Светлая памяць беларусу Украіны Якаву Зайко

22 лютага перад пачаткам пасяджэння Вярхоўнай рады народныя дэпутаты і ўсе прысутныя ў зале ўшанавалі хвілінай маўчання Якава Зайко, які памёр 18 лютага на 74-м годзе жыцця і быў пахаваны ў Жытоміры 21 лютага 2014 г.

“18 лютага ў Кіеве, на вуліцы Інстытуцкай загінуў наш калега, дэпутат першага склікання Зайко Якаў Якаўлевіч. Пісьменнік, мастак, патрыёт, які быў учора пахаваны ў горадзе Жытоміры... Прашу памянуць усіх яго памяць хвілінай маўчання” , - звярнуўся да прысутных у зале пасяджэнняў Вярхоўнай рады народны дэпутат ад Жытоміра Генадзь Зубко.

Якаў Зайко - народны дэпутат Украіны першага склікання, журналіст, рэдактар​​, стваральнік мірнай “жытомірскай рэвалюцыі” 1989-1990-х гг. Ён нарадзіўся 4 красавіка 1940 года ў Беларусі, у вёсцы Дзяляцічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Жыццё прысвяціў журналістыцы. З 1984 года рэдагаваў інфармацыйны веснік “Новости Житомирщины”, быў сакратаром праўлення абласной арганізацыі Саюза журналістаў Украіны. З 1989 года - старшыня журналісцкага кааператыва “Посредник” , галоўны рэдактар ​​газеты “Трудовая Волынь”, галоўны рэдактар ​​газеты “Стенограмма” , “Фермер - свободный крестьянин” (г. Кіеў). Як народны дэпутат Украіны першага склікання (1990-1994) уваходзіў у склад Камісіі па галоснасці і сродках масавай інфармацыі, быў адным з заснавальнікаў Народнага савета.

Беларуская абшчына Украіны смуткуе аб страце і выказвае самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

belukrresurs.org

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выгазвае глыбокія спачуванні сваякам, сябрам і калегам Якава Зайко. Светлая памяць!