Як беларуска ў ЗША зацікавіла беларушчынай мужа-расійца

„Я размаўляю з мужам па-беларуску, прапаную яму чытаць кнігі пра беларускую гісторыю. На адной з імпрэзаў у Чыкага муж быў беларускім Дзедам Марозам, праўда, гаварыў крыху з рускім акцэнтам”, - падзялілася беларуская эмігрантка ў ЗША Жанна Чарняўская. Хоць ад дому спадарыні Жанны ў Нэпэрвілі (Naperville) да беларускай царквы ў Чыкага трэба ехаць на аўтамабілі амаль гадзіну, беларуска часта наведвае святыню. Ейнае аўто можна пазнаць здалёк па налепцы з яскравай чырвонай Пагоняю. Беларуска спявае ў царкоўным хоры і з'яўляецца намеснікам старшыні адзінага беларускага прыходу ў Чыкага.  Паехала на канференцыю, а знайшла мужа

Спадарыня Жанна нарадзілася і вырасла ў Мінску. Пасля заканчэння хімічнага факультэту БДУ працавала ў Акадэміі навук, збірала матэрыялы для кандыдацкай дысертацыі. Паехаўшы на адну з навуковых канферэнцый у Рыгу, спаткала там сваё каханне: на з'езд навукоўцаў завітаў з Расіі будучы муж спадарыні Жанны – Аляксандр, таксама хімік. Пасля вяселля ўраджэнка Мінска пераехала да мужа ў Казань, дзе той працаваў даследнікам у хімічным інстытуце. У Татарстане яна адчула, як прызналася, вялікую спагаду да татарскай мовы.„Ходзячы па вуліцах Казані, я заўважыла, што некаторыя даволі непаважліва ставіліся да татарскай культуры. Мне ж гэта нагадала сітуацыю з беларускай моваю ў нас на радзіме. Я разумела, што духоўная спадчына татараў – важная, як і іншыя культуры, ды захацела больш пазнаёміцца з іхнаю мовай. Купіла сабе падручнікі і самастойна пачала вучыць татарскую мову”. Праз некаторы час спадар Аляксандр атрымаў прапанову працы ў Францыі. За ім туды накіравалася спадарыня Жанна, якая практычна за год даволі добра авалодала французскаю мовай. Але ўжо праз некалькі гадоў – напрыканцы 90-ых – сям'я перабралася ў ЗША, бо Аляксандр як хімік-адмысловец знайшоў больш прэстыжную працу ў амерыканскай фірме, што вырабляе медычныя прылады.  Чаму „ласунак” лепшы за „лакомство”? Спадарыня Жанна адзначыла, што не адразу ўключылася ў беларускае жыццё на эміграцыі, хоць і заўсёды цікавілася беларушчынай: „Я выгадавалася ў рускамоўнай сям'і ў Мінску. Мая мама паходзіць з Заслаўя і вучылася некаторы час у беларускамоўнай школе, але не гаварыла на роднай мове дома. Праўда, яна заўсёды адзначала, што беларуская мова прыгажэйшая за рускую. Паводле яе, беларускі „ласунак” нашмат „смачней” гучыць, чым рускае „лакомство”. Мне найбольш запомнілася, як мама казала з захапленнем: „Ласунак” – такое мілае і прыемнае слова, самі гукі нібы кояць, лагодзяць чалавека”.  Беларускую мову спадарыня Жанна чула ў дзяцінстве ад сваіх бабуляў, якія паходзілі з Магілёўшчыны. Цудоўным апавядальнікам быў адзін з дзядуляў, які любіў расказваць беларускія былічкі-страшылкі.„Дзядуля звычайна распавядаў ад свайго імя, тое, што нібыта сам перажыў. Адна з гісторый, якую памятаю дагэтуль, была пра тое, як дзядуля ў сваім дзяцінстве быў на вяселлі. Калі палез пад бяседны стол, каб падняць нешта, то пабачыў, што нехта з гасцей меў казліныя ногі з капытамі – выходзіла, што на вяселле завітаў сам чорт. Дзядуля вельмі пацешна распавядаў, як потым даваў адтуль драпака”.  Вялікае ўражанне на спадарыню Жанну зрабіў выпадак, калі ўпершыню ў Мінску яна пачула беларускую мову. „Мне было тады гадоў 10-12. Я вярталася са школы з ранцам і на прыпынку пачула, як група людзей размаўляла па-беларуску. Гэта, пэўна, былі пісьменнікі. Але іх мова была настолькі цудоўнай, настолькі лашчыла слых, што я, калі прыбегла дадому, адразу загукала да маці: „Мама, я чула, што па-беларуску ў горадзе размаўляюць!..” „Было адчуванне, што беларусаў няма”
 
