Беларусы Данецка выступілі на літаратурных чытаннях да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

12 сакавіка ў Данецкам абласным мастацкім музеі адбылася літаратурная імпрэза “Прысвячэнне Тарасу Шаўчэнку”, якая праходзіла ў рамках выставы “Мастацкая шаўчэнкіяна”, адкрыццё якой адбылося 20 лютага 2014 года.

Дырэктар мастацкага музея Галіна Чумак, вітаючы прысутных, выказала сваё захапленне шматгранным талентам Тараса Шаўчэнкі і прадставіла ўдзельнікаў.

Прадстаўнікі розных этнічных супольнасцяў Данецкай вобласці дэкламавалі вершы Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі на сваёй роднай мове. Так, з вуснаў школьнікаў і студэнтаў несмяротныя творы геніяльнага паэта прагучалі на ўкраінскай, беларускай, польскай, грэцкай (румейскай), армянскай, ромскай і азербайджанскай мовах.

Ад грамадства беларусаў выступіла вучаніца 8-га класа школы №33 Кароль Вікторыя. Яна прачытала “Заповіт” на беларускай мове ў перакладзе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Яркай кульмінацыяй літаратурнай “шаўчэнкіяны” стала выступленне трох таленавітых бандурыстак з ансамбля “Спiваночкi” Данецкай абласной філармоніі, а таксама творчага дуэта студэнтак Данецкага вучылішча культуры.

Удзельнікам мерапрыемства ўручалі памятныя падарункі, а для гасцей правялі бясплатную экскурсію па экспазіцыі “Мастацкая шаўчэнкіяна”. Куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік Данецкага мастацкага музея Блізнюк Аляксандр Паўлавіч прадставіў больш за 100 твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўнага мастацтва і скульптуры знакамітых украінскіх мастакоў, прысвечаных жыццю і творчасці Тараса Шаўчэнкі.

18 сакавіка 2014 г. у лекцыйнай зале бібліятэкі прайшлі краязнаўчыя чытанні “Мі чуємо табе, Кабзару, крізь століття: Шаўчэнка ў нацыянальна-культурных традыцыях карэннага насельніцтва і нацыянальных меншасцяў Данеччыны”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Данецкія абласныя грамадскія арганізацыі беларусаў, азербайджанцаў, грузінаў, палякаў і інш.

Вікторыя Кароль не толькі прачытала “Заповіт” Тараса Шаўчэнкі на беларускай мове, але і распавяла прысутным, што ў Беларусі ведаюць і любяць творчасць Тараса Шаўчэнкі. У Мінску і ў абласных гарадах краіны ўстаноўленыя помнікі вялікаму паэту. Народны паэт Беларусі Янка Купала неаднаразова выказваў захапленне ўкраінскай літаратурай і ў прыватнасці Тарасам Шаўчэнкам. У 1928 ён пісаў у аўтабіяграфіі: “Украінскую літаратуру я люблю... З украінскіх паэтаў больш за ўсіх, безумоўна, люблю Шаўчэнку”. Да найлепшых твораў Янкі Купалы належаць верш “Памяці Шаўчэнкі” (1909 г.), і паэма “Тарасова доля” (1939 г.). Янка Купала быў актыўным папулярызатарам творчасці Шаўчэнкі сярод беларускага народа. Ён пераклаў на беларускую мову некалькі яго вершаў. У 1911 г. у Вільні пад рэдакцыяй Янкі Купалы апублікаваны (да 50-годдзя з дня смерці Тараса Шаўчэнкі) асобнай кнігай пераклад паэмы “Кацярына”. У 1939 годзе пад рэдакцыяй Янкі Купалы і Якуба Коласа ў перакладзе на беларускую мову выдаецца “Кабзар”. У траўні 1939 г. Янка Купала і Якуб Колас бяруць удзел у юбілейным пленуме Саюза пісьменнікаў, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, выступаюць з дакладамі. 7 траўня 1939 года Янка Купала наведвае магілу Тараса Шаўчэнкі. Падчас выступу Янка Купала прачытаў свой ​​пераклад “Запавету”.

Другая частка краязнаўчых чытанняў - літаратурна-музычная кампазіцыя на творы Тараса Шаўчэнкі. Для ўсіх прысутных выступілі данецкія паэты Людміла Богун і Уладзімір Чачанідзэ, студэнткі Данецкага вучылішча культуры Юлія Гарбачова і Анастасія Румянцава; Марыупальскі кампазітар, лаўрэат Усеўкраінскай літаратурнай прэміі Уладзіміра Сасюры Рыгор Кабанцаў.