Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Янка Запруднік: Пра незалежнасць, пытанне беларускай «волі-няволі» ў мінуўшчыне ды паняцце «незалежнік»

Даклад на святкаваньні ў Нью-Ёрку 23 сакавіка 2014 г. 96-х угодкаў абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.Беларуская Народная Рэспубліка мае свой юрыдычны пачатак у трох устаўных граматах, апублікаваных Выканаўчым Камітэтам Рады Першага Усебеларускага З’езду.

З’езд гэты, у якім ўзяло ўдзел 1915 дэлегатаў, быў скліканы ў снежні 1917 года. Пасля колькіх дзён працы з’езду расійскія бальшавікі разагналі яго сілаю зброі. Ад імя гэтага форуму далей гаварыў выканаўчы ці, як тады казалася, спаўняючы камітэт. Камітэт выдаў у лютым і сакавіку 1918 года тры ўстаўныя граматы*, у якіх сцісла выкладзеныя ідэі й прынцыпы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першая Устаўная Грамата была зваротам-заклікам «Да народаў Беларусі». У ім казалася:

«Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самавызначэньне».

Выканаўчы Камітэт абвясціў таксама, што «да скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму часовую ўладу ў краю будзе зьдзеясьняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі».

Наступным эпахальным дакументам сталася праз два з палавінаю тыдні, 9-га сакавіка 1918 года, Другая Устаўная Грамата, якую можна назваць зародкам канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй сказана, што гэта — «пастанова аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў». У грамаце восем лаканічных параграфаў, у першым з іх чытаем:

«Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай».

Пяты параграф абвяшчаў дэмакратычны лад Рэспублікі: «свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; бязумоўную свабоду сумленьня, незачэпнасьць асобы й памешканьня».

І ўрэшце раніцай 25 сакавіка 1918 года, пасля ўсяночных напружаных дэбатаў, была прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата – акт аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі з ягоным трыумфальным сказам:

«Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай».

Гэтак вось 96 гадоў таму ажыццявілася, аформілася палітычна й юрыдычна зароджаная яшчэ ў другой палавіне ХІХ стагоддзя ідэя дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Тры Устаўныя Граматы Выканаўчага Камітэту Першага Усебеларускага З’езду — гэта асноўныя дакументы беларускай палітычнай гісторыі й незалежніцкага руху.

У сувязі з угодкамі Акту Незалежнасці хачу закрануць тут пытанне пра гістарычны час «волі» й «няволі»Беларусі: калі ў сваёй мінуўшчыне Беларусь была «вольнай» і калі перастала быць такой?

Першая грамата гэтага пытання не кранала. А ў другой сказана:

«Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі…» Дык калі тая «няволя» пачалася?

Адняўшы ад 1918 «тры з паловай вякі», мы вяртаемся ў 1568 год. Гэта – пярэдадзень Люблінскай уніі Вялікага Княства Літоўскага з кароннай Польшчай.

Люблінская унія 1569 года – вялікая тэма ў нашай гісторыі з вельмі сумным вынікам для Беларусі.

Унія гэтая, як агульна ведама, прывяла амаль да татальнай паланізацыі верхняга пласта беларускага грамадства й да страты беларускай мовай у 1696 годзе статусу афіцыйнай мовы ВКЛ. Вось чаму, азіраючыся ў 1918 годзе назад у мінуўшчыну, аўтары Другой Устаўной Граматы, бачачы, што панятак «беларускі народ» зведзены ў асноўным да панятку абяздоленай сялянскай масы, далі мінулым стагоддзям такую адмоўную ацэнку — «няволя».

Зусім інакш, аднак, выглядае наша мінуўшчына праз прызму Трэцяй Устаўной Граматы. Тут ужо чытаем, што «ярмо дзяржаўнай залежнасці… гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край».

Гістарыяграфічнае разыходжанне паміж другой і трэцяй устаўнымі граматамі адносна «няволі» й «волі» роднага краю вымагае тлумачэння, бо дасюль, наколькі мне ведама, ніхто ім не займаўся. А гэта, бадай, таму, што недастаткова матэрыялаў для такога разгляду: няма патрэбных пратаколаў паседжанняў, прэсавых паведамленняў, лістоў, мемуарных запісак. Нам няведама, якія канкрэтна былі спрэчкі-дыскусіі, як адбывалася галасаванне, як уплывалі на працу выканаўчага камітэту вонкавыя ваенна-рэвалюцыйныя абставіны. Але разам з тым мы ведаем, што сярод лідараў незалежніцкага руху ды палітычных дзеячаў таго часу былі людзі высокаадукаваныя і палітычна дасведчаныя. Натуральна, яны маглі адрознівацца адзін ад аднаго палітычнымі перакананнямі ды поглядамі на мінуўшчыну краю.

