Што ў Мінска: твар ці пыса?

Мінчукі горад свой любяць. Гэта факт. І найчасцей прычыны любові — чысціня, талерантныя людзі і спакой на вуліцах. Але ці толькі гэта і ёсць Мінск? Ці хочуць мінчукі нешта ў ім мяняць? І ці могуць хоць неяк уплываць на тое, якім будзе іх горад заўтра? Падчас чарговай дыскусіі кампаніі «Будзьма беларусамі!» архітэктары, урбаністы і знаўцы Мінска шукалі адказ на пытанні, што ўратуе Горад Сонца і гістарычны цэнтр і як зрабіць з яго не проста месца жыхарства, а “горад для людзей”. Каб слова «Кемпінскі» не ператварылася ў архітэктурны панятак.

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4407.jpg

Гарадская прастора ўплывае на жыхароў, вызначае настрой, лад жыцця, жаданне дзейнічаць. З гэтай простай думкі пачала дыскусію рэгіянальны каардынатар “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык. Толькі ці можна назваць Мінск зручным для людзей?

Меркаванне саміх мінчукоў было прадэманстраванае відэаапытанкай: людзі прызнаваліся ў любові да сталіцы і на ўсе пытанні прамаўлялі звыклую мантру: «чысты горад, добрыя людзі, нястрашна вечарамі па вуліцах хадзіць». Але ўдзельнікі ток-шоу — урбаністы, архітэктары і даследчыкі — глядзяць на праблему больш глыбока, рэалістычна і нашмат менш радасна.

Глядзець відэаапытанку №1. Ці камфортна жыць у Мінску?

 

«З норкі на працу, пасля ў царкву і зноў у норку»

Вера Сысоева, урбаніст: «Калі заглыбіцца ў далёкую гісторыю, горад як сацыяльна-эканамічная з’ява ніколі не будаваўся для людзей, ён будаваўся для выгаднай працы з пункту гледжання эканамічных зносінаў, прынамсі, калі абапірацца на марксісцкую тэорыю. Мінск — адна з утопіяў, гэта мадэрнісцкі горад, і ўсе аб’екты ў ім сфармаваныя зыходзячы з таго, як павінен жыць савецкі чалавек. А цяпер мы ў перыядзе трансфармацыі. Аказваецца, горад трансфармуецца ў зручны для жыцця, гэта такі модны трэнд.

У праектаванні гарадоў мусяць быць задзейнічаныя тры віды ўдзельнікаў: тактычнае планаванне — гэта гараджане, маштаб двара ці вуліцы, стратэгічнае, на далёкую перспектыву, — «Мінскград», камітэт архітэктуры. Плюс сцэнарнае планаванне, у якім маглі б паўдзельнічаць госці сённяшняй дыскусіі. На павестцы дня пытанне, якім будзе, скажам, Мінск— 2030? Гэтага ніхто не ведае. Відаць, як зверху скажуць. Хто будзе насяляць горад, для каго мы яго будзем праектаваць? Пытанне адкрытае».

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4727.jpg

«Ці можна падцягнуць Мінск пад горад для людзей?» — спрабуе вярнуць выступоўцу ў рэчышча тэмы мадэратар дыскусіі і галоўны абаронца гісторыка-культурнай спадчыны Антон Астаповіч.

«Можна падцягнуць, — лічыць Вера Сысоева. — Галоўнае, чаго не хапае, — разнастайнасці. Людзі хочуць жыць у складана замешанай прасторы».

«Што такое ўвогуле ўтульнасць горада у агульным разуменні? Гэта зручнае камфортнае жыллё, магчымасць лёгка дабрацца да крамы і назад. Атрымліваецца, я са сваёй норкі выйшаў, паехаў на працу, вярнуўся ў норку. Цяпер у кожным мікрараёне будуюць царкву. Значыць, выйшаў з кватэры, пайшоў на працу, пасля зайшоў у царкву — і зноў у норку, — разважае Антон Астаповіч. — Утульнасць у маім разуменні — гэта нешта іншае: калі ў горад хочацца выйсці, не хочацца сядзець у хаце. У Еўропе ёсць вулічныя музыкі, мастакі, пляцоўкі для атракцыі. А ці ёсць такое ў Мінску?»

