“Чарнобыльскі шлях” пойдзе ў парк Дружбы народаў

Мінгарвыканкам змяніў маршрут правядзення "Чарнобыльскага шляху". Спачатку арганізатары мерапрыемства планавалі правесці дэманстрацыю ад кінатэатра "Кастрычнік" да мемарыялу ахвярам масавых рэпрэсіяў часоў сталінізму ва ўрочышчы Курапаты.

Аднак, па словах старшыні Партыі БНФ, аднаго з аўтараў заяўкі мерапрыемства Аляксея Янукевіча, прадстаўнікі Мінгарвыканкаму спаслаліся на тое, што па шляху маршруту на Курапаты знаходзяцца дзяржаўныя ўстановы, правядзенне масавых мерапрыемстваў побач з якімі забаронена:

- У выніку было вынесена рашэнне - мы атрымалі дазвол на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу. 26 красавіка а 16-й гадзіне збор каля кінатэатра “Кастрычнік”. Ад 16.30 да 17.30 – шэсце па ходніках праспекта Незалежнасці, вуліцы Сурганава да парка Дружбы народаў. І з 17.30 да 18.30 мітынг на цэнтральнай пляцоўцы парка Дружбы народаў.

Па словах Аляксея Янукевіча, асноўныя пасылы да грамадста, якія хочуць данесці арганізатары мерапрыемства да грамадзянаў - патрабаванне належнай ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і адхіленне ядзернай пагрозы з боку Расіі. Такія пагрозы ствараюць атамная станцыя, якая будуецца ў Астраўцы, а таксама магчымае размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.