Беларуская вёска на бурацкай зямлі

Расейская Сыбір — бадай, адзінае месца ў сьвеце, дзе практычна ў нязьменным выглядзе захаваліся беларускія паселішчы, закладзеныя больш за стагодзьдзе таму. Адным з такіх узораў захаваньня нацыянальных традыцый — вёска Тургенеўка, якая ў 1909 годзе прытулілася на спрадвечнай бурацкай зямлі.

Сюды па так званай сталыпінскай аграрнай рэформе пераехалі некалькі дзясяткаў сем’яў з Гарадзенскай губэрні.

Усьвядоміць сябе беларусамі жыхарам Тургенеўкі дапамог Алег Рудакоў — бясспрэчны аўтарытэт для тутэйшых землякоў. Расказвае, што яшчэ ў сярэдзіне 1990-х нехта яму падказаў, што недалёка ад Усьць-Арды жывуць «яўна ня рускія» — размаўляюць неяк дзіўна. Ад таго часу Тургенеўка стала прыкладам беларускасьці за 6 тысяч кілямэтраў ад уласна Беларусі. Пра гэта сьведчыць і двухмоўная шыльда на ўезьдзе ў вёску:

Алег Рудакоў і беларуская Тургенеўка

«Ідэя паставіць тут шыльду ўзьнікла ў мяне даўно. Адзінае, што цяжка было падступіцца. Увогуле першы раз у гэтую вёску я наведаўся ў 1997 годзе. Праўда, тады мне казалі, што тут жывуць як быццам „хахлы“, але неяк дзіўна размаўляюць. Але калі сюды прыехаў, аказалася, што насамрэч тут жывуць беларусы, якія былі пераселеныя яшчэ ў 1909 годзе з Гарадзенскай губэрні. Раней тут быў знакаміты калгас імя Чапаева, пра што сьведчыла вялікая шыльда. Але праяжджалі побач людзі і нават ня ведалі, што гэта вёска Тургенеўка, што тут жывуць цікавыя людзі. Неўзабаве мы пачалі ладзіць нацыянальнае жыцьцё, ствараць музэй вёскі, у школе пачалі весьці беларускія гурткі. І мне захацелася, каб назва Тургенеўка годным чынам была адзначаная. Ня проста шыльду паставіць — ну што з таго, што Тургенеўка? А напісаць, што гэта беларуская вёска, заснаваная ў 1909 годзе. Зноў жа, узьнікла ідэя напісаць гэта на дзьвюх мовах: на расейскай мове, усё ж мы ў Расеі жывём, і на нашай роднай беларускай мове».

Тургенеўка месьціцца на тэрыторыі Баяндаеўскага раёну Усьць-Ардынскай Бурацкай акругі — адміністратыўнай адзінкі з асаблівым статусам. Спакон вякоў карэнным народам тут былі бураты, яны, як сьведчаць летапісы, прытулілі і першых беларусаў, якія зь лёгкай рукі тагачаснага кіраўніка царскага ўраду Пятра Сталыпіна прыехалі ўздымаць Сыбір. Дарэчы, назва вёскі паходзіць зусім не ад імя расейскага клясыка Івана Тургенева, а ад мясцовага бурата Тургена, які быў упаўнаважаны разьмяркоўваць зямлю сярод перасяленцаў.

Як беларусы выбіралі месца пад калёнію — ад дзядоў ды бацькоў пачула адна са старэйшых жыхарак Тургенеўкі Ніна Кузьмінічна Дакучыц, знаная сьпявачка беларускіх народных песень:

