Жаночая паэзія Беларусі: Еўдакія Лось

У сваім артыкуле пра адкрыццё выставы сродкаў масавай інфармацыі ды кніг беларускіх пісьменнікаў, які вы, шаноўныя наведвальнікі сайту  ЗБС "Бацькаўшчына", мелі магчымасць прачытаць, я заўважыў, што на выставе "прысутнічае" 50 кніжак толькі празаікаў і паэтаў! Цяпер дадаліся новыя - кніжкі вершаў беларускіх паэтак Яўгеніі Янішчыц, Таісы Бондар (заўважу, што з Таісаю Бондар-Цыманчык мы разам вучыліся ў адным класе Рудзенскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёну, сябравалі...), Дануты Бічэль-Загнетавай, Святланы Каробкінай, Людмілы Рублеўскай, Наталлі Арсенневай, Еўдакіі Лось... Загадчыца юнацкага аддзелу раённай бібліятэкі спадарыня Таццяна Лісавік, прачытаўшы выдадзены на ўкраінскай мове зборнік вершаў  Еўдакіі Лось"Черемховий поїзд", высока ацаніла паэтычны дар нашай славутай паэткі. Мне было прыемна чуць гэта, таму што спадарыню Еўдакію я ведаў асабіста, бо яна часцяком заходзіла у мінскую кнігарню "Цэнтральны", спынялася каля аддзелу беларускай літаратуры, дзе я праходзіў вытворчую практыку падчас навучання на аддзяленні "таваразнаўства кнігі" ў Мінскім кааператыўным тэхнікуме Белспажыўсаюза... Зборнік яе вершаў "Лірыка ліпеня" з аўтографам сёння таксама з’явіўся на выставе, а спадарыня Таццяна, якая ўмее чытаць па-беларуску, адразу ж захадзілася ўголас чытаць вершы  беларускай паэткі, якая ёй палюбілася, па ўкраінскамоўным зборніку "Черемховий поїзд"!..

... Не ведаю, ці спадарыня Таццяна сама зацікавілася паэзіяй Еўдакіі Лось, ці... пад уражаннем ранішніка "Жаночая паэзія Беларусі: Еўдакія Лось", які суполка беларускай культуры "Зорка Венера" ладзіла надоечы да 85-годдзя ад дня народзінаў паэткі. На яго былі запрошаныя аматары паэзіі мясцовай гімназіі №5, што знаходзіцца побач з раённай бібліятэкай, сталыя чытачы бібліятэкі. На пачатку паэтычнай  імпрэзы спадарыня Лісавік  агучыла, што імпрэза праводзіцца  ў  рамках мерапрыемстваў раённай бібліятэкі Году беларускай культуры ва Украіне. Атрымаўшы слова, я распавёў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях беларускай паэткі з Ушаччыны, дадаўшы пра наша асабістае з ёй знаёмства ў Беларусі, і паказаў прысутным яе зборнік вершаў "Лірыка ліпеня" з аўтографам паэткі. Свой выступ хацеў скончыць  радкамі  верша спадарыні  Еўдакіі пра свой родны край: "Мій рідний край - це житній колос, розливи трав, жасмину цвіт, в лісах - співучий пилки голос, коліс важких глибокий слід...", але перадумаў і скончыў яе радкамі  па-беларуску: "Не чакайце, што буду хваліцца перад іншымі мовай маёй. Хіба хваліцца з лесу крыніца, што грымотней яна за прыбой? Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха  слова роднае ў сэрцы спяліць, беражэ ад пагарднага ліха: калі слову, то й сэрцу баліць..."  Гімназісткі таксама чыталі вершы Е.Лось па-ўкраінску  ў перакладзе таленавітай украінскай паэткі Тамары Каламіец. Былі гэта "Соловейко", "Любите, хлопці...", "О  Білорусь, моя ти доле..."  Ранішнік скончыўся, гімназісты пайшлі на ўрокі, а мы яшчэ цягам гадзіны абмяркоўвалі  жаночую паэзію Беларусі, гартаючы старонкі паэтычных кніжак. Чарговым мерапрыемствам Году беларускай культуры ва Украіне ў Ізяслаўскай раённай бібліятэцы  будзе правядзенне конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі на 5 мовах: беларускай, украінскай, польскай, рускай і ангельскай. Творы для дэкламавання выбіраюць самі ўдзельнікі конкурсу - вучні ліцэя №2, гімназіі №5, сярэдняй школы №1, сельскагаспадарчага каледжу, сябры суполкі беларускай культуры "Зорка Венера".

 Пятрусь Капчык, кіраўнік суполкі "Зорка Венера", г.Ізяслаў