кошыкамі латарэйных фантаў. Кошыкаў тых як вокам кінуць, і ўсе напоўненыя прываблівымі аб’ектамі. Квіткі на латарэю ішлі направа і налева.

Спадарства Валянцін і Таццяна Дзямешчыкі з удзелам трубача Сяргея Дзямешчыка забяспечылі гасцям на працягу дня прыемныя і забаўныя песні, мелодыі ды музыку пад танцы.

Танцавальны гурток «Лянок» (харэаграфія сп-ні Вілы Леўчук) пацешыў вока гледачам і прыцягнуў увагу масы фатографаў. Танцавалі ў «Лянку» спадарычні: Кася, Юля і Аня Бялагловы, Ліза Кузьміцкая, Вольга Дзямешчык, Людміла Зэкава і Вольга Ярыгіна.

Са спевамі выступілі Ліза Кузьміцкая і Кіра Карніенка. Ліза пачуццёва прадэкламавала таксама два беларускія вершы.

Выказваючы тут падзяку ўсім удзельнікам імпрэзы — хто прыбіраў пляц (а сярод іх былі і госці з Беларусі), хто прыгожа аформіў і расставіў латарэйныя кошыкі на сталах (Жорж Арцішэнка, Ліля Тур, Рыта Юхнік, Кейты Мэрлоў і Надзя Наумчык), хто абслугоўваў сталы і бар, прадаваў квіткі, вёў латарэю, хто забаўляў і весяліў народ — трэба асабліва падкрэслена назваць жанчын, якія ў гарачае надвор’е некалькі дзён падрад працавалі ў кухні, гатуючы смачную ежу, а гэта спадарыні: Арцішэнка Соня («Малая»), Наумчык Марыя, Вера Мяжэвіч і Надзя Наумчык.

Дзякуючы названым і неназваным працаўнікам-рыхтавальнікам фестывалю, ахвярадаўцам фантаў, дзякуючы таксама ўсім, хто прыбыў на яго, каса царкоўнага прыходу папоўнілася, падмацоўваючы гэтым надзею, што беларуска-амерыканская грамада ў Саўт-Рыверы і ваколіцах здолее забяспечыць сабе будучыню на наступныя доўгія дзесяцігоддзі.

Янка Запруднік, Нью-Джэрсі