Мастакоў заклікаюць далучыцца да стварэньня помніка Манюшку

Да 200-годдзя з дня нараджэння славутага кампазітара ў Мінску з'явіцца яго помнік.

Ініцыятыву грамадскасці падтрымаў Мінгарвыканкам. Помнік аўтару славутай оперы “Ідылія” ўсталююць да 2019 года на Плошчы Свабоды ў самым сэрцы беларускай сталіцы.

Паводле аднаго з ініцыятараў усталявання помніка Манюшку Дзяніса Салаша, які летась разам з гісторыкам Алесем Белым пачаў збор подпісаў за помнік, рашэнне мінскіх уладаў канчатковае. Наступным крокам мае быць узгадненне праекту. Пакуль не вырашана, ці на Плошчы Свабоды паўстане асобны помнік кампазітару, ці гэта будзе спалучаны помнік разам з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Д. Салаш: Па гэтым пытанні быў сабраны мастацкі савет. Было некалькі заўваг, што, магчыма варта, каб Станіслаў Манюшка адзін асобна стаяў, каб помнік выразна датычыў яго асобы. Ідэя з Дуніным-Марцінкевічам таксама выдатная, але, бадай, лепш, каб гэта былі два асобныя помнікі.

Помнік разьмесціцца ў скверы паміж Ратушай і гасцініцай “Еўропа”, тварам да гатэлю, там дзе й планавалі Белы з Салашам.

Збор подпісаў за ўсталяванне ў Мінску помніка Манюшку пачаўся паўгода таму. Пад інтэрнэт-петыцыяй паставілі свае подпісы больш за 4 тысячы чалавек. Акрамя гэтага, ідэю падтрымала больш за сотню вядомых дзеячаў навукі, культуры, бізнэсу. Менавіта гэта, на думку сп. Салаша, найбольш паўплывала на рашэнне Мінгарвыканкама.

Д. Салаш: Паўплывалі імёны. Гэта сотня самых вядомых людзей у краіне.

Княгіня Аліна Радзівіл, музыказнаўца Віктар Скарабагатаў, уладальнік партала tut.by Юры Зісер. Аўтарытэт падпісантаў вельмі важны.

Да хуткага й пазітыўнага адказу ўлады, на думку Салаша, схіліла й неканфліктнасць асобы, якой усталёўваецца помнік.

Д. Салаш: Падобна на тое, што мы трапілі “ў дзясятку”. Гэта музыкант, сусветна вядомая асоба. Гэта прэстыж для дзяржавы й таго ўраду, які прымае рашэнне пра такі помнік.

На паседжанні мастацкага савету быў разгледжаны й першы эскізны праект. Гэта праца мастакоў, бацькі й сына, Гумілеўскіх. Гэта ім належыць ідэя з падвойным помнікам Манюшку й Дуніну-Марцінкевічу. Але, як выявілася, гэтая ідэя выклікала незадаволенасць мінскіх гісторыкаў. Манюшка й Дунін-Марцінкевіч, нягледзячы на тое, што працавалі разам, але прыватна ненавідзілі адзін аднаго. Да таго ж, праект прадуглежвае, што яны сядзяць абодва на лавачцы. Аднак у Мінску ў сярэдзіне ХІХ ст. не было лавак.

Ініцыятары ўсталявання помніка лічаць, што без грамадскага абмеркавання й конкурсу на найлепшы эскіз не абысціся. Яны заклікаюць нацыянальных скульптараў праявіць ініцыятыву й далучыцца да стварэння помніка Станіславу Манюшку ў Мінску.

Дзмітры Гурневіч