Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” шчыра віншуюць з пяцідзесяцігадовым юбілеем дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганну Уладзіславаўну Іванэ.
Прозвішча Ганны Іванэ непадзельна звязанае з Рыжскай беларускай школай.
Яна прыйшла на працу ў беларускую школу ў 1995 годзе маладзенькай настаўніцай праз год пасля заснавання школы нашым таварыствам, калі адчынiўся другi па лiку клас. І з таго часу ўжо амаль два дзесяцігоддзі ўсе свае сілы і веды, усю сваю любоў, цеплыню і пяшчоту Ганна Ўладзіславаўна аддае дзецям. Гэтыя два дзесяцігоддзі свайго жыцця яна, без перабольшвання, аддала беларускай школе, а з 2000 г. – узначальвае школу. Шчырая і самаадданая беларуска, філолаг беларускай мовы па адукацыі (Ганна Іванэ - аўтар ліцэнзаванай міністэрствам адукацыі Латвіі праграмы па беларускай мове), яна – цудоўны кіраўнік. Яе любяць усе – дзеці, бацькі і калегі-настаўнікі.
Мы ганарымся, што Ганна Уладзіславаўна Іванэ – добры сябра і дарадчык нашага таварыства, сябра Рады „Сьвітанка” на працягу двух дзесяцігоддзяў.
Двойчы – у 2003 г. і сёлета Ганна Іванэ была ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі за вялікі ўнёсак ў захаванне і развіццё беларускай культуры тут, у Латвіі. У 2003 годзе адзначана ганаровым лістом ад Прэзідэнта Латвіі В.Фрэйберга за ўшанаванне і выкладанне беларускай мовы.
Мы жадаем Ганне Уладзіславаўне здароўя, моцы і натхнення, каб надалей наша беларуская школа ў Рызе развівалася і расла, бо дзеці – наша будучыня. Хутка першыя вучні нашай шаноўнай юбіляркі прывядуць сваіх дзетак у Рыжскую беларускую школу. Зычым Ганне Ўладзіславаўне яшчэ шмат дзесяцігоддзяў гэтакай жа самаадданай і і творчай працы на карысць школе, а значыць і на карысць захавання беларускай мовы і культуры ў Латвіі.
Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак»
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” далучаецца да віншаванняў. Ад усёй душы зычым спадарыні Ганне Іванэ заўсёднай душэўнай маладосці, радасці, творчага імпэту ды натхнення, а таксама, безумоўна, выдатнага здароўя, шчасця і здзяйснення задуманага!