У Празе гучаў беларускі шансон

16 лютага у Празе ў музычным клюбе U Lažanských адбылася нефармальная прэм’ера новага праекту Змітра Вайцюшкевіча «Варанок» — зборніка беларускіх турэмных песень.

Паводле аўтара, гэта першая спроба беларускамоўнага шансону — музыкі, разлічанай не на экспертаў, а на кіроўцаў таксі, хатніх гаспадыняў і іншую шырокую публіку. Ідэя праекту належыць паэту Генадзю Бураўкіну, ён жа напісаў амаль усе тэксты для дыска, які рыхтаваўся некалькі гадоў. «У гэтых 12 песнях прасочваецца гісторыя чалавека ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Гэта можа быць турма, а можа быць і абмежаваньне волі ў цэнтры гораду. Некаторыя кажуць, што сёння і школа ёсць таксама турмой, з чаго я раблю выснову, што панятак „турма“ стаў значна шырэйшы. У песнях з альбому „Варанок“ мы імкнуліся расказаць пра чалавека ў цяжкіх жыццёвых абставінах, калі частка яго жыцця ўжо пражытая і за спінай пагарэлі масты, а будучыня яшчэ не акрэсленая. У гэтым зборніку ёсць месца для іроніі, для аптымізму, для асэнсавання пражытага. Мне здаецца, што гэта патрэбная праца. На што гэты альбом падобны? — Думаю, тыя, хто любіць расійскі шансон, скажуць, што „Варанок“ бліжэй да расійскага шансону. Тыя, хто ведае французскі шансон, заўважаць лірычныя моманты. Але мне здаецца, што мы ставілі задачу найперш стварыць свой, беларускі шансон», — кажа музыка.
На канцэрт прыйшлі каля сотні чалавек, пераважна беларусаў, якія жывуць у Празе. Музыка прадставіў таксама свае песні на словы Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка. Вайцюшкевіч, які ў 2010 годзе ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Уладзіміра Някляева, выказаў шкадаванне, што ягоныя канцэрты ў Беларусі забароненыя, і ён мае магчымасць выступаць толькі па-за межамі Беларусі — ў Расіі, Польшчы Чэхіі. Як распавёў Зміцер Вайшюшкевіч «Свабодзе», ён рыхтуе новы праект, звязаны з Чэхіяй. Увосень мае выйсці альбом, у якім па-беларуску прагучаць песні знакамітага чэшскага барда Яраміра Ногавіцы.