Выйшаў пяты нумар інтэрнэт-часопіса "САКАВІК"

Напярэдадні Дня Волі выйшаў новы нумар інтэрнэт-часопіса "САКАВІК". Запрашаем пазнаёміцца з прадмовай рэдактара да гэтага нумару.

Дарагія сябры!

Роўна год прайшоў з часу публікацыі першага нумара вэб-часопіса “САКАВІК”. Часопіс выходзіць раз на тры месяцы. Рады паведаміць, што за год наш часопіс наведалі больш за 2200 чытачоў (каля 6300 праглядаў). Прыемна таксама адзначыць, што асноўную частку нашай аўдыторыі складаюць наведвальнікі з Беларусі (57%). Нас чыталі ў 38 краінах, сярод самых нядаўніх да нас далучыліся чытачы з Бразіліі, Новай Зеландыі, Інданэзіі.

На старонках часопіса “САКАВІК” у пяці нумарах апублікаваныя 23 артыкулы дзесяці аўтараў (пяць аўтараў з Беларусі, чатыры аўтары з Канады і адзін аўтар з ЗША). Агульны аб'ём друкаваных матэрыялаў у пяці нумарах часопіса склаў 270 старонак. Часопіс прымае для публікацыі артыкулы пераважна на беларускай мове, аднак публікацыі на іншых мовах таксама вітаюцца: з 23 апублікаваных артыкулаў 18 - на беларускай мове, тры - на англійскай, і два - на рускай. Асноўны напрамак часопіса - падтрымка і развіццё беларускасці: у адпаведнасці з гэтым у артыкулах даецца аналіз сітуацыі ў Беларусі і шляхоў рэалізацыі нацыянальнай ідэі (V.Kozlova, №1, 2, 5; П.Мурзёнак, №1, 4, 5), разглядаюцца пытанні самаідэнтыфікацыі і свядомасці беларусаў (В.Воранаў, №1; Г.Туміловіч, №1; І.Хадарэнка, №3; А.Згерскі, №4), развіцця грамадства з пункту гледжання тэарэтычнай культуралогіі (М.Крукоўскі, №4), выказана і абгрунтавана гіпотэза аб існаванні ўсходнеславянскай беларуска-ўкраінскай цывілізацыі (П.Мурзёнак, №2, 3), пра хараство краіны і любоў да Беларусі вы можаце пачытаць у эсэ П.Севярынца (№3), арыгінальная інфармацыя пра абразы Прасвятой Багародзіцы ў Беларусі падаецца архіяпіскапам Святаславам Логіным, Першаярархам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (№5),  інфармацыя аб арганізацыі фестываляў арганнай музыкі на Пастаўшчыне і Глыбоччыне - у артыкуле Т.Стружэцкага (№4), змешчаныя пераклады на беларускую мову Л.Рыда (В.Воранаў, №1) і прамовы Н.Мандэлы (П.Мурзёнак, №4), а таксама эсэ Г.Туміловіч пра творчасць і намінацыю кнігі С.Алексіевіч на нобелеўскую прэмію (№5).

У пятым нумары вы знойдзеце артыкул П.Мурзёнка "Нацыя і свабода", прысвечаны аналізу фактараў, якія ўплываюць на ўмацаванне нацыянальнай свабоды. Пытанні, якія разглядаюцца ў гэтым артыкуле і ў артыкуле В.Казловай, вельмі сугучныя тым драматычным падзеям, якія цяпер адбываюцца ва Украіне. Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны прадэманстравала вялікую пагрозу для будаўніцтва нацый падвойных стандартаў, што ўжываюць як Расія, так і ЕС і ЗША. Агрэсія Расіі таксама паказала глыбокі падзел, які існуе паміж еўразійскай і ўсходнеславянскай беларуска-ўкраінскай цывілізацыямі (гл. часопіс "САКАВІК", №2 і №3).

Кажучы пра арганізацыйныя пытанні, адзначым, што часопіс публікуецца толькі ў электронным фармаце і размешчаны на вэб-сайце www.sakavik.net. Апроч матэрыялаў самога часопіса "САКАВІК", мы размяшчаем на вэб-сайце матэрыялы з другіх крыніц. Усе публікацыі, падрыхтаваныя менавіта часопісам, ідуць з лагатыпам часопіса “САКАВІК”.

Матэрыялы, размешчаныя на вэб-сайце, размеркаваныя таксама па катэгорыях, уключаючы такія як “нацыя”, “нацыя беларусы”, “культура”, “Мова”, “гісторыя”, “асьвета”, “асобы”, “рэлігія” і іншыя. На сайце вы знойдзеце лінкі да выданняў і вэб-сайтаў, якія па духу блізкія нашаму часопісу, а менавіта да тых, якія адлюстроўваюць культуралагічныя і гістарычныя адметнасці беларускага народа і спрыяюць развіццю беларускасці. Паступова на сайт ставім партрэты знакамітых людзей, якія прынеслі гонар і славу нашай краіне. У рамках праекта "РАЗАМ" часопісам запачаткаваная бібліятэка слайдаў "БЕЛАРУСЬ НАЗАЎСЁДЫ", дзе выйшлі першыя тры серыі слайдаў: "Беларуская дзяржаўнасць",  Полацкае княства" і "Беларусы ў часы Вялікага Княства Літоўскага".

Абмяркоўваючы пытанні паляпшэння працы часопіса, хацелася б бачыць большую колькасць каментароў. Відавочна, што гэта залежыць не толькі ад якасці матэрыялаў, але і ад актыўнасці чытачоў.  Калі прасачыць каментатарскую актыўнасць на іншых вэб-сайтах, то ў гэтым сэнсе можна адзначыць, што беларускі чытач даволі сціплы. Тое ж самае можна сказаць і пра ўдзел чытачоў у праекце "РАЗАМ": пакуль што базу даных праекта ствараюць супрацоўнікі часопіса.

Мы звяртаемся да журналістаў, блогераў, чытачоў дасылаць свае матэрыялы ў наш часопіс. Што тычыцца аналітычных артыкулаў, то галоўнае пажаданне, каб не менш за палову аб'ёма займалі магчымыя рэкамендацыі  і шляхі вырашэння праблем, пра якія вядзецца ў артыкуле.

З найлепшымі пажаданнямі,

рэдактар часопіса Пётра Мурзёнак