Аб’яднанне беларусаў Вугоршчыны імя Іштвана Баторыя: усё яшчэ толькі пачынаецца…

Беларуская моладзь Вугоршчыны: стан і перспектывы

Згодна з дадзенымі Амбасады Беларусі ў Вугоршчыне, беларуская дыяспара не з’яўляецца шматлікай: на пастаянным консульскім уліку знаходзіцца чымсьці больш за 150 чалавек па ўсёй краіне. Для паўнаты, да гэтай лічбы трэба дадаць абмежаваную колькасць працоўных на пастаянным і часовым знаходжанні, а таксама студэнтаў.

Па-за дзейнасцю Амбасады невялічкія анклавы беларускага жыцця ў Будапешце – гэта ў асноўным універсітэты, якія з радасцю прымаюць нашых нешматлікіх студэнтаў. Так, адукацыйная міграцыя паміж краінамі не з’яўляецца масавай на сённяшні дзень. Галоўным чынам гэта тлумачыцца тым, што сярэдняя і вышэйшая адукацыя ажыццяўляецца на нацыянальнай мове (за выключэннем, бадай, асобных інстытуцый, такіх як Цэнтральны еўрапейскі ўніверсітэт (далей – ЦЕУ) альбо эканамічны ўніверсітэт Корвінус). Другім важкім фактарам з’яўляецца невялікая колькасць (неразвітасць) спецыяльных дзяржаўных і ўніверсітэцкіх праграм фінансавання і абмену ў галіне сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Напрыклад, беларусы не маюць магчымасці атрымаць адукацыйную альбо даследчыцкую стыпендыю Інстытута Балашы[1], у той час як такая мажлівасць існуе для моладзі з Кітая, Расіі, краін ЕЗ.

Тым не менш, “Мадзьярорсаг” усё ж такі нас вабіць, і беларусы прыязджаюць у Будапешт. Значны канал доўгатэрміновай міграцыі, як ужо было адзначана вышэй, атрыманне адукацыі. Спецыяльныя стыпендыяльныя праграмы прапанаваныя Міжнародным Вышаградскім фондам, Інстытутам “Адкрытае грамадаства” і Фондам Сораса, ЦЕУ. Сёлета, напрыклад, з дапамогай Вышаградскага Фонду тры студэнты з Беларусі змогуць атрымаць еўрапейскую адукацыю на магістарскіх праграмах ва ўніверсітэтах Корвінус, Андрашы, ЦЕУ. Цэнтральны еўрапейскі ўніверсітэт чакае да навучання 5 студэнтаў (3 магістра і 2 аспіранты). Да таго ж, 8 верасня Сакратар Міністэрства замежных справаў і знешнеэканамічных сувязяў Вугоршчыны Сійярто Пітэр і Пасол Беларусі ў Вугоршчыне Аляксандар Хайноўскі падпісалі дамову на развіццё стасункаў паміж краінамі ў сферы вышэйшай адукацыі. Згодна з дамовай, штогод 50 беларускіх і 10 вугорскіх студэнтаў будуць атрымліваць дзяржаўныя стыпендыі[2].

Асобную невялічкую кагорту складаюць беларускія выпускнікі венгерскіх навучальных устаноў, што пасля навучання здужалі застацца працаваць у розных галінах эканомікі, адукацыі альбо, як у выпадку беларускага мастака Я. Ярэшкі, мастацтва.

Нягледзячы на нашую “меншасць” у параўнанні з дыяспарамі усходніх суседзяў (па дадзеных перапісу насельніцтва 2011 г. расіяне і ўкраінцы – найбуйнейшыя), беларусы праяўляюць не меншую актыўнасць. Нашая “меншасць” нават дае пазітыўны баланс. Адметная рыса суполкі - сіла і персанальная афарбоўка стасункаў паміж сябрамі. Як у роднай вёсцы, беларусы ў Будапешце ведаюць адно аднаго ў твар і па імёнах.

З гісторыі аб’яднання

У першыя гады свайго існавання Аб’яднанне трымалася на асабістай актыўнасці Змітра Карацеева і Віктара Кірэева. Ім належыць аўтарства самой ідэі, а таксама першапачатковай назвы. Так, таварыства было трапна названа ў гонар Іштвана Баторы, выбітнага дзеяча беларускай гісторыі венгерскага паходжання, са школьных падручнікаў гісторыі нам больш вядомага на беларускі манер, як Стэфан Баторы. Асабістымі высілкамі была распрацаваная арыгінальная версія веб-сайта, які падтрымліваўся напрацягу 2008 - 2010 гг. З прычыны ад’езду з Вугоршчыны актыву ў 2011 – 2013 гг. беларуская суполка існавала хутчэй у нефармальным модусе.