Уладзімір Валажынскістваральнік сайта www.minsk-old-new.com: «Утульнасць усе разумеюць па-рознаму. Кажуць, што транспартная развязка ў Мінску добрая, можна ў любы канец горада дабрацца, затое выхады з пераходаў і метро да прыпынкаў праблематычныя, і некаторыя бабулькі кідаюцца праз тры паласы, бо гэта прасцей, чым спусціцца ў доўгі пераход. У Малінаўцы, напрыклад, катастрафічна не хапае стаянак для аўтамабіляў. Знішчаюцца гісторыка-культурныя каштоўнасці, часам абсалютна бяздумна: літаральна днямі на Клары Цэткін знеслі дом 1937 года, а ў нас не так шмат даваенных дамоў.

Таксама цікава наконт сімвала Мінска — раней быў манумент Перамогі, ён пераплятаўся з брамай горада. А апошняе дзесяцігоддзе які ў нас сімвал — Нацыянальная бібліятэка? Але ці ахоплівае яна традыцыі пакаленняў? Рэч у тым, што горад для кожнага свой, нашыя дзеці бачаць яго ўжо зусім не так, як бачылі бацькі».

Карма горада Зменска

Будучыня Мінска, якую сёння не могуць прадвызначыць нават самі архітэктары, на жаль, пагражае ягонаму мінуламу, бо будаўніцтва новага ў нас часта асацыюецца са знішчэннем старога. Хто выконвае функцыі па стратэгічным планаванні горада?

Уладзімір Папругаархітэктар: «Ведаю толькі адзін эпізод, калі гарадская адміністрацыя займалася стратэгічным планаваннем, — гэта пасляваенная рэканструкцыя Мінска. Але памылкі, якія ўвесь час робяцца ў прагнозах, вельмі красамоўныя. Бо калі пасля 1945 года пачаліся першыя крокі ў гэтым кірунку, то максімум, што прагназавалася, — на 1970-я гады 400 тысяч чалавек. Горад будавалі фактычна з чыстага аркуша і зрабілі ўсё, каб ён абнуліўся як гістарычная дадзенасць. Важна памятаць, што Мінск — вельмі старое паселішча, усе астатнія найбліжэйшыя еўрапейскія сталіцы маладзейшыя. Першая ўсходнеславянская пісьмовая крыніца, дзе фігуруе Мінск, — «Слова пра паход Ігаравы». Што характэрна, дзень нараджэння Мінска — 3 сакавіка 1067 года — стаўся першай датай ягонай смерці, бо тады ён упершыню быў знішчаны. Гэты трэнд быў зададзены, і такое адчуванне, што дасёння не перапыняецца. Калі раней гэта былі войны і акупацыя, то цяпер гэта робіцца ўласным рэсурсам за грошы падаткаплатнікаў. Што было зроблена пасля вайны? Усё, што маглі, знеслі, засталося тое, на што не хапіла рэсурсу. Гэта і стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Горад быў зменены настолькі, што для нашага пакалення ўвогуле было загадкай, якім ён быў. Грэх казаць, але шмат чым у разуменні гэтага дапамаглі немцы: яны выпусцілі мапу, на якую нанеслі ўсю забудову Мінска. Апроч таго, немцы зрабілі даволі пісьменную спробу рэканструяваць горад».

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4908.jpg

Артур Клінаў, мастак і літаратар, архітэктар з адукацыі і аўтар канцэпцыі ўтапічнага Горада Сонца, пабудаванага па восі праспекта пасля Другой сусветнай вайны, пагадзіўся з тэорыяй, што і сам праспект, які ўзнік калісьці на руінах, цяпер пад пагрозай знішчэння.

«Такі лёс усіх вялікіх гарадоў. На жаль, і Горад Сонца мае шанец хутка пасці пад нашэсцем дробнабуржуазнага хаосу. Хаця гэта проста лёс Мінска — ён жа такі Зменск. Колькі разоў ён мяняў твар за тысячу гадоў! Мабыць, у яго такая карма, злы лёс: кожныя наступныя прыходзяць і знішчаюць папярэдняе. Не ведаю, ці можам мы ўплываць на карму. Я гляджу з аптымізмам і думаю, што мы мусім захаваць гэтую інкарнацыю Горада Сонца. Бо калі затопчам яе цяпер, то да нас ужо ніхто не прыедзе, і мы будзем жыць у гаўне і калгасе ды ездзіць у Вільню і казаць, як там слаўненька і цудоўненька.

