Выйшлі новыя "Запісы БІНіМ", прысвечаныя беларускім калекцыям на Захадзе

Чарговы выпуск альманаху “Запісы БІНіМ”, які выдае Беларускі інстытут навукі і мастацтва з Нью-Ёрка, прысвечаны калекцыям беларускіх артэфактаў, якія захоўваюцца за мяжой. Дарэчы, частку гэтых калекцый нядаўна перадалі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, які знаходзіцца ў Мінску. Матэрыялы, якія туды трапілі, таксама апісаныя ў новым нумары “Запісаў”, - кажа галоўная рэдактарка альманаху Наталля Гардзіенка:

- Асноўная тэма нумару – гэта ўласна беларускія калекцыі на Захадзе. Прычым апісаныя яны не толькі ў аналітычным плане. У дадатку да гэтага нумару на дыску зроблена спецыяльная мультымедыйная праграма, дзякуючы якой можна пабачыць выявы ўсіх гэтых скарбаў, усіх гэтых артэфактаў беларускай дзейнасці на Захадзе.

У гэтым выпуску «Запісаў» сярод шматлікіх іншых матэрыялаў друкуецца дзённік Кастуся Езавітава, які ён вёў у апошнія месяцы ў Нямеччыне да арышту СМЕРШаўцамі.