У 2013 годзе, можна сказаць, пачаўся новы этап у развіцці таварыства. Гэта ў першую чаргу звязана з рэлізам адноўленай версіі веб-сайту: www.belcommunity.org. Рэсурс змяніў свой фармат, інфармацыя публікуецца на трох мовах – беларускай, венгрескай і англійскай. Дзеля пашырэння аўдыторыі ў хуткім часе плануецца распрацоўка і рускамоўнай версіі. Цэнтральныя тэматыкі публікацый – навіны і падзеі з жыцця беларусаў за мяжой, беларуска-вугорскія дыпламатычныя, культурныя і спартыўныя зносіны і мерапрыемствы. Арганізатары сайта працуюць у кірунку пашырэння веды пра Беларусь сярод вугорцаў (тэматычныя электронныя тэсты), а таксама займаюцца праблемай беларуска-вугорскага моўнага ўзаемадзеяння і этымалогіі.

Асаблівы гонар аб’яднання – калекцыя літаратуры на беларускай, рускай і англійскай мовах, шматлікія дзвюхмоўныя выданні. Кнігазбор утрымлівае пераклады як беларускіх, так і венгерскіх класікаў - Васіля Быкава, Янкі Брыля, П. Шандара і іншых. Вядзецца няспынная праца па пошуку адпаведных крыніц, лічбаванні і абнаўленні базы сайта. На нашых старонках можна адшукаць разнастайныя рэсурсы па вывучэнні венгерскай і беларускай моваў – падручнікі, практыкаванні, трэнажоры, карысныя спасылкі. У арсенале моўнай лабараторыі можна нават знайсці дапаможнік па беларускай мове для вугорцаў, беларуска-вугорскі слоўнік, распрацаваныя супрацоўнікамі кафедры славянскіх моваў навуковага універсітэта імя Э. Лоранда ў Будапешце.

Адной з яскравых падзей апошняй дэкады жніўня з’явілася распрацоўка спецыяльнай эмблемы аб’яднання. Падрабязней пра гэта чытайце тут.

Дзейнасць Беларускага Чаптэра выпускнікоў ЦЕУ

Неабходна асобна адзначыць актыўную дзейнасць навучэнцаў ЦЕУ, якія ў 2002 годзе заснавалі асобны Беларускі Чаптэр. Арганізацыйны склад Чаптэра, пачынаючы з 2011 г.: лідары - Карына Лобан і Сяргей Салей у Мінску і Гародні, Ганна Асіповіч у Будапешце. Дзейнасць Чаптэра таксама падтрымліваецца Офісам развіцця зносін з выпускнікамі і кар’ернага росту ЦЕУ. Узначальвае гэты напрамак дзейнасці віцэ-прэзідэнт ЦЕУ Сяргей Сыч.

Асноўныя кірункі дзейнасці Чаптэра - распаўсюджванне інфармацыі пра ўніверсітэт, адукацыйныя і стыпендыяльныя праграммы сярод беларускіх студэнтаў, дапамога і кансультацыі пры паступленні. Чаптэр штогод ладзіць сустрэчы з будучымі студэнтамі з мэтай арыентацыі і ўсталявання персанальных кантактаў як у Мінску да ад’езду студэнтаў за мяжу, так і ў Будапешце, пры прыбыцці на навучанне. Як правіла, у арганізацыі сустрэч у Мінску ўсімі мажлівымі сродкамі дапамагае Вугорская Амбасада.

Заснаванне Стыпендыі імя Віталя Сіліцкага дзеля фінансавай падтрымкі беларускіх студэнтаў ЦЕУ – асаблівы гонар нашых выпускнікоў. Віталі Сіліцкі – таленавіты палітолаг, актывіст, выпускнік магістарскай праграмы ў ЦЕУ, які заўчасна сышоў з жыцця. Каб ушанаваць яго памяць, праз асабістыя ахвяраванні выпускнікі з Беларусі штогод збіраюць сродкі і ўжо змаглі прапанаваць чатыры стыпендыі для найбольш таленавітых і актыўных беларускіх студэнтаў ЦЕУ. Стыпендыя Сіліцкага – адзнака акадэмічных дасягненняў. Стыпендыяты атрымліваюць магчымасць пашырыць веды пра Беларусь сярод іншых студэнтаў ЦЕУ або выканаць даследаванне на карысць беларускай НДА. Стыпендыятамі станавіліся Таццяна Кляцкова, Алесь Быстрык, Алена Кудзько, Аляксандр Аўтушка-Сікорскі. І гэта яшчэ толькі пачатак…

Значнай падзеяй універсітэцкага і культурнага жыцця ў Будапешце з’яўлаецца арганізацыя штогадовага Фестываля Культур ЦЕУ. Прадстаўнікі больш чым 50 краін свету маюць мажлівасць прадэманстраваць прыгажосць сваіх нацыянальных строяў, смак і водар традыцыйный страваў, меладычнасць родных напеваў, запальнасць танцавальных рытмаў. Так, удзел беларусаў у фестывалі ўжо стаў для нас традыцыяй. Хлебны квас, бярозавы сок, “камунаркаўскія” цуды, піражкі, мультфільмы, красворды, шарады і тэсты на веду беларускай культуры з прызамі-сувенірамі – так былі падрыхтаваны да фестывалю беларусы ў гэтым годзе.

