Беларускі культурны рух “Клiч” будзе створаны ў Малдове

У Малдове будзе створаны Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова “Клiч”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Такое рашэнне было прынятае 30 сакавіка 2014 года ў Кішынёве на ўстаноўчай канферэнцыі гэтага грамадскага аб’яднання, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Малдове, Беларускай абшчыны Малдовы, асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь”, іншых беларускіх этнакультурных арганізацый, а таксама Таварыства дружбы Малдова-Беларусь.

Удзельнікі зацвердзілі статут Беларускага культурнага руху “Клiч”, выбралі праўленне і кіраўніка руху, вырашылі шэраг іншых арганізацыйных пытанняў. У Кішынёве будзе размяшчацца Каардынацыйны савет руху.

Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Беларускага культурнага руху Малдовы “Клiч”, кіраўнік Беларускай нядзельнай школы ў Кішынёве Ганна Мазур, Беларускі культурны рух “Клiч” будзе другой па ліку ў Малдове этнакультурнай арганізацыяй, якая мае рэспубліканскі статус (пасля Беларускай абшчыны Малдовы). У цэлым у розных гарадах і рэгіёнах Малдовы цяпер дзейнічае 8 беларускіх этнакультурных арганізацый, у краіне пражываюць каля 6 тыс. беларусаў.

Рух “Клiч” было вырашана стварыць у Малдове перш за ўсё для актывізацыі працы з этнічнымі дзецьмі і моладдзю, якія пражываюць у рэспубліцы. Асноўнымі мэтамі гэтага руху будуць захаванне, вывучэнне, развіццё і папулярызацыя беларускай культуры, мовы, гісторыі, традыцый, звычаяў, нацыянальнай і культурнай самабытнасці, духоўных і маральных каштоўнасцяў беларускага народа, сімбіёз культур беларускага і малдаўскага народаў, садзейнічанне ўмацаванню сяброўскіх стасункаў паміж Беларуссю і Малдовай. Іншымі важнымі задачамі руху “Клiч” яна назвала захаванне беларускай дыяспары ў Малдове і развіццё яе спецыяльных інстытутаў, рэалізацыю і абарону канстытуцыйных правоў і свабод, нацыянальнай годнасці ўдзельнікаў руху, падтрымку прадстаўнікоў беларускага этнасу, садзейнічанне развіццю міжкультурнага дыялогу, талерантнасці, узаемаразумення, супрацоўніцтва і сяброўскіх стасункаў паміж беларускай дыяспарай і прадстаўнікамі іншых этнасаў і нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Малдовы і за яе межамі.

Беларускі культурны рух “Клiч” ствараецца ў асноўным уласнымі сіламі і рэзервамі, адзначыла Ганна Мазур. Аднак чакаецца, што дапамогу яму змогуць аказваць гандлёвыя прадстаўнікі беларускіх кампаній у Малдове. Акрамя таго, пасля прыняцця закона аб беларусах замежжа больш дапамогі зможа аказваць і пасольства Беларусі ў Малдове.