Усе “Беларусы ў свеце” на Kamunikat.org

Нумары бюлетэня “Беларусы ў свеце”, які ўжо 13 гадоў выдаецца Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, цяпер даступныя ў інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org!

Бюлетэнь-штомесячнік адлюстроўвае важныя падзеі ў жыцці беларускай беларускай дыяспары, яе набыткі і страты, праблемы і поспехі.

На старонках бюлетэня вы знойдзеце ўражанні тых, хто ўдзельнічаў у з’ездах беларусаў свету і ў іншых знакавых падзеях жыцця беларускай дыяспары, пазнаёміцеся з навінамі культурнага і палітычнага жыцця беларусаў замежжа, даведаецеся, як беларусы ў розных краінах і ў розныя гады святкавалі Дзень Волі, сустракалі Каляды ці ўшаноўвалі памяць продкаў на Дзяды, а таксама як яны адзначалі іншыя святы - нацыянальныя, народныя або ўласныя, такія, як юбілеі беларускіх суполак.

Многім будзе цікава пачытаць гутаркі з прадстаўнікамі беларускага замежжа і даследчыкамі беларускай эміграцыі або, напрыклад, пазнаёміцца з кніжнымі выданнямі беларускай дыяспары ці пра беларускую дыяспару.

Усё гэта ёсць у бюлетэні “Беларусы ў свеце”. І нездарма да яго звярталіся і звяртаюцца навукоўцы і студэнты, якія займаюцца вывучэннем беларускай эміграцыі, як і тыя, каго проста цікавіць жыццё беларусаў незалежна ад краіны іх пражывання.

Любы ахвочы можа спампаваць патрэбны нумар у фармаце .pdf (для некаторых нумароў даступны таксама фармат .djvu).

Некалькі нумароў бюлетэня, якія пакуль адсутнічаюць, хутка таксама з’явяцца на сайце Камуніката.

Прыемнага чытання!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”