Скарбніца беларускіх песень Ніна Дакучыц

«Прыехалі нашы дзяды з Гарадзенскай губэрні, Пружанскага павету. Гэта цяпер Пружаны адносяцца да Берасьцейскай вобласьці, а раней былі гарадзенскія. Ехалі па сталыпінскай рэформе. Расказвалі, што выбіралі месца пад вёску так. Тагачаснае баяндаеўскае начальства паказала некалькі месцаў — Булгу і вось гэтую мясцовасьць. Тут была ня тое што тайга, але быў вялікі лес — беразьняк, лістоўніцы. Прыехалі ад нашых тры чалавекі, паглядзелі, мабыць, пераначавалі, і ўрэшце выбралі гэтае месца. Хоць там, у Булзе, рэчка побач бегла, вада была, нібыта больш камфортныя ўмовы. Але там нізіна, там часьцей здараюцца замаразкі. Таму яны пасяліліся менавіта тут. Увогуле гэта ўсе месцы ў нас бурацкія. У Булзе, дзе ім паказалі адпачатку, былі бурацкія летнікі, юрты стаялі. Відаць, з буратамі мужыкі перамовіліся, і тыя сказалі, што для земляробства тут глеба ня лепшая — маразы, раньнія замаразкі. А буратам жа ўсё роўна, яны на зямлі не працавалі».

Старшыня Тургенеўскага аддзяленьня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, настаўніца Тацяна Садоўнікава ладзіць экскурсію па вёсцы, паказвае хаты, пастаўленыя беларусамі 100 гадоў таму:

«На сёньня насельніцтва Тургенеўкі — прыкладна 600 чалавек. Нашы вяскоўцы вельмі стараюцца, каб было ўтульна, прыгожа, каб было шмат кветак, трымаюць жыльлё ў парадку. Цешыць, што людзкога адтоку няма, людзі застаюцца, нараджаюць дзяцей. А гэта значыць, што ім тут камфортна. Што яшчэ адметна — у нас цяпер нават больш беларускіх сем’яў, чым некарэнных, зьмяшаных. Вельмі шмат якраз карэнных. У нас тут прозьвішчы скрозь беларускія — Аскірка, Цюшкевіч, Здановіч, Пазьняковіч, Шкілевіч. Літаральна ўсе, прозьвішчаў „іншародных“ надзвычай мала. У мяне вось прозьвішча пасьля замужжа Садоўнікава, але майго мужа дзед па-сапраўднаму быў Садоўнічы ці Садаўнічы. Але як пераехалі сюды, іх чамусьці перахрысьцілі ў Садоўнікавых. Як я разумею, абрусіліся прымусова, не па сваёй волі, таму што праводзілася такая палітыка».

Першаадкрывальнікі Тургенеўкі пайменна

Першыя перасяленцы туліліся ў зямлянках, але ўжо ў 1913 годзе ў Тургенеўцы была збудаваная школа. Потым яе ня раз перабудоўвалі, а да 100-годзьдзя навучальнай установы вёска атрымала доўгачаканы падарунак — новы, ультрасучасны будынак, якому могуць пазайздросьціць гарадзкія вучні. Калі ўлічыць, што асноўны рухавік беларускай суполкі — якраз настаўнікі, такая штаб-кватэра абсалютна да месца. Прыкладам, выкладчыца пачатковых клясаў, кіраўніца дзіцячага ансамбля «Рушнічок», салістка народнага хору «Варэнічкі» Натальля Цюшкевіч прыцягнула да нацыянальнай справы не адно пакаленьне маленькіх нашчадкаў беларусаў, навучыўшы іх ня толькі сьпяваць, а майстраваць з гліны і саломкі, ладзіць старадаўнія абрады і сьвяты:

Кіраўніца «Рушнічкоў» Натальля Цюшкевіч

«У школе мы здаўна займаліся фальклёрам, але расейскім. Гэта ня тое што нейкая студыя, але на клясных гадзінах, на нейкіх сьвятах сьпявалі, танчылі. Паколькі мне самой бліжэйшы фальклёр, то, мабыць, таму традыцыя і працягнулася. А ўжо калі пазнаёмілася з Алегам Рудаковым, то, як кажуць, зьмянілі тэму. Справа ў тым, што яшчэ калі я хадзіла ў наш хор „Варэнічкі“, то дзетак таксама гэтым песьням вучыла. Бо мне гэтыя песьні самой падабаліся. Там былі вельмі калярытныя жанчыны, галасішчы ў іх магутныя — Ніна Кузьмінічна, Тамара Рыгораўна, Чаркашына — яны мяне проста захаплялі. У цёці Мані другі голас, я таксама другім сьпяваю — ой, як мне зь ёй лёгка было сьпяваць! І я дзяцей таксама гэтаму вучыла. Спачатку тут рэпэціравалі, а потым зь дзецьмі спрабавалі. То бок праз Алега пачалі займацца чыста беларускімі сьпевамі. І паўнавартасны дзень нараджэньня „Рушнічка“ — гэта, мабыць, пачатак 2000 году».