У горадзе Мілуокі (Milwaukee), куды сям'я беларускі пераехала з Францыі, складвалася адчуванне, што беларусаў няма, падкрэсліла спадарыня. Толькі пераехаўшы бліжэй да Чыкага – у Нэпэрвіль – жанчына змагла выбрацца ў чыкагскую беларускую царкву. Беларуская праваслаўная супольнасць у Чыкага мела тады свае праблемы: штораз меней было прадстаўнікоў пасляваеннай эміграцыі, а новыя эмігранты з Беларусі не гуртаваліся ля святыні. „На шмат якія беларускія імпрэзы пры царкве прыходзілі беларускія габрэі, сябры чыкагскай арганізацыі „Землякі”. Яны размаўлялі на цудоўнай беларускай мове і па-сапраўднаму, шчыра „хварэлі” за Беларусь”, – падкрэсліла эмігрантка. Шлях да грамадскай дзейнасці Праз некаторы час спадарыня Жанна ўключылася ў грамадскую дзейнасць, хоць гэты досвед быў для яе абсалютна новы. Актывістка пачала збіраць кантакты беларусаў, што жылі ў Чыкага і ваколіцах ды не наведвалі беларускай царквы, каб запрашаць іх на адмысловыя беларускія імпрэзы.  У Беларусі людзі баяцца грамадскай дзейнасці, упэўненая спадарыня Жанна: „Гэта такая нашая звычка – нічым не займацца. У нас на радзіме большасць лічыць, што той, хто займаецца грамадскай дзейнасцю, робіць гэта няшчыра, за грошы, славу ці яшчэ за нешта. У эміграцыі людзі перавучваюцца і разумеюць, што нечым можна займацца, бо гэта падабаецца, бо гэта патрэба сэрца”. 
 
„Мне стала сорамна, што я „маўчу па-беларуску”  Паступова ўцягваючыся ў грамадскую дзейнасць пры царкве, дзяячка цвёрда пастанавіла, што загаворыць на роднай мове: „Пасля столькіх гадоў на чужбіне, калі я добра вывучыла французскую і англійскую мовы, мне проста сорамна перад сабою стала, што я не размаўляю па-беларуску. Наступіў момант, калі я сказала сабе „хопіць”, і з пэўнага дня пачала гаварыць у сям'і ды са знаёмымі на беларускай мове. Спачатку, можа, атрымлівалася не так добра, як хацелася, але галоўнае тут – не знявервацца”.  „Не паддавайцеся русіфікацыі!” Са сваім малодшым сынам Андрэем, які нарадзіўся ў ЗША, спадарыня Жанна таксама размаўляе па-беларуску, бо хоча, каб ён ведаў мову сваіх продкаў і ганарыўся ёю. Палюбіў ды ўсёй душою прыкіпеў да беларускай мовы, культуры і гісторыі таксама муж актывісткі Аляксандр, які ўсяляк падтрымлівае памкненні жонкі. „Толькі калі ён вельмі стомлены, то тады я зноў пераходжу на рускую, – дадала спадарыня. – У яго вельмі добрыя моўныя здольнасці, таму сёе-тое ён даволі хутка навучыўся казаць па-нашаму”.  Спадар Аляксандр бярэ актыўны ўдзел у беларускіх імпрэзах, якія арганізоўвае ягоная жонка: у святкаванні Дня Волі, Купалля, Дзядоў, Калядаў і г.д. Аднойчы ён граў нават Дзеда Мароза на навагоднім ранішніку, вывучыўшы сваю ролю цалкам па-беларуску. „Не паддавайцеся русіфікацыі. Змагайцеся за сваю бацькаўшчыну і мову. Калі не вы, то хто? – заахвочвае знаёмых беларусаў спадар Аляксандр. –Кажуць, што руская мова „вялікая і магучая”. А чым яна вялікая? А чым магутная?”  „Гэта, магчыма, беларуская мова і культура аказала ўплыў на развіццё рускай мовы”, – дадае спадарыня Жанна. Беларускія дыялекты ў ЗША У беларуска-рускай сям'і ў амерыканскім Нэпэрвілі госці могуць вывучыць самабытныя слоўцы, якіх не мелі магчымасці пачуць у Мінску, Горадні ці Віцебску. Да прыкладу, спадарыня Жанна, калі ездзіла ў студэнцкія гады на капанне бульбы ў Магілёўскую вобласць, запомніла там слова „цаўкі” (бульбіны, вараныя цэлымі ў лупінах) ды на эміграцыі навучыла ўжываць яго ўсю сям'ю.  „Наогул, калі я размаўляю па-беларуску з рускамоўнымі беларусамі ў Чыкага, то заўважаю, што яны таксама „заражаюцца” мовай, і раз-пораз у іх гаворцы пачынаюць праскокваць беларускія словы”, – адзначыла дзяячка. Вяртацца ў Беларусь сям'я Жанны Чарняўскай пакуль не збіраецца. Праўда, 12-гадовы сын Андрэй прызнаўся, што плануе некалі жыць у Беларусі. „Можа, куплю ці пабудую там лецішча”, – марыць падлетак.