Нашы беларусы - з Масквы гледзячы

Прэзетнацыя кнігі Аляксея Каўкі “Мае беларусы” адбылася 5 красавіка ва ўтульнай зале бібліятэкі імя А.Ахматавай, што ў маскоўскім раёне Крылацкае.

Кніга напісана пра беларусаў і для беларусаў - як іх убачыў, зразумеў і адчуў сэрцам аўтар. Аляксей Каўка – руплівы працаўнік на ніве беларушчыны, якому ў канцы 80-х гадоў выпала гуртаваць беларускую дыяспару ў Маскве праз створанае ім разам з групай аднадумцаў маскоўскае Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны (снежань 1988 г.). Гэтым выданнем і адзначаны 25-гадовы юбілей Таварыства.

На прэзентацыі сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў “скарынічаў” – стваральнікі таварыства і моладзь, а таксама расійскія навукоўцы, былыя калегі А.Каўкі, ад якіх прывітальныя словы сказала пані Інэса Яжбароўская, вядомая даследчыца расійска-польскіх адносін і аўтарка кнігі пра Катынь.

Прывабіла ўдзельнікаў сустрэчы і выстава беларускіх кніг, выдадзеных маскоўскімі “скарынічамі” (творы Ф.Скарыны, Янкі Купалы, М.Улашчыка, альманах “Скарыніч” і інш.).  Частка з іх пасля прэзентацыі была падаравана бібліятэцы і будзе даступная шырокаму маскоўскаму чытачу.

Кніга “Мае беларусы” працягвае традыцыі беларускага творчага жыцця ў маскоўскай і расійскай прасторы,  спалучае асабістае і агульнаграмадскае ў аўтарскіх клопатах, перажываннях і здзяйсненнях на палетку беларушчыны. Прысвечаная маці – Ганне Маркаўне Атрашэўскай, кніга пачынаецца з вельмі кранальнай тэмы бацькоў і сірочага дзяцінства (“Мамін ручнік”). Уражваюць з кніжных старонак постаці родных сясцёр аўтара, блізкіх сваякоў, сяброў маладосці – людзей, працятых штодзённа зямнымі і вышэйшымі, духатворчымі памкненнямі.

Вылучаюцца ў кнізе партрэтныя замалёўкі з вядомымі постацямі творцаў нацыянальнай культуры: Зоська Верас – Л.Сівіцкая, К.Буйло, М.Улашчык, Я.Брыль, Ю.Туронак, М.Гайдук, Ул.Калеснік, М.Ермаловіч, Г.Каханоўскі, Г.Кісялёў, В.Скалабан, М.Сяднёў і інш. – асабістыя ўражанні пра якіх, безумоўна, багацяць традыцыі айчыннай мемуарыстыкі.

Бел-чырвона-белаю стужкаю трапеча праз усе старонкі кнігі наша нацыянальная ідэя ў яе дзяржава- і культуратворчых парываннях, у гістарычным самасцвярджэнні краіны Беларусь у кантэксце адносін з найбліжэйшымі суседзямі – Расіяй, Украінай, Літвой і Польшчай.  Гэтай жа беларускай пранікнёнасцю вызначаюцца і вершаваныя строфы-прысвячэнні калегам, сябрам-аднамыснікам.

Не меншай увагі заслугоўвае прадстаўленая ў кнізе тэма “Беларуская Масква” пра нашую культурна-творчую прысутнасць у Маскве цягам многіх стагоддзяў.  На думку прысутных і выступоўцаў (І.Капчынская, Я.Шэгідзевіч, С.Магілявец, А.Улашчык, В.Чайчыц, Д.Зяньковіч), гэтая тэма вартая адмысловага выдання, з чым пагадзіўся і А.Каўка, на заканчэнне зазначыўшы, што меркаваная кніга, як і, напрыклад, ужо вядомыя грунтоўныя працы пра беларусаў Пецярбурга і беларусаў Вялікабрытаніі, стала б прыкметным сведчаннем нацыянальна-духовай сталасці нашых суродзічаў у Маскве. Прапанаваны праект узрушана падтрымалі і расійскія калегі-навукоўцы прафесар І.Яжбароўская, Т.Конышава, М.Чахлоў .

Прэзентацыя прайшла ў цёплай добразычлівай атмасферы. Госці і выступоўцы адзначылі натхняльны характар кнігі Аляксея Каўкі “Мае беларусы” і пажадалі аўтару плённай далейшай працы.

Віктар Чайчыц, Масква