«Засьпявай BY»: прыспеў час ствараць новую класіку!

Партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры падтрымцы парталу Tut.by абвяшчаюць конкурс для маладых выканаўцаў. Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс у студыі ў Мінску і звядзенне песні саўндпрадусарам гурта «Океан Ельзи» Уладам Яруном.

Да ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай BY: усё для старту!» запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросце 15—25 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост усіх удзельнікаў не мусіць перавышаць азначаны цэнз. Музыкам прапаноўваецца абраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і праспяваць яго ва ўласнай манеры. Музыка павінна быць аўтарская, спевы на чужую музыку і кавер-версіі не прымаюцца.

«Мы хочам даць шанец выявіць сябе таленавітым маладым асобам і прадаставіць ім магчымасць для годнага старту. Мы хочам, каб моладзь прасякалася і натхнялася добрай беларускай паэзіяй. Каб маладыя людзі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыццём з усімі», — кажуць завадатары конкурсу мецэнат Павал Бераговіч і кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Песня павінна быць запісаная ўжывую ў рок-стылістыцы ў яе шырокім разуменні (поп-рок, брыт-поп, бард-рок, інды-рок, арт-рок, джаз-рок). Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы, складзенае з маладых і паспяховых творцаў, а таксама аўтарытэтных паэтаў і музыкаў. У склад журы ўвойдуць: спявачка Паліна Рэспубліка, Віктар Рудэнка (спявак, кампазітар, лідар гурта Rostany), музыка і актор Vinsent, Алесь Кот-Зайцаў (вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance), Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурта Tonqixod), Віталь Рыжкоў (паэт), Алесь Дземідзенка (Re1ikt), Рома Жыгараў (Akute), Алег Хаменка (старшыня журы), Улад Ярун (старшыня журы).

У заяўку з пазнакай «Засьпявай BY» неабходна ўкласці:

  1. Анкету з пазнакаю: імя і прозвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон удзельніка. Калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца звесткі ўсіх яго ўдзельнікаў. 
  2. Дэма-запіс адной (!) песні ў аўдыё-фармаце слухабельнай якасці.
  3. Фотаздымак выканаўцы ці гурта.

Прымаем заявы на e-mail12tuzin@gmail.com да 1.05 уключна

Падвядзенне вынікаў адбудзецца да 14 траўня 2014 года. Імёны пераможцаў будуць абвешчаныя на сайце суарганізатараў конкурсу — парталу Tut.by i Tuzin.fm, а таксама на рэсурсах інфармацыйных партнёраў праекту.

Пераможцы атрымліваюць у якасці прызу Гран-Пры «Стартавы пакет», у які ўключаныя:

— Аранжаванне, запіс у студыі ў Мінску і звядзенне песні ўкраінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі») пры ўдзеле прафесійных музыкаў

— Прэм’ера песні ў выглядзе інтэрнэт-сынглу на рэсурсах-партнёрах праекту

— Рассылка па беларускіх радыёстанцыях

— Магчымасць прадставіць песню ўжывую на адным з канцэртаў у Мінску

Адмысловы прыз журы: прафесійны камплект абсталявання пачатковага ўзроўню Focusrite Scarlett Studio. Па рашэнні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі.

Прыспеў час ствараць новую класіку!