Жаніцьба Цярэшкі ў Іркуцку

Кацілася кола з клеці,

А жывіце добра дзеці!

А жывіце, не сварыцеся,

У загрудкі не вадзіцеся!

 

28 снежня 2013 года ў Гісторыка-мемарыяльным комплексе «Сядзіба В.П. Сукачова» МК «Крывічы» правёў традыцыйнае беларускае абрадавае свята Каляднага цыклу "Жаніцьба Цярэшкі". Свята гэтае для іркуцкай моладзі і да гэтага дня не страціла актуальнасці. Юнакоў і дзяўчат прыцягвае адмысловая эстэтыка дзеянняў і лагодная атмасфера. Забыцца на час пра ўсё і адчуць сваю ўласную выключнасць хочацца кожнаму і кожнай. У галовах луналі думкі: "Ён выбярэ менавіта мяне!..", "Яна глядзіць толькі на мяне!..".

У драўляным двухпавярховым будынку былой стайні купцоў Сукачовых сабралася каля 60 чалавек. У іх ліку былі таксама дзеці і людзі старэйшага пакалення. Вядома ж, усе прыйшлі павесяліцца і задаволіць сваю цікаўнасць. Як склаліся пары? Як пакажуць сябе ў танцах?

Вядучыя мерапрыемства - Бацька і Матка - пажанілі 18 параў дзядулек і бабулек (для тых, хто не ведае, растлумачу: падчас "Жаніцьбы Цярэшкі” дзядулькамі і бабулькамі прынята называць юнакоў і дзяўчат). А каб ім лепш і лягчэй выбіралася, ансамблі "Крывічы" і "Званочкі" спявалі адпаведныя калядныя песні. Маленькія дзяўчынкі тым часам пахіхіквалі і абмяркоўвалі рост, целасклад, колер валасоў, адзенне - увогуле ўсе тыя параметры, па якіх, на іх думку, падыходзілі людзі адзін аднаму ці наадварот.

Як у пары усіх аб'ядналі, прыйшоў час Цярэшку затанцаваць. Пачалі, вядома ж, з Лявоніхі, потым пайшлі Верабей, Полька задам, Полька Агата, Матлет, Падгорная, Лысага, Марынінскі кракавяк... Трэба сказаць, што такое выпрабаванне вынеслі не ўсе пары. Раз-пораз то адна, то другая пара прысаджвалася перавесці дух. Усе танцы былі парнымі, і партнёрамі ніхто не мяняўся. Такія тайныя правілы гэтага вечара... Сем патоў сышло за час танцаў. Разгарачаным і стомленым дзядулькам і бабулькам за радасць было ўжо проста спыніцца і пастаяць.

Спыніліся... А чаго дарма стаяць? Накрылі стол і пачалі частавацца. Чым багаты, тым і рады. І парадавацца было чаго. Леанід Ільіч са свайго пчальніка мёду прынёс. Святаслаў Макараў хлеба спёк на заквасцы з насеннем лёну, мяса натушыў. Соня Кулікова дранікаў напекла. Святлана Бастракова кашу з арэхаў і садавіны прынесла. Яшчэ было сала, бульба, каўбаса...

Шкада толькі, часу было замала. Але ж так заўсёды: як ні збярэмся - разыходзіцца не хочацца.

Вялікі дзякуй гаспадарам дома Наталлі Ганчарэнка і Вользе Зангеевай за тое, што далі памяшканне! Нам заўсёды прыемна ў вас бываць.

Дзякуй "Званочкам": Ганульцы і Настульцы Чупраковым, Соні Куліковай, Лізе Таранушэнка - за вашыя песні!

Дзякуй актыўным "Крывічам" за арганізацыю і правядзенне мерапрыемства!

Дзякуй усім гасцям - мы заўсёды вам вельмі радыя!

Воля Галанава