У новай школе

Рэдкая вёска можа пахваліцца ўласным краязнаўчым музэем, але жыхары Тургенеўкі здаўна ведаюць месца, дзе любая рэч можа стаць унікальным экспанатам. Шмат гадоў установа трымаецца на плячах музэйнай захавальніцы, заслужанай настаўніцы Расеі Валянціны Гурэўскай:

Захавальніца музэю Валянціна Гурэўская

«Тут прадстаўленыя розныя прыстасаваньні для працы, прадметы побыту, кухонныя рэчы — практычна ўсё гэта людзі везьлі зь Беларусі. На шчасьце, шмат што захавалася, ня зьнікла. Прыкладам, тыя ж калодкі. Абутак надзвычай цяжка было набыць, проста не было дзе ўзяць, таму шылі самі. Спачатку са скуры дзікай жывёлы, а потым ужо са скуры жывёлы свойскай — прычым абутак і дарослы, і дзіцячы. Таксама вырабы, якія самі выдзёўбвалі з дрэва — рознай формы карыты. Такое карыта служыла для розных мэтаў — і дзіцё можна было пакупаць, і адзежу памыць у ім, і нават жывёлу можна было пакарміць. Як кажуць, шматфункцыянальнае прыстасаваньне. Увогуле, калі казаць пра беларускі народ, то гэта людзі вельмі беражлівыя, вельмі акуратныя. Вось бачыце, два гліняныя гаршкі, абгорнутыя бяростай. Дзеля чаго? Нават калі гаршчок атрымліваў трэшчыну, яны яго не выкідалі, абкручвалі бяростай і выкарыстоўвалі для чагосьці сыпучага. Вельмі былі беражлівыя. Тут жа ўсялякія лямпы, ліхтары, якімі яны карысталіся».

Кіраўніца муніцыпальнага ўтварэньня «Тургенеўка» Сьвятлана Недасекіна кажа, што яна — рэдкі прыклад мясцовага жыхара, які ня мае беларускіх каранёў. Але за тры дзясяткі гадоў жыцьця ў беларускай вёсцы ўспрымае сябе як «мясцовая»:

«Я тут, дарэчы, ужо 29 гадоў, таму і я сама, і практычна ўсе навокал за гэтыя гады пачалі лічыць, што я ледзь ня чыстая беларуска. Хоць, па шчырасьці, у мяне карані крыху іншыя...»

Карэспандэнт: «То бок атрымліваецца, што лабіруеце інтарэсы беларусаў?»

Мясцовая «вэртыкальніца» Сьвятлана НедасекінаВедаеце, ужо проста немагчыма стаяць убаку ад усёй гэтай справы, насамрэч інакш ужо і не атрымаецца. Больш скажу: мяне на ўсіх сходах успрымаюць як беларуску: калі зь беларускай вёскі — значыць, „мясцовая“. Увогуле нас вельмі добра ацэньваюць і ў маштабах раёну, і акругі, і вобласьці. Я б нават сказала, што цудоўна. Працаваць зь беларусамі — адна прыемнасьць, ніякіх праблемаў. Мы адзіная такая вёска — самі бачыце, што ўсё ж яна больш-менш чыстая, акуратная. Увосень яна патанае ў рабіне, увесну — уся ў чаромсе, у бэзе. Цяпер, праўда, усё збольшага адквітнела, але ўсе жанчыны стараюцца палісаднікі трымаць у кветках. Шыкоўныя гароды, трэба сказаць. Клімат, вядома, гэтыя гады падводзіць, але тым ня меней...»

Дзеля справядлівасьці, Тургенеўка — не адзіная беларуская вёска ў Сыбіры, да іншых не ўдалося дабрацца. Гэтаксама як Тургенеўку, на пачатку ХХ стагодзьдзя беларусы заснавалі Ахіны, Лідзінск, Талстоўку ды іншыя паселішчы. Дзякуючы намаганьням актыву Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, тамтэйшыя жыхары пачалі па-новаму глядзець углыб сваёй біяграфіі.