Горад Сонца не ёсць спадчынай ВКЛ і сармацкай культуры. У егіпцян ёсць піраміды, да якіх сучасныя егіпцяне не маюць ніякага дачынення. Горад Сонца — таксама нашая “піраміда”. Чаму б нам не зарабляць на ёй грошы?»

«Калі галоўны архітэктар не можа, то што можам мы?»

Аляксандра Баярына, архітэктар: «Савецкі Горад Сонца, якім нам дастаўся, — гэта сапраўды тое, на чым трэба зарабляць. Нават маршрут па сляпянскай сістэме — гэта ўжо тая экскурсія, што можа прыцягнуць турыстаў. Архітэктурныя экскурсіі сёння ў свеце вельмі распаўсюджаныя.

Але магчымасць уплываць на захаванне горада вельмі ўмоўная. Гэта паказвае апошні прыклад — рух супраць будоўлі кітайскага гатэля «Пекін», які праз месяц будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Былі зборы подпісаў, мітынгі, круглыя сталы, але калі дзяржаве трэба, то пад нож ляжа усё што заўгодна — і праспект, і Свіслач, і Сляпянскае кальцо. Таму калі мы знойдзем спосаб сумясціць бізнес-бачанне і архітэктурнае бачанне, то, магчыма, нешта выратуем, калі не, то ўсё паступова будзе знішчанае».

Удзельнікі дыскусіі прадэманстравалі прыклады, калі невялікая ініцыятыва ўплывала на гарадское фармаванне: улады пагаджаліся зрабіць будынак ніжэйшым на колькі паверхаў альбо дазвалялі пэўныя акцыі. Эксперты сышліся, што лакальныя змены такім чынам сапраўды можна адстаяць, але ў глабальным сэнсе нічога памяняць немагчыма.

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4708.jpg

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры: «Мы не маем уплыву на гарадскую пабудову. Мінск — нетыповы горад, ён заўсёды рос адміністратыўным рэсурсам. Калі ён трапіў у Расійскую імперыю, у ім было 63 мураваныя дамы. Быў сталіцай гіганцкай губерні, пасля сталіцай БССР, і толькі з 1980-х гадоў Мінск пачаў расці сам, у геаметрычнай прагрэсіі. І на сёння ніхто не ўяўляе, якім будзе Мінск-2030. Праектанты заўсёды памыляліся. Спачатку будавалі на 400 тысяч чалавек, пасля планавалі на 700 тысяч — памыліліся. І сёння ні мы з вамі, ні ўлады не ведаюць, колькі людзей будзе тут жыць. Мы існуем у планаванні на год-два — ад выбараў да чэмпіянату. З’яўляюцца аб’екты, якія ўвогуле не фігуравалі ў планах, як гэта было з казіно перад Пішчалаўскім замкам. Калі б нам прапанавалі бачанне новага Горада Сонца ці Месяца, то мы б ужо з ёй спрачаліся. А так атрымліваецца, што мы шукаем чорнага ката ў цёмным пакоі, калі яго няма. Усё робіцца хаатычна: узялі і на два паверхі большым зрабілі «Кемпінскі» альбо пабудавалі хмарачос на Замчышчы. Нават галоўны архітэктар сказаў тады, што гэта памылка, але ён нічога не можа зрабіць. А калі галоўны архітэктар не можа, то што можам мы?

Самае каштоўнае адрозненне Мінска — гэта прырода, водна-зялёны дыяметр, якім так ганарыліся ў 1970-я гады. Цяпер гэтая ўнікальнасць актыўна пляжыцца. Калі будавалі Палац спорту, быў вялізны скандал: як можна ў водна-зялёным дыяметры! Потым будавалі інтэрнат для замежных студэнтаў, і гэта таксама было прадметам шумных абмеркаванняў. Сёння наогул ніхто не ставіць на павестку дня ахову водна-зялёнага дыяметру. Фактычна беззаконная сітуацыя».

Аляксандра Баярына адгукнулася рэплікай: «Лічу, што нашую культурную спадчыну ўратуе толькі крымінальная адказнасць, якая змусіць выконваць закон».

