У Беластоку прэзентаваны мультымедыйны праект 90.by

“Адкрываемся” – пад такой назвай у цэнтры імя Людвіга Заменгофа праходзіў семінар аматараў культуры. Экспертамі былі запрошаныя аўтары мультымедыйнага гістарычнага праекта, прысвечанага беларускім 90-ым.

Як падкрэслівае адна з заснавальнікаў сайта Яніна Каралевіч, праект павінен дапамагчы сучасным беларусам адкрыць і асэнсаваць нядаўнюю гісторыю сваёй краіны:

Мне падаецца, што 90-ыя – гэта адзін з самых цікавых перыядаў у гісторыі Беларусі. Гэта час, калі ўзнікала новая беларуская дзяржаўнасць, калі было вельмі шмат розных цікавых праектаў. І гэта час адкрыццяў для беларускай гісторыі. І разам з тым гэта час, пра які вельмі цяжка прачытаць у кнігах ці інтэрнэце, якога тады яшчэ не было. Сучасная беларуская дзяржава лічыць гэты перыяд нецікавым і не піша пра яго ў падручніках.

На сайце 90.by змяшчаюцца звесткі пра 90-ыя гады ў Беларусі, узгаданыя і пераказаныя вядомымі палітыкамі, пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі і журналістамі.

Менш чым за год існавання гэтага сайта з’явілася 100 артыкулаў пра асноўныя падзеі 1990–1999 гадоў. Усе яны паўстаюць з матэрыялаў газет і відэахронік таго часу.