Беларусаў замежжа аддаюць пад кантроль МЗС

Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытанні ўхвалілі закон «Аб беларусах замежжа».

Дэпутаты заслухалі намесніка старшыні міжнароднай камісіі Віктара Фесака, які адзначыў: законапраектам прадугледжана, што адзіным дзяржаўным органам, які адказвае за каардынацыю ў гэтай сферы будзе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Законапраект быў ухвалены ў другім чытанні без дыскусіі. У першым чытанні гэты законапраект прынялі 22 лістапада 2013 года. Тады прадстаўляла гэты дакумент намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Яна сказала, што гэта абсалютна новы для Беларусі закон. "Справа яго падрыхтоўкі ішла не адзін год: не ўсе пагаджаліся, што такі дакумент патрэбны і не ўсе пагаджаліся з ягонай канцэпцыяй. Таму, на погляд Міністэрства замежных спраў, гэты дакумент досыць кампрамісны. Яго мэта — развіваць далейшыя дачыненні з людзьмі, якія лічаць сябе нашымі суайчыннікамі",— заявіла тады Купчына. Паводле звестак грамадскіх аб’яднанняў беларусаў за межамі Бацькаўшчыны жыве 3–3,5 мільёны, паводле звестак міністэрства культуры — 2 мільёны, паводле МЗС — 1,5 мільёны. Цяпер за мяжой дзейнічае 220 беларускіх суполак, найбольш вялікія з іх — у Расіі, Літве, Польшчы, Казахстане, Украіне, ЗША і Канадзе. Закон прызнае некалькі катэгорый людзей, якія адносяцца да беларусаў замежжа. Па-першае, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі; па-другое, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі і самі альбо іх продкі па прамой лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь; па-трэцяе, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі, ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжаньня этнічнай прыналежнасці да беларускага народу, або мовы, культуры і гістарычных сувязяў, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў. Закон прадугледжвае падтрымку беларускіх суполак за мяжой, адкрыццё там культурных цэнтраў, культурны і адукацыйны абмен, права для замежных беларусаў на адукацыю ў Беларусі, гуманітарную дапамогу беларусам замежжа, якія апынуліся ў надзвычайных сітуацыях.