Доктара Глагоўскую звальняюць з Беластоцкага ўніверсітэтa

Даследчыцу Лену Глагоўскую звальняюць з Беластоцкага ўніверсітэта, дзе яна адпрацавала 15 гадоў. За гады сваёй працы на кафедры беларускай культуры яна напісала сотні навуковых і папулярна-навуковых артыкулаў, адрэдагавала 30 кніжак, і гэта няпоўны пералік вынікаў яе працы. Нядаўна доктар Лена Глагоўская атрымала чарговую навуковую ступень:

- Далей – гэта толькі прэзідэнцкая намінацыя. Аказваецца, што мае веды студэнтам на філалагічным факультэце не патрэбныя.

Рашэнне кіраўніцтва факультэту тым больш здзіўляе, што праца выкладчыцы была ацэнена пазітыўна адмысловай камісіяй:

- Кожны навуковы супрацоўнік універсітэта атрымлівае праз пэўны час ацэнкі за навуковую, дыдактычную, арганізацыйную сваю дзейнасць. Мяне ацэньвалі за два апошнія гады, і ацэнка маёй агульнай дзейнасці – пазітыўная.

Рэктар унівэрсітэта ў Беластоку ў вуснай размове паведаміў Лене Глагоўскай, што звальненне звязанае з фінансавымі цяжкасцямі ўстановы. Як кажа выкладчыца, калі ўлады ўніверсітэта будуць выкарыстоўваць выключна фінансавыя аргументы, то кафедра беларускай культуры хутка можа быць поўнасцю ліквідавана.