а. Аляксандар Надсан: Беларусы павінны ісці да Бога сваёй дарогай і на сваёй роднай мове

Апошнім часам даволі шмат гаворыцца пра Расійскую праваслаўную царкву як аднаго з увасабляльнікаў у жыццё канцэпцыі так званага “русского мира”, да якога залічваецца і Беларусь. Пра наступствы такога “палітычнага праваслаўя” і ролю Каталіцкай царквы ўсходняга абраду (уніяцкай) у Беларусі часопіс Belarusian Review размаўляе з а. Аляксандрам Надсанамапостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў усходняга абраду ў замежжы.

Belarusian ReviewУ цяперашняй Беларусі Расійская праваслаўная царква ёсць найбольшай канфесіяй. У той самы час, не адмаўляючы дзяржаўнага суверэнітэту краінаў, кіраўніцтва гэтай царквы заяўляе пра тое, што Беларусь разам з Расіяй і Украінай ёсць ядром так званага “русского мира”. Што такі падыход маскоўскіх царкоўных іерархаў азначае для Беларусі як суб’екта палітыкі?

а. Аляксандар Надсан: Гэтае пытанне лепей адрасаваць іерархам праваслаўнай царквы. З аднаго боку, я б не хацеў умешвацца ў іхныя ўнутраныя справы, але з іншага боку я трошкі не разумею становішча нашых праваслаўных братоў у Беларусі. Калі ёсць беларусы як нацыя і калі ёсць шмат аўтакефальных праваслаўных цэркваў у розных краінах, то чаму праваслаўная царква ў Беларусі павінна быць часткай Маскоўскага патрыярхату? Але хачу яшчэ раз падкрэсліць, што гэтае пытанне маюць вырашаць самі праваслаўныя. Напрыклад, калі ідзецца пра каталіцкую царкву, дык яна адзіная на ўсім свеце, але ў кожнай краіне ёсць свае іерархі. І калі Беларусь стала незалежнай, то ў першую чаргу Святы Айцец даў нам сваю каталіцкую іерархію.

BRЗгодна з кіраўніцтвам Расійскай праваслаўнай царквы падмуркам канцэпцыі “русского мира” ёсць расійская мова і культура. Ці можна ў такі спосаб наагул казаць пра Расійскую праваслаўную царкву на тэрыторыі Беларусі як пра беларускую царкву?

а.АН: Я не ведаю, ці справай царквы ёсць займацца гэтымі справамі. Справай царквы ёсць несці Слова Божае і вестку збаўлення свету ў форме найдаступнейшай для кожнага чалавека. А гэтай найдаступнейшай формай ёсць зварот да людзей на мове таго народу, да якога яны належаць. Не мая мэта як святара ісці і перарабляць беларуса на кагосьці іншага. Мы бярэм свет як ёсць, і мы прыносім гэтую вялікую вестку збаўлення роду людскога для ўсіх. Не трэба рабіцца кімсьці іншым, каб быць сынам Божым, бо ў Бога ёсць месца для ўсіх. Таму я не разумею, чаму трэба прыносіць вестку збаўлення роду людскога да беларусаў на іншай мове і ў іншай форме, чым сама звычайная беларуская. Памятайма, што пасля Узнясення Хрыста на неба апосталам быў дадзены дар розных моваў, каб яны на ўсіх мовах ўсіх народаў свету неслі вестку збаўлення роду людскога. І там не было ані лепшых, ані горшых моваў!

BRНаколькі такая расійскацэнтрычная пазіцыя Расійскай праваслаўнай царквы ўплывае на беларускую нацыянальную тоеснасць?

а.АН: Я думаю, што такая пазіцыя не можа не ўплываць на тоеснасць народу. Беларусы павінны ісці да Бога сваёй дарогай і на сваёй роднай мове. Чаму гэта абавязкова трэба неяк карэктаваць ці абмяжоўваць? Хоць гэта і ўнутраная справа праваслаўнай царквы, але любыя царкоўныя іерархі павінны звяртацца да вернікаў на мове таго народу, якому яны нясуць Слова Божае.

BRЧаму з боку Расійскай праваслаўнай царквы дагэтуль такое негатыўнае стаўленне да Каталіцкай царквы ўсходняга абраду як у Беларусі, так, напрыклад, і ва Украіне?

а.АН:  На жаль, так яно ёсць, і ў гэтым няма нічога новага. Памятайма, што акурат расійскі ўрад з дапамогай расійскай царквы зліквідаваў Унію ў 1839 г. Выглядае, што ў Маскоўскім патрыярхаце дагэтуль уважаюць, што каталікі ўсходняга абраду – гэта нейкі нонсэнс, і што гэтыя вернікі павінны быць праваслаўнымі. Унія ў Беларусі была зліквідаваная сілай, сілай свецкай. Аднак Хрыстос ніколі не прымяняў сілы, і мы яе не ўжываем. Таму гэта не толькі прыкра, але і балюча, бо мы хочам быць братамі з усімі, у тым ліку з нашымі братамі-праваслаўнымі.

BRУ гістарычным кантэксце Каталіцкая царква ўсходняга абраду часам трактуецца як нацыянальная царква беларускага народу. Якім Вы бачыце будучыню гэтай канфесіі ў Беларусі?

а.АН: Сапраўды, быў час, калі абсалютная большасць беларусаў былі каталікамі ўсходняга абраду. Але я б ніколі не хацеў, каб царква называлася нацыянальнай, бо царква ёсць універсальнай, дзе ёсць месца для кожнага. Беларусы былі часткай гэтай вялікай царквы Хрыстовай, дзе былі розныя нацыя, розныя мовы, розныя абрады, розныя формы, каб славіць Бога. Заўважце, што Унія ці ўсходні абрад у каталіцкай царкве не ёсць чымсьці новым. Паедзьце, прыкладам, у паўднёвую Італію – там ёсць дыяцэзіі ўсходняга абраду, якія ніколі не былі праваслаўнымі. У сваю чаргу, я малюся і вельмі спадзяюся, што грэка-каталіцкая царква ў Беларусі будзе развівацца. Гэтае развіццё не ёсць скіраваным супраць праваслаўя ці якой-кольвек іншай канфесіі. Гэта – патрэба душаў людзей, каб маліцца ў такой форме. Бог – вялікі і магутны, мы ж людзі – абмежаваныя. Але мы можам славіць яго ў розныя спосабы, бо яны ўсе яны на славу Божую.

размаўляў Кірыл Касцян

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 26, No. 3. © 2014 The_Point Journal/Belarusian Review