Энтузіясты ратуюць унікальныя беларускія фільмы

Сёння ў мінскім Музеі кіно кожны ахвотны можа пабачыць рэдкія стужкі 1920­-х, 30­-х, 60­-х гадоў. Гэта стала магчымым дзякуючы Андрэю Скуратовічу: з яго ініцыятывы збіраюцца грошы на выкуп правоў, рэстаўрацыю і алічбоўванне старых стужак.

«Высветлілася, што ў расійскіх архівах ёсць беларускія стужкі 20-­х, 30­-х, якія ў нас ніхто ці амаль ніхто не бачыў, — расказвае спадар Скуратовіч. — Некаторыя хацелася паглядзець — таго ж «Кастуся Каліноўскага» ці «Палескіх рабінзонаў». Сабраліся зацікаўленыя людзі, разам з якімі ўдалося аплаціць алічбоўванне і рэстаўрацыю, дамовіцца з праваўласнікамі. Удаецца вярнуць 6—7 фільмаў на год.

У 2012-м мы пашырылі нашае кола, бо зацікаўленасць у людзей была: напрыклад, у Беларусі не засталося копій нават фільмаў 70-х.

Ці іншая сітуацыя: у беларускім архіве засталася адзіная копія фільма — у плёнкі рэсурс роўны 150 праглядам, а пасля яна становіцца непрыдатнай. Цяпер выкупленыя намі стужкі накіроўваюцца ў Музей кіно, у архівы тэлеканалаў, Тэатральна­мастацкую акадэмію…

«НН»: А як асабіста Вы заняліся старым беларускім кіно?

АС: Пачалося з таго, што я шукаў арыгіналы беларускіх падпольных фільмаў 1960-х. На пачатку 60-х у Мінск з Піцера прыехаў цэлы курс кінаінжынераў, якія разам адвучыліся, умелі здымаць, манціраваць. А Мінск 60-х пасля Піцера быў месцам змрочным. І гэтыя хлопцы пачалі здымаць сваё кіно — нешта сярэдняе паміж КВЗ і капуснікам. Ніякай крамолы там не было, аднак і «зверху» іх ніхто не кантраляваў. І дзейнічалі яны аж да сярэдзіны 1970-х: у 1968­-м іх прыціснулі першы раз, былі допыты ў КДБ, ператрусы, аднак пасля фільмы здымаліся да 1974­-га. Удзельнік тых падзеяў цудам захаваў арыгінал аднаго з фільмаў. З яго і пачалося.

«НН»: З таго, што ўжо ўдалося вярнуць з Расіі, якія фільмы, на Вашую думку, заслугоўваюць найбольшай увагі?

АС: Цікавы перыяд — 1920-я, да канчатковага станаўлення сацрэалізму. Гэта і «Лясная быль», і «Кастусь Каліноўскі». Ці, напрыклад, фільм 1937-га «Салавей», які пасля быў забаронены. Або «Зялёныя агні», «Несцерка», цэлы пласт беларускай анімацыі — каля 20 мультфільмаў. Ці выдатны фільм «Пушчык едзе ў Прагу».

«НН»: Што ў найбліжэйшых планах?

АС: Фільм «Шчасце трэба берагчы» 1958 года, ён вельмі запатрабаваны гледачамі, бо там можна ўбачыць Мінск канца 50-х, яшчэ не цалкам адноўлены.

Ці першы гукавы фільм «Першы ўзвод». Па сюжэце гэта, канечне, найжахлівейшая прапаганда, аднак зняты ён па-беларуску і зняты да моўнай рэформы 1933 года, таму беларуская мова там рэдкая па чысціні.

Ёсць цэлы пласт дакументальных стужак 60-х. У Мінску былі дзве кінастудыі: адна — «Беларусьфільм» на праспекце і другая — у Чырвоным касцёле, якая адказвала за дакументальнае кіно. Свае дакументальныя фільмы на той студыі здымаў, сярод іншых, Караткевіч. Праіснавала такая магчымасць да падзеяў у Празе ў 1968, пасля студыя была скасавана.

«НН»: Колькі каштуе рэстаўрацыя стужкі?

АС: У сярэднім 550 расейскіх рублёў за адну частку (дзесяць хвілін). Да таго ж, даваенныя фільмы трэба чысціць ад грыбка і цвілі. Такім чынам адзін фільм на паўтары гадзіны каштуе каля 150 даляраў.

Паўдзельнічаць у вяртанні беларускага кіно можа кожны. Падрабязная інфармацыя на сайце.

Юрась Ускоў