Івонка Сурвілла звярнулася з лістом да беларускага народа

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася з лістом да беларускага народу, у якім папярэдзіла пра магчымую агрэсію з боку Расіі і заклікала да нацыянальнага яднання. У адрозненне ад штогадовых зваротаў з нагоды 25 Сакавіка, рэлігійных святаў альбо рэгулярных заяваў наконт актуальных палітычных ды грамадскіх падзеяў, з лістамі да беларускага народу Івонка Сурвілла звярталася толькі чатыры разы за сваё больш як 16-гадовае знаходжанне на пасадзе старшыні Рады БНР, цяперашні ліст – пяты па ліку. Ліст змешчаны на старонцы Рады БНР у facebook. «Дарагія суродзічы, браты і сёстры беларусы! - гаворыцца ў лісце. -- Звяртаюся да вас з лістом у чарговы раз. Як і папярэднія разы, раблю гэта, бо цяпер пагражае Беларусі вялікае гора, і я не пэўная, што вы, будучы засыпаныя хлуслівай прапагандай, усведамляеце ўсю глыбіню гэтай небяспекі. Чалавек, якога вы абралі дваццаць гадоў таму на найвышэйшую пасаду і які абяцаў народу залатыя горы, даўно ўжо забыўся на народ. Золата ідзе яму, ягонай сям'і і памагатым, а ашуканаму народу застаецца толькі гора. Ён гатовы прадаць усё лепшае ў Беларусі, зрабіўшыся закладнікам крамлёўскага агрэсара, які пачаў адбудоўваць сваю страчаную імперыю, новую імперыю зла. Сёння, у 2014-м годзе, хачу прыцягнуць вашую ўвагу на адкрыта агрэсіўную дзейнасць будаўніка гэтай імперыі, былога палкоўніка КГБ Пуціна, не толькі за ўсходняй мяжой, але і ўнутры Беларусі, дзе ствараюцца і ўмацоўваюцца расійскія вайсковыя базы, нібыта дзеля абароны ад ворагаў. А беларускі народ, які гэтак пацярпеў ад войнаў, згодны амаль на ўсё, «абы не было вайны». А ваяўнічая адбудова імперыі верагодна прывядзе да ваенных акцыяў, у якіх ізноў будуць гінуць маладыя беларусы і будзе знішчацца краіна. Падзеі, якія адбыліся ва Украіне апошнім часам, паказваюць, што Расія не змянілася. Гэта не той «старэйшы брат», з якім беларусы нібыта зжыліся цягам дзесяцігоддзяў, а захопнік, супраць якога нашыя продкі змагаліся на працягу ўсяго XIX стагоддзя, і які адабраў у нас пачуццё годнасці, родную мову, культурныя і маральныя каштоўнасці і нават нацыянальную свядомасць. Гэта той самы «маскаль», супраць якога перасцерагаў нас Кастусь Каліноўскі. Калі спраўдзяцца змрочныя прадказанні палітычных аналітыкаў, Расія пачне з сумнавядомай «абароны рускамоўных». Пасля чаго з дапамогай свайго закладніка Лукашэнкі правядзе чарговы сфальшаваны «рэферэндум», паводле якога 125 % насельніцтва Беларусі выкажацца за ўваход у склад Расійскай Фэдэрацыі. І на гэтым усё скончыцца. Незалежнасць, за якую найлепшыя сыны і дочкі Беларусі змагаліся два стагоддзі – зноў будзе страчаная. І гэтым разам, магчыма, назаўсёды, бо Масква ўмее прамываць мазгі, а мы – толькі між сабой ваюем. Як і іншыя паняволеныя народы. Каб бараніцца ад чарговай акупацыі, нам патрэбная нацыянальная салідарнасць і вера, што здолеем перамагчы. Дарагія суродзічы! Калі вы адчуваеце сябе беларусамі, а не толькі «тутэйшымі», калі вы жадаеце жыць у краі шчаслівым і заможным, давайце забудземся пра ўсё, што нас падзяляе, дзе б мы ні жылі – на Бацькаўшчыне ці за мяжой. Будзьма гатовыя даць адпор захопнікам, якія жадаюць ізноў зрабіць Беларусь калоніяй сваёй імперыі – дзеля сваіх уласных «нацыянальных інтарэсаў», ніяк не нашых. Адзіны супольны нацыянальны інтарэс беларускага народу – гэта замацаваць сваю незалежнасць. Усяго іншага мы з часам дасягнем, бо мы народ разумны, здольны, працавіты. Тады будзе час вырашыць, якой мы хочам бачыць нашу вольную, незалежную краіну, і брацца за працу, каб здзейсніць нашыя мэты. Адзінае, чаго мы не можам сабе дазволіць, калі любім свой край і жадаем перадаць яго сваім дзецям і ўнукам вольным ды заможным, -- гэта быць абыякавымі і чакаць, злажыўшы рукі, новае агрэсіі з боку суседа, у якога адзіная перавага перад намі – сіла зброі. Дык абвесцім свету, што мы – гаспадары на сваёй зямлі, і што інакш яно быць не можа. Дамагаймася свайго права жыць спакойна ў сябе дома, без ніякіх пагрозаў ад суседа. Дамагаймася усе разам, каб Масква вывела з нейтральнай Беларусі свае базы і войскі. Беларусь таксама павінна выйсці з так званай сістэмы калектыўнай бяспекі СНД, якая цалкам кантралюецца расійскім Генштабам. Не дазволім, каб нашую моладзь уцягнулі ў чужую вайну. Свет наш пачуе і дапаможа, бо пабачыў на свае вочы сапраўдны твар пуцінскай Расіі» - гаворыцца ў лісце старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы да беларускага народу.