Гістарычныя музеі Беларусі і Туркменістана будуць абменьвацца выстаўкамі

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і Марыйскі велаяцкі гісторыка-краязнаўчы музей Туркменістана падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы навуковы супрацоўнік беларускай установы культуры Таццяна Мірановіч. Дакумент дасць магчымасць установам культуры абменьвацца выстаўкамі, а таксама праводзіць стажыроўкі. "Мемарандум з'яўляецца афіцыйным падмацаваннем дружбы паміж нашымі музеямі і дае магчымасць ім рэгулярна ўдзельнічаць у культурных праграмах", - адзначыла субяседніца. Ужо ёсць першыя вынікі падпісання мемарандума: адна з супрацоўніц Нацыянальнага гістарычнага музея прыме ўдзел у канферэнцыі, якая пройдзе ў Туркменістане. Марыйскі велаяцкі гісторыка-краязнаўчы музей быў створаны ў 1968 годзе. У яго фондах налічваецца больш за сорак тысяч экспанатаў - карцін на гістарычную тэматыку, "усходніх" мініяцюр, габеленаў, графікі, керамікі і скульптуры, старадаўняга нацыянальнага адзення, туркменскіх дываноў, ювелірных вырабаў з серабра, хатніх рэчаў, музычных інструментаў, старажытнай зброі, старадаўніх рукапісаў, дакументаў па гісторыі краю, усіх відаў флоры і фаўны Марыйскага велаята. Адзін з найбольш папулярных экспанатаў - куфэрак з мазаікай са слановай косці, які датуецца 2 тыс. гадоў да н. э. Музей горада Мары - не адзіны ў спісе партнёраў Нацыянальнага гістарычнага музея. Беларускія спецыялісты паспяхова супрацоўнічаюць з калегамі з Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Растова-на-Доне і Вільнюса.