Экс-амбасадар Браян Бэнэт узначаліў Англа-беларускае таварыства

Шматгадовага кіраўніка Англа-беларускага таварыства Джэймса Дынглі змяніў былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт.

Чарговы сход Англа-беларускага таварыства прайшоў у Лондане, у будынку беларускай каталіцкай місіі (Marian House — Дом Марыянаў). Грамадская арганізацыя, створаная ў 1954 годзе, аб’ядноўвае жыхароў Вялікабрытаніі, якія цікавяцца Беларуссю, жадаюць з ёй супрацоўнічаць, папулярызаваць беларускую культуру ў Вялікабрытаніі. Папярэдні старшыня арганізацыі — вядомы беларусіст, перакладчык Джэймс Дынглі. У працы таварыства ён удзельнічае ўжо паўстагоддзя і двойчы ў розныя гады быў яго старшынёй. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што вельмі хацеў бы прывезці ў Англію гурт «Троіца», але на гэта не стае грошай. Паводле ягоных словаў, беларуская амбасада ў Лондане не надта дапамагае наладжваць культурныя сувязі: «Я сустракаўся і з папярэднімі амбасадарамі, і з сённяшнім амбасадарам Сяргеем Алейнікам. Кантакты ёсць. Але няма ніякіх вынікаў з тых кантактаў». Сход абраў новым старшынёй Англа-беларускага таварыства Браяна Бэнэта, амбасадара Злучанага Каралеўства ў Беларусі ў 2003–2007 гадах. Сябры таварыства спадзяюцца, што ягоны дыпламатычны досвед дапаможа больш актыўна набліжаць Беларусь да брытанцаў. «Я спадзяюся, што люблю Беларусь не менш за папярэдняга старшыню спадара Дынглі. І жадаю падбадзёрваць Англа-беларускае таварыства рухацца наперад», — заявіў спадар Бэнэт пасля абрання. У найбліжэйшых планах АБТ — адзначэнне гадавіны паўстання Каліноўскага і канцэрт дударскай музыкі. З беларускімі дударамі на адным канцэрце жадаюць звесці знакамітых на ўвесь свет шатландскіх. Сярод сяброў Англа-беларускага таварыства — і этнічны кітаец Рафаэль Цзыўай, малады архітэктар, аўтар праекту беларускай уніяцкай царквы ў Лондане. «Я зачараваны Беларуссю. Гэта надзвычайна цікавая краіна, і яе вельмі мала разумеюць на Захадзе. Дагэтуль многія думаюць, што гэта нейкая частка Расіі — а гэта ж зусім не так». Каб стварыць праект царквы, Рафаэль мусіў добра вывучыць гісторыю й культуру Беларусі, бо хацеў стварыць менавіта беларускую царкву. «Толькі я прашу, — папярэджвае Рафаэль, — цяпер часта гэты праект звязваецца з маім імем, нібыта я адзін усё прыдумаў. А гэта не так, вынік быў бы немагчымы без дапамогі айца Сяргея з Дому Марыянаў, гісторыка, а цяпер брытанскага юрыста Міколы Пачкаева і вядомай даследчыцы й тэолага Ірыны Дубянецкай, па сумяшчальніцтве — маёй хроснай маці».