Сёлета ў жыцці студэнтаў ЦЕУ трэба адзначыць асобную падзею – прысвечаную культуры і звычаям Беларусі фота-выставу, арганізаваную студэнткай і стыпендяткай фонду Сіліцкага Аленай Кудзько ў чэрвені. Выстава аб’яднала шырокі спектр фотаздымкаў пра святкаванне старажытных абрадаў у сучаснай Беларусі, захаваны традыцыйны вясковы лад жыцця, нацыянальныя ўборы, выявы сучаснага Мінска. Падзея адбывалася ў прысутнасці Алены, якая дадаткова арганізавала прэзентацыю, паказ беларускай мульціплікацыі, дэгустацыю нацыянальных страваў і цукерак. Фотавыстава прадэманстравала ўсё багацце і разнастайнасць захаванай беларускай спадчыны і выклікала зацікаўленасць сярод студэнтаў іншых краін.

На выставе Алены Кудзько

Планы на будучыню і перспектывы развіцця

Беларуская суполка ў Будапешце плануе пашыраць сферу свайго ўплыву і дзейнасці, спрыяць распаўсюджванню веды пра Беларусь сярод вугорцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Восенню гэтага года плянуецца афіцыйная рэгістрацыя таварыства. Інстытуцыяналізацыя адкрые дадатковыя мажлівасці аб’яднання для ўдзелу ў разнастайных міжнародных праектах, у пошуку дадатковага фінансавання мерапрыемстваў.

План працы на восенькі семестр – сустрэча, усталяванне кантактаў і падтрымка студэнтаў ЦЕУ і іншых універсітэтаў. Беларуская суполка ўпершыню адкрывае набор на курсы беларускай мовы сярод іншаземцаў. Курсы прапануюцца на бясплатнай аснове праз англійскую мову, дадатковую інфармацыю па наборах можна знайсці на старонках сайта.

Адна з нашых мэтаў - наладзіць больш шчыльныя адносіны з навукоўцамі і выкладчыкамі кафедры славянскіх моваў навуковага ўніверсітэта імя Э. Лоранда. У прыватнасці, кантакт ужо ўсталяваны з адным з найбольш “мацёрых” беларусістаў свету, ініцыятарам стварэння Міжнароднай асацыяцыі беларусістыкі, прафесарам адзначанага вышэй універсітэту, Золтанам Андрашам. У наступным навучальным годзе запланаваны шэраг інтэрв’ю з даследчыкам адносна беларуска-венгерскіх моўных і культурных стасункаў перыяду позняга сярэднявечча і XVI-XVII стагоддзяў. Мажліва, атрымаецца арганізаваць шэраг сумесных мерапрыемстваў з кафедрай, узяць удзел у Міжнародным з’ездзе славістаў. Рыхтуецца візіт прафесара, загадчыка кафедры філасофіі ЦЕУ Ханох Бен-Ямі ў Мінск з публічнымі лекцыямі ў кастрычніку.

У доўгатэрміновай перспектыве беларуская суполка мае на прыкмеце арганізацыю лабараторыі беларуска-венгерскіх і венгерска-беларускіх перакладаў. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя – пераклады беларускіх народных абрадавых песень для зацікаўленых беларускім фальклёрам студэнтаў этнаграфіі, з якімі таксама намячаецца шэраг сустрэч і інтэрв’ю восенню. Вышэй акрэслена толькі невялікая частка мэтаў і задач таварыства на бліжэйшы час.

Арганізацыйны камітэт аб’яднання хоча выказаць падзяку сябрам таварыства – Карыне Лобан, Ганне Асіповіч, Іллю Рэзніку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага артыкула, а таксама Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” за плённую працу ва ўсталяванні і замацаванні кантактаў з арганізацыямі беларусаў замежжа па ўсім свеце.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі,

спецыяльна для бюлетэня “Беларусы ў свеце”

Вераніка Бурсевіч 

Арганізацыйны камітэт

Аб’яднання беларусаў Вугоршчыны (АБВ)

імя Шт. Баторыя

http://www.belcommunity.org/

Заўвагі, ідэі і прапановы дасылаць на скрыню таварыства: belcommunity2014@gmail.com



[1]Інстытут Балашы (Balassi Intézet) - венгерская дзяржаўная арганізацыя, адзін з асноўных кірункаў яе дзейнасці - развіццё адукацыйных і культурных стасункаў з краінамі замежжа.

[2] Крыніца: http://www.hirado.hu/2014/09/08/magyar-feherorosz-felsooktatasi-megallapodast-irtak-ala/