Год беларускай культуры ва ўкраінскім Ізяславе

4 сакавіка ў чытальнай зале раённай бібліятэкі Ізяслава распачалося "шэсце" Года беларускай культуры ва Украіне. Першаю вясноваю "ластаўкаю" года менавіта ў Ізяславе стала выстава сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры беларусаў свету. Перад прысутнымі выступіла загадчыца  юнацкага  аддзела бібліятэкі, у якім і размясцілася экспазіцыя выставы, спадарыня Таццяна Адамаўна Лісавік. Яна падзякавала кіраўніку беларускай суполкі "Зорка Венера" за дапамогу ў арганізацыі менавіта гэтай  выставы, а таксама за пастаяннае папаўненне беларускамоўнымі выданнямі (кнігі, часопісы, газеты) аддзела "Літаратура нацыянальных мяншыняў раёна" (палякаў, беларусаў, яўрэяў, расійцаў). Тыднёвік "Голас Радзімы" ўжо другі год запар трапляе ў бібліятэку адразу ж, як прыходзіць да кіраўніка суполкі з Мінска! А з гэтага года да яго далучаны і штомесячнік беларусаў ЗША з Нью-Ёрка "Беларус", які рэдагуе спадарыня Ганна Сурмач, з якою аўтар гэтых радкоў знаёмы асабіста па МГА “ЗБС "Бацькаўшчына", сябрам якой з’яўляецца ад самага пачатку яе ўзнікнення і па сёння... А зараз - непасрэдна пра тое, што ж пабачылі 4 сакавіка на стэлажах  і будуць бачыць на іх  з мажлівасцю патрымаць у руках, пагартаць, пачытаць наведвальнікі юнацкага аддзела Ізяслаўскай раённай бібліятэкі цягам 2014 года. Па-першае, гэта выданні класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове, а раман Я.Коласа "На ростанях" - на ўкраінскай мове; на ёй жа можна пабачыць і зборнік вершаў Еўдакіі Лось "Черемховий  поїзд"... Побач з мастацкім альбомам Янкі Купалы "А хто там ідзе?" на мовах народаў свету прыцягвае ўвагу  прывабна аформлены том вершаў беларускіх паэтаў "Мы беларусы" і шыкоўны расповед Уладзіміра Арлова "Адкуль наш род". Дапаможа паглыбіць веды на пытанне "Адкуль наш род?" і атлас "БЕЛАРУСЫ", у якім знаходзяцца дадзеныя па этнагеаграфіі, дэмаграфіі, дыяспары і канфесіях беларускага народу... Кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Барыса Пятровіча, Наталлі Арсенневай, Таісы Бондар, Сяргея Сыса, Сяргея Панізьніка, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Іны Снарскай - беларускамоўнай паэткі з украінскай Палтавы... Усяго 50 кніжак толькі пісьменнікаў і паэтаў! А яшчэ ж і выданні па беларускай культуры: "Гісторыя культуры Беларусі", "Кампазітары Беларусі", ”Этнаграфія Беларусі”, "Народнае мастацтва Беларусі"; выданні па беларускай гісторыі і шэраг іншых, у іх ліку і альбомы "Сцяг і герб беларускай дзяржавы", "Мінск"... СМІ прадстаўленыя "Голасам Радзімы", "Народнай воляй", "Беларусам", "Нашай нівай", "Нашым словам", "Культурай", беластоцкай "Нівай", віленскай "Рунню", латвійскім "Праменем", англамоўнымі "Беларусь" і "Мінскім часам", чэшскаю "Крывіяю", бюлетэнем МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” "Беларусы ў свеце". Сярод часопісаў можна пабачыць апошнія нумары "Роднага слова", "Дзеяслова" і "Мастацтва"... Буду рады, калі прачытаўшы мой допіс, кіраўнікі "Літаратуры і мастацтва", "Звязды", "Маладосці" і іншых беларускамоўных газет і часопісаў, якія не знайшлі сваіх выданняў ў пераліку прысутных на выставе ў Ізяславе, зробяць ласку і будуць дасылаць мне па 1-2 экзэмпляры. Гэтыя асобнікі абавязкова зоймуць свой годны пасад на стэлажах выставы! Тое самае датычыцца і беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў.

Мой паштовы адрас украінскаю мовай:

Петро Капчик, вул.Незалежності, 21/2, 30300 м. Ізяслав-1, Хмельницька область, УКРАЇНА.

Спадзяюся, што з вашаю дапамогаю выстава стане яшчэ больш прывабнай і прыцяне да сябе больш наведвальнікаў. Нягледзячы на цяжкі час у нашай дзяржаве, Год беларускай культуры ва Украіне распачаўся ў правінцыйным Ізяславе,  і будуць наперадзе ў яго святкаванні і новыя мерапрыемствы, пра якія я буду абавязкова вас, шаноўныя чытачы, інфармаваць!

Пятрусь Капчык, кіраўнік суполкі "Зорка Венера", г.Ізяслаў