Антон Астаповіч тут жа прывёў прыклад: «Гэта як у анекдоце пра імпатэнта: «узбудзілі, але адмовілі». Усе памкненні Таварыства аховы помнікаў узбудзіць справу заканчваюцца на гэтай “вясёлай” ноце».

Двухмільённы калгас

Горад мяняецца так хутка, што, вярнуўшыся ў яго праз год, можна не пазнаць сваёй вуліцы. А ці мае сталіца свой архітэктурны твар? — звярнуўся з пытаннем да экспертаў Антон Астаповіч.

Уладзімір Валажынскі: «Я думаю, што не».

Уладзімір Папруга: «Гэты твар яшчэ да канца не знішчаны, у нас ёсць надзея. Я не згодны з тым, што горад увесь час змяняўся. Савецкія рэканструктары, каб легітымізаваць знішчэнне, казалі, што Мінск — як птушка Фенікс, што ўвесь час аднаўляецца. Але ўсе змены былі ў межах гістарычна-планіровачнай структуры, гэта тая матрыца, якая дазваляе захоўваць каштоўнасці нават пры знішчэнні будынкаў.

Толькі пасля вайны пачаліся змены, калі крыж паркавай магістралі сеў на Нямігу — гэта адзіны прыклад транспартнай развязкі ў гістарычным цэнтры горада.

Няма ніякага канфлікту паміж Мінскам гістарычным і савецкім. Каб Мінску захаваць твар, нам трэба агледзецца, што тут было да нас. Утульна бывае не там, дзе паркоўкі і веладарожкі, а ў тым горадзе, які мае сэрца».

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4652.jpg

Вадзім Гліннік, архітэктар: «Вядома ж, наш горад мае твар, іншае пытанне, ці падабаецца гэтая пыса тым, хто ў ім жыве. Паводле сваіх абавязкаў я адказваю за захаванне культурнай спадчыны, у прыватнасці праспекта Незалежнасці, тым не менш, нашая урбаністыка — адлюстраванне сістэмы ўлады. Калі паэт можа быць вольным, пішучы ў турме, то горадабудаўнік — не. Адваротнай сувязі грамадства з чынавенствам няма, таму адсутнічае легальны механізм дыскусіі.

Да гэтай сітуацыі прывялі пэўныя чыннікі горадабудаўнічай палітыкі. Беларусь разглядалася як плацдарм, дзе адпрацоўваліся тэхналогіі па стварэнні ідэальнага сацыялістычнага грамадства. Планы развіцця Мінска распрацоўваліся ў Маскве, гэта быў погляд збоку, там з нейкіх прычынаў напланавалі шмат ваенных заводаў, якія ўваходзілі ў агульную сістэму абарончай прамысловасці. Але паколькі не было зваротнай сувязі, потым здзівіліся, што няма каму на іх працаваць. Гэта прывяло да кардынальных зрухаў у сістэме рассялення.

Каб зразумець, што рабіць, трэба звярнуць увагу на сацыялогію. Мінск пасляваенны і даваенны — два абсалютна розныя гарады. Перад вайной мы засталіся без інтэлігенцыі, у вайну мы засталіся без пралетарыяту, які ўвасаблялі беларускія яўрэі. Пасля вайны ў Мінск перасялілі 2 мільёны сялянаў, якія выжылі ў нялюдскіх умовах, пазбаўленыя ўласнасці, а таксама і адказнасці, за іх усё вырашалі. У гэтых сялянаў ёсць пэўная ментальнасць выжывання, гэта людзі несвабодныя, для іх найвышэйшая каштоўнасць — спакой і стабільнасць, а не свабода. У нас не бедны горад, а населены несвабоднымі людзьмі. Тут не развіваецца сучаснае мастацтва, выдавецкая справа, тут не можа развівацца сучасная філасофія, свабодная думка.

Гэта ўсё мае непасрэднае дачыненне да захавання гістарычнага твару горада. Пасля вайны горад будаваўся не для людзей, а для начальства. Калі прайсці па праспекце, убачыш цудоўную прастору для таго, каб тут грымеў парад, каб пастаяць на трыбунах у пыжыкавых шапках. А горад для людзей мы бачым, зайшоўшы ў любы двор і пабачыўшы непатынкаваныя фасады.

