Беларускія пісьменнікі на Варшаўскім кніжным кірмашы

На Варшаўскім кніжным кірмашы адчынены стэнд з беларускімі кнігамі. Каб прэзентаваць сучасную беларускую літаратуру, польскую сталіцу наведалі пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Ева Вежнавец і перакладчыца Малгажата Бухалік.

Польскім чытачам літаратары распавялі пра стан сённяшняй беларускай літаратуры і яе перспектывы на агульнаеўрапейскім фоне.

Кажа пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса “PARTISAN”Артур Клінаў:

- Звонку Беларусь выглядае асексуальна. Бо што такое сексульнасць у сучасным свеце? Гэта газ, гэта нафта… А ў Беларусі ні нафты, ні газа, ніякіх жарсцяў у нас няма, у нас не ліецца кроў. Калі ліецца кроў, гэта таксама выклікае прыліў цікаўнасці да краіны. І вельмі цяжка свету растлумачыць, але гэта, напэўна, трэба, што Беларусь сексуальна, але яе сесуальнасць іншая – яна не праз нафту і газ, але каб яе ўбачыць, трэба змяніць оптыку...

Таксама пісьменнік дадаў, што сексуальнасць Беларусі ён бачыць ў яе багнах.

Акрамя таго, у межах кірмаша 23 травеня ў будынку Народнага стадыёна адбудуцца паэтычныя чытанні з Андрэем Хадановічам. Сустрэча распачнецца а 17-й гадзіне.