У Варшаве прайшла беларуская дыктоўка

Сёлета Беларуская нацыянальная памяць прысвяціла мерапрыемства загінулым і пратэстуючым на Майдане. У якасці тэксту для дыктоўкі быў выбраны верш Тараса Шаўчэнкі “Запаведзь” у перакладзе Янкі Купалы. Як гаворыць арганізатар дыктоўкі Анатоль Міхнавец, у гэтым годзе дыктоўка не будзе мець пераможцаў і ўзнагарод:

- Мы гэтым вершам хацелі выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам, які змагаецца, які перамог і, спадзяюся, дацісне гэтую акупацыйную маскальскую гадзіну. І тыя ідэалы, пра якія пісаў Шаўчэнка, і за якія ён змагаўся, урэшце рэалізаваныя. Чарга цяпер за Беларуссю. Украінцы змагаюцца, таму што яны – украінцы, яны ведаюць сваю мову, сваю гісторыю, таму што яны нацыяналісты ў добрым сэнсе гэтага слова. І пакуль мы, беларусы, не будзем ведаць хто мы, не будзем ганарыцца сабой, мы не пераможам. Таму беларуская мова – гэта першы крок да таго, каб мы ўрэшце пачалі сябе паважаць. І нас будуць паважаць іншыя.

На ўкраінскай мове верш прачытала ўкраінская журналістка Юлія Гогаль. Таксама ў час дыктоўкі падпісалі паштоўкі для палітвязьня Яўгена Васьковіча, дзень народзінаў якога прыпадае на 26-га лютага.