У Гайнаўцы паказалі купалаўскую “Паўлінку”

У гайнаўскім Музеі і асяродку беларускай культуры прайшла прэм’ера спектакля паводле камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”. Адаптавала тэкст да пастаноўкі і рэпетавала з вучнямі і выпускнікамі гайнаўскага ліцэя Яанна Стэльмашук-Троц. Яна адзначае, што “тэкст Купалы актуальны і ў наш час”:

- Вучні і выпускнікі самі выступаюць у спектаклі, яны больш даведаліся пра творчасць Янкі Купалы. Прачыталі больш ягоных вершаў. І не толькі пра любоў да Айчыны, але і пра любоў да жанчыны. Яны прачыталі “Паўлінку” і сказалі, што гэта выдатная п’еса.

“Паўлінка” – гэта другі спектакль пасля пастаноўкі “Не пашанцавала” паводле Сакрата Яновіча, падрыхтаваны Тэатральнай групай беларускага музея. Галоўную гераіню, Паўлінку, прадстаўляла Магдаліна Гаўрылюк.