Падарунак музею Васіля Быкава ад беларусаў Пецярбурга

19 чэрвеня пад Мінскам у пасёлку Ждановічы-6 адбылося ўрачыстае адкрыццё музея-дачы Васіля Быкава, прымеркаванае да 90-годдзя пісьменніка. Музей размясціўся ў лецішчы, пабудаваным самім Васілём Уладзіміравічам і яго жонкай Ірынай Міхайлаўнай. Пасля смерці мужа спадарыня Ірына перадала будынак дзяржаве для стварэння музея.

Сярод гасцей, запрошаных да ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця, былі і беларусы Пецярбурга - намеснік старшыні Рады Беларускага грамадска-культурнага таварыства Аляксандр Станкевіч і кіраўнік Санкт-Пецярбургскага аддзялення банку “Адміралцейскі” Віталь Аляшкевіч. Адмыслова да гэтай урачыстай падзеі яны прывезлі ў падарунак музею партрэт Васіля Быкава, намаляваны пецярбургскім мастаком Сяргеем Ткачэнкам.

Мы сустрэліся з гасцямі перад імпрэзай, каб даведацца крыху больш пра гэтую карціну і гісторыю яе стварэння.

Сяргей Ткачэнка сам паходзіць з Пецярбургу, але жонка ў яго беларуска з Глыбокага, і ён шмат працаваў у Беларусі. Тут ён напісаў шмат партрэтаў беларускіх культурных дзеячаў.

- На адной з выставаў у Пецярбургу ў Доме Дзяржавіна, арганізаванай беларускім зямляцтвам, мы ўбачылі партрэт Станюты, - расказвае Віталь Аляшкевіч. - А потым, калі завіталі да мастака дадому, убачылі ў альбоме яшчэ і партрэт Быкава. Прыйшла ідэя, што партрэты трэба вярнуць туды, дзе яны мусяць быць. Партрэт Станюты мы купілі і падарылі ў сакавіку мінулага года на адкрыццё тэатра імя Янкі Купалы пасля рэстаўрацыі, а партрэт Быкава мы дорым сёння дачы-музею.

У 1993 годзе Сяргей Ткачэнка напісаў серыю партрэтаў дзеячаў беларускай культуры і мастацтва. Пачалося ўсё з музыкі і майстра народных інструментаў Уладзіміра Якаўлевіча Пузыні, потым быў партрэт дырэктара нацыянальнага музея Юрыя Аляксандравіча Карачуна, затым партрэты Рыгора Барадуліна, Аляксея Марачкіна, Стэфаніі Станюты, Івана Чыгрынава, Васіля Быкава… Частка гэтых карцін падораная, частка выкупленая, нейкія застаюцца ў мастака. З серыяй гэтых карцін Ткачэнка ўпершыню экспанаваўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 1994 годзе.

Аляксандр Станкевіч назваў знакавым тое, што партрэт Васіля Быкава, які пабываў на многіх выставах, цяпер вяртаецца сюды. Спадар Аляксандр расказаў гісторыю гэтага партрэта:

-  Васіль Быкаў, як вядома, сябраваў з Рыгорам Барадуліным. І калі Ткачэнка напісаў партрэт Барадуліна, таму гэта спадабалася, і ён прывёў мастака да Быкава і пазнаёміў іх. Спачатку Сяргей Ткачэнка зрабіў некалькі эскізаў алоўкам на паперы, Быкаву яны спадабаліся, і ён пагадзіўся пазіраваць для партрэта. Ён сам выбраў з некалькіх накідаў той, на якім ён быў выяўлены ў найбольш характэрнай для сябе паставе. Як сведчыць мастак, гэта адзіны прыжыццёвы партрэт Васіля Быкава з натуры, дзе ён пазіраваў сам. Пісаўся партрэт у кватэры Васіля Быкава на вуліцы Танкавай.

Уручаючы карціну на цырымоніі адкрыцця музея, Віталь Аляшкевіч, які выступіў мецэнатам і набыў для музея гэты каштоўны падарунак, расказаў:

- Калі я зазбіраўся ў Мінск, мае знаёмыя, сваякі, кліенты пыталі, што я буду там рабіць. І я адказваў, што еду на адкрыццё музея Васіля Быкава, што мы хочам падарыць музею яго прыжыццёвы партрэт. Дык вось, ніхто не пытаў, хто такі  Васіль Быкаў: ні маладыя, ні пажылыя, ні людзі сярэдняга веку. А калі я казаў па-руску “Василий Быков”, некаторыя папраўлялі мяне: “Виталий Иванович, Василь Быков”. Таму Васіль Быкаў не толькі ў Беларусі чалавек вядомы, блізкі і родны, але і ў Расіі. Я яшчэ студэнтам яго кнігі чытаў і фільмы паводле іх глядзеў, і дзеці мае таксама знаёмыя з яго творчасцю.

Спадар Віталь згадаў, што калі беларусы Пецярбурга дарылі партрэт Стэфаніі Станюты Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы, то ўручылі яго з пажаданнямі, каб гэта быў не апошні партрэт, каб іх з’яўлялася больш. І вось нядаўна ў размове дырэктар тэатра паведаміў, што з лёгкай рукі беларусаў Пецярбурга ім быў падораны яшчэ адзін партрэт.

- Я думаю, - працягнуў свой выступ Віталь Аляшкевіч, - што і гэты наш партрэт у музеі не будзе апошнім падарункам. Хачу пажадаць, каб да гэтага дому людзі хадзілі. Вас сёння шмат, усе вы розныя, і калі кожны з вас прывядзе сюды сваяка, калі настаўнік прывядзе клас, міністр - кабінет міністраў, журналісты - калег-журналістаў, а мы з Расіі прывязем сваіх сяброў, то тут заўсёды будуць людзі. Я бачыў музеі вядомых  людзей, асабліва палітыкаў, у якія ніхто не ходзіць, а вось сюды будуць хадзіць.

Аляксандр Станкевіч, які з’яўляецца таксама дырэктарам па арганізацыйных пытаннях творчай садружнасці ”Маэстра”, расказаў нам, што партрэт Васіля Быкава - не адзіны падарунак, які беларусы Пецярбурга прывезлі гэтым разам у Беларусь. 2 ліпеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт - падарунак ветэранам да 70-годдзя вызвалення горада. Такое мерапрыемства ладзіцца ўжо чацверты год запар.