Таварыству беларускай культуры ў Літве 25 гадоў!

У суботу, 5 красавіка, адна з найстарэйшых беларускіх арганізацыі Літвы найноўшага часу Таварыства беларускай культуры адзначыла 25-годдзе сваёй дзейнасці. Ля вытокаў стаялі: Хведар Нюнька, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зоська Верас, Кастусь і Леакадыя Шышэі, Лявон Кароль, Мікола Рулінскі, Аляксей Анішчык і інш. Яны былі першымі пасля амаль 50-гадовага забыцця, хто ўзяўся за адраджэнне беларускасці ў гэтым краі.

Устаноўчы сход адбыўся 4 лютага 1989 г., на які сабралася больш за 200 чалавек, таксама былі прадстаўнікі і з Беларусі, галоўным чынам, з Менску. Пасля яго арганізацыю зарэгістравалі пры фондзе культуры Літвы, які ўзначальваў Чэслаў Кудаба. Старшынёй ТБК быў абраны Хведар Нюнька, які застаецца на гэтай пасадзе да цяперашняга часу. З таго часу і пачаўся адлік новага беларускага жыцця ў Літоўскай Рэспубліцы.

Створаная арганізацыя заўжды стаяла на пазіцыі захавання беларускай культуры як у Літоўскай Рэспубліцы, так і ва ўсім свеце. Можна без перабольшвання сказаць, што менавіта дзякуючы Таварыству ў Літве ведаюць, што ёсць беларусы і што і іх гісторыя цесна звязаная з гэтай краінай.

Аб жыццядзейнасці любой арганізацыі сведчыць зробленая ёй справа. Таварыства за свае 25 гадоў не толькі засведчыла аб беларускай прысутнасці ў Вільні і Літве, але і замацавала ў ёй беларускія сляды. Дзякуючы намаганням Таварыства ў Літоўскай сталіцы працуе беларуская гімназія, у Літоўскім эдукалагічным універсітэце ёсць беларускі цэнтр. Можна сказаць, што дзякуючы старанням арганізацыі, у Літве можна набыць сярэднюю і вышэйшую адукацыю на беларускай мове. Гэта адна з найбольшых заслугаў Таварыства.

Дзякуючы старанням ТБК у Вільні ўсталяваны помнікі на магілах беларускіх дзеячаў і мемарыяльныя дошкі Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Рыгору Шырму, Янку Купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Пятру Сергіевічу, Наталлі Арсенневай, Максіму Гарэцкаму, Адаму Станкевічу...

Дзякуючы старанням і намаганням ТБК на Лукішскім пляцы захавана месца, на якім царскія акупанты пазбавілі жыцця нашага героя Кастуся Каліноўскага. Важным таксама з’яўляецца тое, што намаганнямі ТБК у Вільні некалькі вуліц названы імёнамі вядомых беларускіх дзеячоў: Купалы, Коласа,...

ТБК правяло пяць канферэнцый беларусаў Балтыі, брала ўдзел ва ўсіх з’ездах беларусаў свету. Мае вельмі цесныя кантакты з беларускімі дыяспарамі як блізкага, так і далёкага замежжа.

Традыцыйна арганізацыя штогод адзначае самыя вялікія нацыянальныя святы: Дзень абвяшчэння БНР 25 сакавіка і Дзень Герояў (Слуцкі збройны чын). Традыцыяй ужо стала штогод 22 сакавіка ладзіць шэсце памяці Кастуся Каліноўскага. У апошнім шэсці ўзяло ўдзел больш за 200 чалавек.

Таварыства патрымлівае самыя цесныя кантакты з кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі. Напрыклад, 26 сакавіка 2008 г. сябры ТБК былі запрошаны на сустрэчу з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі і атрымалі віншаванні з нагоды 90-годдзя абвяшчэння БНР. Частымі гасцямі бываюць Вітаўтас Ландсбергіс, Андрус Кубілюс, Эмануэліс Зінгерыс і іншыя выдатныя палітыкі Літвы.

Не менш цесныя і цёплыя кантакты Таварыства падтрымлівае і з беларускімі дзеячамі этнічнай бацькаўшчыны. Відаць цяжка знайсці імя выдатнага беларускага дзеяча, які не быў бы ў Таварыстве.

На святочную імпрэзу сабралася шмат беларусаў-віленчукоў, а таксама прыехалі госці з Беларусі. Свой срэбны юбілей Таварыства адзначыла ва ўрачыстай абстаноўцы. Таксама ў гэты дзень старшыня ТБК Хведар Нюнька адзначаў сваё 86-годдзе. Павіншаваць шаноўнага спадара Хведара прыехалі Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Уладзімір Хільмановіч, Вольга Мікалайчык і інш. У сваіх прамовах яны адзначылі важнасць дзейнасці Таварыства не толькі для беларусаў Літвы, але і для самой метраполіі, падзякавалі сп. Хведару за яго актыўную жыццёвую пазіцыю і за жыццё, прысвечанае захаванню і распаўсюду беларускасці ў Літве. Таксама перадалі віншаванні ад Радзіма Гарэцкага і інш. З літоўскага боку павіншаваць прыйшоў вядомы праваабаронца Стасіс Каўшыніс, адзначыўшы важнасць супрацоўніцтва Таварыства з літоўскім бокам.

Сябры Таварыства віншуючы спадара Хведара, падзяліліся ўспамінамі, узгадалі пра працу ў Таварыстве. Таксама многія выказвалі занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі і выказалі гонар за Украіну, якая сёння здабывае свабоду і становіцца вольнай дэмакратычнай дзяржавай. Амаль ва ўсіх выступоўцаў гучаў спадзеў на тое, што і Беларусь у хуткім часе здабудзе сабе незалежнасць.

Галоўная значнасць працы Таварыства – захаванне беларускасці. І гэта важна перадусім для самой Беларусі, якая ў чарговы раз апынулася пад маскоўскай зневажальнай акупацыяй. Але тое, што беларусы перажылі 200 гадоў вынішчэння, прыніжэння, сведчыць, што знішчыць іх немагчыма. Нараджаюцца ўсё новыя і новыя пакаленні беларусаў, якія ведаюць хто яны, адкуль, якія іх карані і мова. І акупанту гэты працэс не спыніць. На жаль, усходні агрэсар замест таго, каб стаць беларусам сябрам і партнёрам, вырашыў пайсці ў адваротным кірунку, не разумеючы, што гэта толькі загартоўвае дух беларусаў. І калі нацыя адродзіцца, гэта будзе нагадваць узурпатару, і зразумела, шчырых адносінаў не будзе, выключна па віне Расіі.

Час ідзе. Таварыства перакрочыла свой першы юбілей (срэбны). Наперадзе – чарговая праца па захаванні беларускасці і беларускіх слядоў як у нашым Вечным Горадзе, так і на этнічнай бацькаўшчыне.

Д-р Алесь Адамковіч

Вільня 6 красавіка 2014 г.