Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алесь Адамковіч. Віленскай беларускай гімназіі – 95!

Віленская беларуская гімназія ўзгадавала не адно пакаленне шчырых і самаадданых патрыётаў Беларусі. Афіцыйна гімназія была адчынена 4 студзеня 1919 г. загадам міністра адукацыі Літоўскай Тарыбы Міхаіла Біржышкі (Mykolas Biržiška), хаця неафіцыйна гімназія існавала з 1918 г. Тады яна называлася 1-ая Віленская беларуская гімназія, бо ў Вільні планавалася адкрыццё яшчэ некалькіх беларускіх гімназій. На жаль, па палітычных прычынах гэтага не адбылося. Варта адзначыць, што час заканчэння Першай сусветнай вайны, стварэння БНР і Сярэдняй Літвы быў надзвычай спрыяльным для беларускага школьніцтва. У адной толькі Віленскай і Гарадзенскай школьных акругах было створана 400 беларускіх школ. У Вільні ў 1920 г. акрамя гімназіі існавала 7 пачатковых беларускіх школ. У 1932 г. Віленская беларуская гімназія была пераўтворана ў Беларускаю філію польскай гімназіі імя Славацкага, а ў 1938 годзе ў філію гімназіі імя А. Міцкевіча. З перадачай Вільні Літве ў 1939 г. Гімназія была пераўтворана ў прагімназію і праіснавала да нямецкай акупацыі. У 1941 г. статус гімназіі быў зноў адноўлены, праўда, яна была аб'яднана з рускай гімназіяй і называлася Беларуска-рускай гімназіяй, але ў такім выглядзе праіснавала каля года. У 1942 г. гімназія была раздзелена на асобныя Беларускую і Рускую гімназіі, такім чынам яна зноў атрымоўвала поўную самастойнасць. У траўні 1944 г. гімназія ўрачыста адзначала свой сярэбраны юбілей. Цікава, ці думаў тады хто з прысутных на юбілеі, што гэта не толькі апошняе свята гімназіі, але і апошнія дні яе існавання, бо набліжаўся так званы чырвоны фронт, з прыходам якога тут распачалася новая хваля рэпрэсій, пад якія патрапіла і Беларуская гімназія. Такім чынам, установа праіснавала 25 гадоў.

Крыніца: http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/f/f2/Vilenskaja_bie%C5%82aruskaja_gimnazija-1.jpg
 
Першым дырэктарам быў Міхаіл Кахановіч (1882-1934), які кіраваў гімназіяй з 1918 г. па 1922 гг. Сярод першых выкладчыкаў былі: Міхал Кахановіч, кс. Адам Станкевіч, кс. І. Бобіч, пратаірэй Міхаіл Пліс, Маісей Абрамовіч, Максім Гарэцкі, Леаніла Гарэцкая, Францішак Аляхновіч, Яўгенія Юзврэк, Наталля Банцэлебан, Юліяна Мэнке, Фаіна Мікуліна, Фелікс Згірскі, Генадзь Багдановіч, Янка Катовіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Алена Сакалова, Вацлаў Багдановіч, Ніна Сасноўская, Андрэй Якубецкі, Антон Краскоўскі, Мікалай Катовіч, Янка Далінскі, Вольга Мароз, Антон Кадзевіч, Карол Русаў, Антон Кошчык. У самой гімназіі навучаліся не толькі беларусы. Па звестках на 1921 г. навучалася: 264 беларусы, 1 паляк, 11 рускіх, 1 татарын, 59 жыдоў, 7 немцаў, 3 літоўцы; паводле веравызнання: 38 каталікоў, 8 старавераў, 59 юдэяў, 2 магаметаніны, 12 лютэранаў, астатнія праваслаўныя.
Крыніца: http://gymnasiums.iatp.by/image/vil2.jpg
 
У гімназіі выкладаліся наступныя прадметы: рэлігія (праваслаўная, каталіцкая, юдэйская), беларуская, польская, лацінская, руская мовы, гісторыя, геаграфія, фізіка, хімія, матэматыка, прапедэйтыка філасофіі, каліграфія, гімнастыка і інш. Большасць прадметаў выкладалася па-беларуску: рэлігія, нямецкая мова, лацінская мова, сусветная гісторыя, прыродазнаўства, прапедэўтыка фізікі, фізіка, хімія, касмаграфія, матэматыка, прапедэўтыка філасофіі, каліграфія, рысаванне, спевы, гімнастыка, палітычная геаграфія, права. Па-польску: паланістыка, гісторыя Польшчы, геаграфія Польшчы, навука аб сучаснай Польшчы.
Наступнымі дырэктарамі гімназіі былі: Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, Сяргей Паўловіч, Міхалевіч, Мікалай Анцукевіч, Адам Станкевіч, Барыс Кіт, Францішак Грышкевіч і інш. Сярод найбольш вядомых выкладчыкаў і выпускнікоў гімназіі: Максім Гарэцкі, Наталля Арсеньева, Мар'ян Пецюкевіч, Янка Станкевіч, Язэп Драздовіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч і шмат іншых вядомых асобаў. Прыйдзе час, і Віленская беларуская гімназія ў гісторыі сучаснай Беларусі зойме адно з асноўных месцаў.
 
Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.