Думаю, што аўтары Трэцяй Устаўной Граматы сказалі пра Рэч Паспалітую, у складзе якой была Беларусь, як пра «наш вольны і незалежны край» з гледзішча на Канстытуцыю 1791 года. Канстытуцыя гэтая была сфармуляваная ў духу французскай рэвалюцыі й дэмакратычных ідэяў незалежных Злучаных Штатаў Амерыкі. Хоць яна і абвяшчала дзяржаву ўнітарнай, касуючы асобны статус Вялікага Княства Літоўскага, яна адначасна пашырала грамадзянскія й муніцыпальнымі правы, давала значна больш свабоды, чымся яе мелі ў Расійскай імперыі падданыя самаўладнае царыцы Кацярыны ІІ. Менавіта каб спыніць пашырэнне на ўсход волялюбных ідэяў, расійская імперытарыца й захапіла рэшту беларускіх тэрыторыяў у двух апошніх падзелах Рэчы Паспалітай у 1793-м і 1795-м гадох, неўзабаве пасля прыняцця Канстытуцыі 3-га траўня 1791 года.

Як бы ні ацэньвалі тварцы ўстаўных граматаў мінуўшчыну свайго краю, ягоную будучыню яны бачылі аднолькава - незалежнасць і дэмакратыя: нацыянальна-персанальная аўтаномія, роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі; зямля без выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Гісторыя паказала заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, што адзіны шлях да справядлівага ўсенароднага дабрабыту — гэта дзяржаўная незалежнасць! І, як трэба разумець — ніякіх уніяў ці саюзаў ні на захад ні на ўсход, ні з Польшчаю, ні з Расіяй.

Ад часу трох устаўных граматаў Рады БНР і праз усе далейшыя гады ў беларускай гісторыі былі й ёсць незалежнікі: тысячы іх, шчырых працаўнікоў, герояў-мучанікаў, ведамых і няведамых. Вось жа на заканчэнне сказанага прапаную задумацца над гэтым шматзначным словам «незалежнік». Пашукайма ў гэтым слове зместу не гэтулькі «для народу», колькі для сябе асабіста, для свайго ўласнага жыццёвага компасу.

У вызвольным змаганні ёсць два аспекты: вонкава-калектыўны і ўнутрана-асабісты. Задумаймася над гэтым апошнім, унутрана-асабістым аспектам.

Слова «незалежнасць» значыць не быць у залежнасці ад каго-небудзь ці ад чаго-небудзь, інакш кажучы, быць самастойным у сваіх думках і ўчынках. Найлепш бараніць інтарэсы ўласнай краіны могуць толькі незалежнікі — людзі вольныя, незалежныя ад чужое волі, ад чужое ідэалогіі; вольныя ад няведы свае гісторыі й культуры, ад няздольнасці валодаць мовай продкаў. Няведанне нацыянальнай мовы асабліва згубнае, небяспечнае, бо ў чужой мове закладзеныя чужыя эмоцыі, чужыя ацэначныя крытэрыі й чужыя інтарэсы.

Спрадвечная мова свайго народу – гэтая не толькі словы, гэта й пачуцці, гэта й светагляд, светаўспрыманне й светаразуменне. Пра гэта сказана тысячы разоў найбольш выдатнымі мыслярамі чалавецтва: гісторыкамі, філосафамі, культуролагамі, філолагамі, псіхолагамі, рэлігійнымі дастойнікамі.

Вось адно з нядаўных красамоўных выказванняў на гэтую тэму — глыбокамысныя словы нунцыя Ватыкану ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці. У пасмяротным развітанні з волатам беларускага слова Рыгорам Барадулінам ён сказаў:

«Мова — гэта інструмент, якім карыстаецца Бог, каб размаўляць з народам. Таму яна святая і вартая, каб яе шанавалі й любілі, як маці. На гэтым інструменце Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мелодыі і дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосці».

Сёння, калі расійскамоўнасць выкарыстоўваецца Масквой як прычэпка для захопу суседскае тэрыторыі, валоданне нацыянальнай мовай – гэта фронт абароны Бацькаўшчыны, фронт абароны ейнай незалежнасці.

Абагульняючы сказанае пра Незалежнасць, хачу падкрэсліць:

Слова-лозунг «незалежнасць», ягоную практычную вартасць, ягоны ўплыў на хаду падзеяў лягчэй зразумець і ацаніць, калі яго разглядаць з гледзішча асабістага, персанальнага, не абстрагуючы яго на рэшту грамадства, на цэлы народ, а перш-наперш прыкладаючы яго да самога сябе, да самое сябе.

Змаганне за незалежнасць і абарона незалежнасці найбольш эфектыўныя, выніковыя, калі яны ўгрунтаваныя на персанальным разуменні каштоўнасці свабоды, на асабістай ведзе мінуўшыны роднага краю.

Быць незалежнікам значыць быць упэўненым, што асабістыя, уласныя перакананні, асабістыя ўчынкі арганічна ўплываюць на нацыянальна-масавыя падзеі, на хаду гісторыі свайго народу.

Асабістая веда, асабістыя перакананні ды абумоўленыя імі асабістыя ўчынкі — гэта той ручаёк, які зліваецца ў шырокую плынь, сэнс і мэта якое — ужыццяўляць ідэі папярэднікаў і свае ўласныя аб свабодзе, незалежнасці й народным дабрабыце.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

* Тэксты гэтых трох дакументаў гл. у: Сяргей Шупа, Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том І, кн. 1. (Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва – Таварыства Беларускага Пісьменства – Наша Ніва. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998), сс. 46-47, 52-53, 62-63.

Янка Запруднік — беларускі гісторык, журналіст. Нар. у 1926 г. у Міры (сёння Карэліцкі раён). Жыве ў ЗША. Улетку 2013 г. выйшла яго кніга «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)

 
Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.