Калі заўтра пусціць бульдозер па цэнтры, а пасля забудаваць яго кемпінскімі, гэта нікога не будзе турбаваць. Бо ў большасці людзей — сялянская сістэма каштоўнасцяў».

«Нас чакае перапісванне генеральнага плана Мінска»

Крыху аптымізму дадаў Артур Клінаў: «Два мільёны калгаснікаў, якія жывуць у Мінску, — ужо не зусім калгаснікі. А некаторыя ўжо ў пятым пакаленні мінчане. Мінск змяняецца, і апошнія 5 гадоў гэта стала вельмі заўважна. Вы ж ведаеце, што Мінск — горад без галерэй? Ну бо ў калгасе няма галерэй, не прынята. Але першая ўжо з’явілася, нешта мяняецца да лепшага. Таксама ў двухмільённым калгасе вельмі важны голас экспертаў, важна сфармуляваць прапанову, грамадства проста абавязанае гэта зрабіць, і ідэя будзе жыць. Інакш мы бяром адказнасць за бяздзеянне на сябе».

http://budzma.by/wp-content/gallery/minsk/tarantino-by-2014_tok-show-minsk-arhitektura-4871.jpg

Сяргей Харэўскі: «Праблема і ў тым, што большасць тых, хто забудоўвае Мінск, — не гараджане і ўвогуле не тутэйшыя людзі. Патлумачыць турэцкаму ці ліванскаму будаўніку, у чым нашыя каштоўнасці, даволі складана.

Я супраць таго, што мы 70 гадоў гаворым, быццам Мінск вясковы ці калгасны горад. Гэта не так, і ўсе дадзеныя сацыялогіі сведчаць, што у 1978—1979 гг. у Мінску 70% людзей былі занятыя ў вытворчай сферы, бо ён будаваўся як пралетарскі горад. А да канца 1980-х ужо 60% займалася ў невытворчай сферы — паслуг, культуры, асветы. А цяпер у Мінску ў вытворчасці занята блізу 20%, то бок 80% жыхароў горада працуюць у іншых сферах. І яны ўжо страшна далёкія і ад калгаснай, і ад сялянскай ментальнасці, бо гэтая ментальнасць прадугледжвае штодзённае даенне, там не выпадае ўпадаць у лірычны настрой».

Суразмоўцы супалі ў думцы, што адзінае, што можна зрабіць у сённяшняй сітуацыі, — гэта працягваць выступаць з праектамі, ідэямі, крэатыўнымі хадамі. «Ініцыяваць прапановы, а часам і навязваць», — дадаў Антон Астаповіч.

Вера Сысоева: «Я не адкрыю сакрэту, але на павестцы дня перапісванне генеральнага плана Мінска, у лістападзе гэтага года ён павінен паступіць у экспертызу. І наш новы галоўны архітэктар Мікалай Уласюк паставіў пытанне, як бы нам перайсці на еўрапейскія рэйкі ў праектаванні, калі ўдзельнічае грамадскасць, і сфармуляваць новыя паказнікі шчыльнасці, пажаданай для Мінска. Так што прапісаныя догмы таксама могуць змяняцца».

Аптымістычную падагульняючую ноту ў завяршэнне дыскусіі ўнесла каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!»Ніна Шыдлоўская: «Пры канцы хачу проста нагадаць адну рэч, якая, магчыма, не была сёння добра сфармуляваная: гарадская прастора складаецца не толькі з гісторыка-культурнай спадчыны, гэта таксама і тыя асяродкі, якія мы, простыя жыхары, можам ствараць, паляпшаць і візуальна, і па зручнасці арганізацыі нашай тэрыторыі. Таму неабходныя пэўныя адукацыйныя пасылы людзям, якія побач з намі, у тым ліку і спецыялістам, з якімі мы ўзаемадзейнічаем. Той адсотак людзей, які заклапочаны, каб фармаванне гарадской прасторы абапіралася на нацыянальныя традыцыі і культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова, мусіць быць і асветнікам у гэтай галіне, каб адрадзіць культурныя традыцыі горадабудавання, якія Беларусь ад часоў ВКЛ мела як еўрапейская дзяржава».

Аляксандра Дорская

Фота: Аляксандр Ждановіч