На Крапівенскім полі ўсталявалі бел-чырвона-белыя сцягі

Грамадcкія актывісты пачалі адзначэнне 500-годдзя Бітвы пад Воршай. Удзел ва ўрачыстасцях на Крапівенскім полі бралі каля 100 чалавек.

На святкаванні толькі з Мінску на аўтобусе прыехала больш за 20 чалавек, двойчы іх спынялі міліцыянты і папярэджвалі, каб аўтобус не заяжджаў у Воршу пасля святкаванняў.

Перад пачаткам імпрэзы старшыня Крапівенскага сельсавету таксама папярэдзіў, каб тут не праводзілі палітычныя мерапрыемствы, пасьля сябе прыбралі тэрыторыю і каб у суботу ўвечары ўсе раз'ехаліся.

На Крапівенскім полі ўжо тыдзень знаходзіцца мастацкі пленэр, які ладзіць Алесь Пушкін. На тэрыторыі вакол крыжа расстаўленыя мальберты, мастакі малююць Крапівінскае поле.

Урачыстае святкаванне на Крапівенскім полі пачалося малебнам, які праводзілі айцы Леанід Акаловіч і Святаслаў.

Леанід Акаловіч пасля малебну сказаў, што «Аршанская бітва натхніла нас, беларусаў, на змаганне за незалежнасць».

Потым выступіў мастак Мікола Купава, які, уласна, і арганізаваў гэтае святкаванне. Ён апавёў пра значэнне гэтай бітвы і пра планы ўшанавання памяці. Мікола Купава паведаміў, што 23 кастрычніка ў Палацы мастацтва адкрыецца адмысловая вялікая выстава, якая будзе цалкам прысвечана 500-годдзю Аршанскай бітвы. Купава пашкадаваў, што людзей не так шмат, як хацелася, і нагадаў, што афіцыйнае святкаванне было забаронена.

Удзельнікі ўрачыстасцяў усталявалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Гісторык Алесь Краўцэвіч сказаў у сваім выступе, што значэнне гэтай бітвы асабліва важнае цяпер, бо сёння, праз 500 гадоў, мы маем таго ж самага ворага. Краўцэвіч адзначыў, што вельмі важна, што юбілей святкуецца нібыта знізу. Ён заклікаў: «Паглядзіце, якое свята зрабіла з гэтага беларускае грамадства. У свабоднай Беларусі тут мусіў бы быць міністар абароны, тут мусілі б прымаць прысягу салдаты... Я лічу, што гэтае свята будзе адным з самых галоўных у незалежнай Беларусі».

Таксама свята наведалі пісьменнік Уладзімір Арлоў і музыка Зміцер Вайцюшкевіч, якія прыбылі ў Воршу на прэзентацыю кнігі Анатоля Грыцкевіча «Сцягі Воршы».

Уладзімір Арлоў у сваім выступе каля крыжа сказаў, што ў гісторыі кожнага народа ёсць бітвы, памяць пра якія застаецца назаўсёды. Аршанская бітва — менавіта такая падзея ў беларускай гісторыі.

Зміцер Вайцюшкевіч выканаў песню «Наш сцяг». Потым каля крыжа адбыўся дударскі канцэрт.

Кранальным момантам было выкананне песні «Старажытная бітва пад Воршай», якой ужо шмат гадоў і якая была прысвечаная гэтай падзеі.